«Перадача Данецкай вобласці Расіі створыць умовы для агрэсіі супраць Украіны з больш выгадных пазіцый»

Амерыканскія вайсковыя эксперты не лічаць, што Трамп мае рацыю, калі кажа, што Украіна страціць Данбас праз паўгода. Наадварот, «бітва за Данбас» можа сур'ёзна падарваць магчымасці арміі РФ. А тым часам ў «мірным пагадненні» вымалёўваюцца канкрэтныя сцэнары дзеянняў. Ідуць 1387-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

597655671_1209373521375724_2240224626806648735_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 234 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 снежня. 

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 штурмаў расіян ў раёнах Ніканараўкі, Разіна, Новаэканамічнага, Зверава, Котліна, Удачнага, Новамікалаеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 27 разоў каля Новаягораўкі, Грэкаўкі, Навасёлаўкі, Зарэчнага, Торскага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 23 атакі паблізу Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Русінага Яру, Яблонаўкі і іншых.

На Аляксандраўскім і Гуляйпольскім кірунках УСУ адбілі па 22 атакі арміі РФ на кожным..

На Славянскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 13 атак у раёне Ямпаля і ў бок Свята-Пакроўскага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 11 атак расіян ў раёнах Старыцы, Ваўчанскіх Хутароў, Ваўчанску, Дворычанскага і іншых.

На Купянскім і Арэхаўскім кірунках адбылося па 9 атак расіян на кожным.

* * *

Ад пачатку бягучага года тэрытарыяльныя набыткі Расіі ва Украіне складаюць менш за адзін працэнт плошчы Украіны. Калі наступальныя дзеянні захаваюць цяперашнюю дынаміку, Расія страціць некалькі гадоў і яшчэ больш ахвяраў, маштаб якіх можа стаць занадта абцяжарваючым нават для расійскага боку, толькі на захоп Данецкай вобласці, не кажучы ўжо пра іншыя тэрыторыі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

З пачатку 2025 года Расія захапіла 4 669 кв. км., што складае 0,77% тэрыторыі Украіны. Пры гэтым гэтыя набыцці суправаджаліся празмернымі стратамі — больш за 390 тысяч загінулых і параненых, гэта значыць больш за 80 чалавек на кожны квадратны кіламетр.

Нават у тых раёнах, дзе расійскія войскі дэманструюць адносна актыўнае прасоўванне, напрыклад, у раёне Гуляйполя, вынікі застаюцца мізэрнымі з улікам агульнай сітуацыі.

Эксперты ISW адзначаюць, што верагоднасць паскарэння наступу Расіі ў каротка- або сярэднетэрміновай перспектыве застаецца нізкай. Вайна дронаў не дазваляе РФ весці маштабныя манеўраныя баявыя дзеянні, неабходныя для хуткага аператыўнага прасоўвання.

Таму Расія спрабуе прымусіць Украіну і Захад пагадзіцца на перадачу Данбаса без працягу баявых дзеянняў. Такі крок дазволіў бы Маскве сэканоміць рэсурсы і час.

«Перадача Данецкай вобласці Расіі стварыла б умовы для аднаўлення агрэсіі супраць Украіны з больш выгадных пазіцый у выгадны для Расіі момант, асабліва ўлічваючы, што Пуцін і іншыя прадстаўнікі Крамля працягваюць заяўляць, што іх доўгатэрміновая стратэгічная мэта — кантроль над усёй Украінай, а не толькі яе паўднёвымі і ўсходнімі рэгіёнамі — застаецца нязменнай», — падсумоўваецца ў справаздачы.

* * *

Расія можа звярнуцца да правядзення прыхаванай мабілізацыі рэзервістаў на фоне скарачэння рэсурсу добраахвотнікаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Гэта, у сваю чаргу, стварае новыя выклікі як у палітычным, так і ў ваенным аспектах для расійскай улады. Пра такі патэнцыйны сцэнар гаворыцца ў аналітычнай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).

На думку экспертаў ISW, указ, падпісаны Пуціным 8 снежня, стварае магчымасці для прыцягнення нявызначанай колькасці рэзервістаў на абавязковую службу і ваенныя зборы ў 2026 годзе. Дакумент не накладае ніякіх абмежаванняў на выкарыстанне неактыўных рэзервістаў у баявых дзеяннях. Гэта адкрывае шлях да іх удзелу ў выкананні стратэгічных задач як падчас збораў, так і пасля іх.

Пакуль маштабы такой мабілізацыі невядомыя. Эксперты мяркуюць, што для пазбягання грамадскага незадаволенасці Крэмль найбольш верагодна прыменіць паступовае прыцягненне рэзервістаў у рамках доўгага працэсу.

Аднак гэты падыход мае свае палітычныя рызыкі. Схаваная мабілізацыя можа выклікаць незадаволенасць сярод грамадзян і абвастрыць унутранае сацыяльнае напружанне ў краіне.

Глядзіце таксама

* * *

У ноч на чацвер, 11 снежня, расійскія войскі атакавалі Крэменчуг балістыкай. З-за пагрозы ўдараў паветраная трывога раздавалася ў Кіеве і шэрагу абласцей, паведамляюць Паветраныя сілы УСУ.

Расійскія войскі ўвечары ў сераду, 10 снежня, нанеслі ракетны ўдар па Запарожскім раёне. Абышлося без пацярпелых.

Беспілотнікі атакавалі расійскі горад Вялікі Ноўгарад у ноч перад 11 снежня. Удар дронамі прыйшоўся па мясцовым хімічным заводзе «Акрон», на тэрыторыі якога ўспыхнуў пажар. Прадпрыемства вырабляе аміяк, азотную кіслату і аміячную салетру, якія з'яўляюцца базавымі кампанентамі для вырабу пораху, аманаў і іншай выбухоўкі для расійскай арміі.

* * *

597383068_1211076564538753_1594123195419533110_n.jpg

* * *

Украіна ў сераду перадала амерыканскаму боку свой адказ па мірным плане, над якім адміністрацыя Дональда Трампа працавала ў апошнія тыдні, напісаў у Х карэспандэнт Axios Барак Равід.

«Украіна ў сераду дала адміністрацыі Трампа свой адказ на апошні праект мірнага плана ЗША, паведамілі мне ўкраінскія і амерыканскія чыноўнікі», — паведаміў ён. Журналіст не прывёў дэталяў адносна зместу ўкраінскага адказу і рэакцыі амерыканскага боку.

Агенцтва Bloomberg таксама паведаміла, што ўкраінскі бок перадаў ЗША адказ на мірны план, без далейшых удакладненняў.

Па даных FT, Дональд Трамп хоча заключэння мірнага пагаднення паміж Украінай і Расіяй «да Калядаў».

* * *

ЗША сярод іншых варыянтаў спынення вайны ва Украіне разглядаюць рэалізацыю так званага «карэйскага сцэнару». Гаворка ідзе пра тое, што краіну прапануецца «падзяліць» па лініі сутыкнення, як гэта адбылося з Паўднёвай і Паўночнай Карэямі па выніках вайны ў 1950-1953 гадах. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі журналіста Дэвіда Ігнатыўса ў калонцы The Washington Post.

Ігнатыўс са спасылкай на ўласныя крыніцы сярод амерыканскіх, украінскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў піша, што нягледзячы на рэзкую і не зусім адэкватную рыторыку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, мірнае пагадненне аб спыненні вайны ва Украіне, верагодна, можа быць заключана.

Мір ва Украіне будзе мець наступны выгляд: «Суверэнная дзяржава, межы якой абаронены міжнароднымі гарантыямі бяспекі, якая з'яўляецца часткай Еўрапейскага Саюза і аднаўляе сваю эканоміку дзякуючы вялікім інвестыцыям са Злучаных Штатаў і Еўропы».

Ігнатыўс прывёў некаторыя магчымыя пункты пагаднення і нюансы прапанаваных мірных дамоўленасцяў:

  • Украіна стане членам ЕС у 2027 годзе. Адміністрацыя ЗША лічыць, што пераадолее супраціў найбуйнейшага апанента ўступлення Украіны ў Еўрапейскі Саюз — Венгрыі. Ігнатыўс адзначыў, што, улічваючы ўзровень нянавісці Пуціна да Украіны і яе еўрапейскай інтэграцыі, гэта падобна на перамогу.
  • ЗША дадуць Украіне гарантыі бяспекі, аналагічныя артыкулу 5 Статута NATO. Украіна патрабуе ратыфікацыі гэтага моманту праз Кангрэс ЗША. Асобныя гарантыі бяспекі падпішуць краіны Еўропы.
  • Суверэнітэт Украіны «будзе абаронены ад любога расійскага вета». Акрамя непасрэдна Узброеных сіл Украіны ў колькасці 800 тысяч салдат, Украіна будзе мець у дадатак Нацыянальную гвардыю і іншыя сілы падтрымкі. Украіна катэгарычна адмаўляецца канстытуцыйна абмяжоўваць армію.
  • «Карэйскі варыянт»: уздоўж усёй лініі сутыкнення запрацуе спыненне агню. У далейшым там створаць дэмілітарызаваную зону і зону забароны цяжкага ўзбраення. Лінію будуць маніторыць падобна таму, як кантралюецца ДМЗ паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэяй. Украіна не будзе прызнаваць, што яе часова акупаваныя землі належаць РФ (КНДР дагэтуль прэтэндуе на ўвесь Карэйскі паўвостраў, і Паўднёвая Карэя заяўляе тое ж самае).
  • Запарожская атамная электрастанцыя не будзе пад кантролем Расіі. Кіраванне ЗАЭС могуць узяць на сябе ЗША. Цікава, што гэта падабаецца ўкраінскім чыноўнікам.
  • Замарожаныя расійскія актывы часткова перададуць на аднаўленне і эканамічнае развіццё Украіны. Гаворка ідзе пра як мінімум 100 млрд еўра. Акрамя гэтага, фінансавы гігант BlackRock створыць Фонд развіцця Украіны з прыцягненнем 400 мільярдаў долараў на рэканструкцыю. Разглядаецца ўдзел Сусветнага банка.

Журналіст дадае, што Расія і ЗША спрабуюць прымусіць Украіну перадаць расіянам прыкладна 25% Данецкай вобласці — тэрыторыю, якую ўтрымліваюць украінскія войскі. Трамп сцвярджае, што Украіна ўсё роўна страціць гэтую тэрыторыю праз паўгода баёў. Кіеў адхіляе варыянты «абмену тэрыторыямі».

Але Трампу прыйдзецца заключыць ва Украіне «разумнае пагадненне», якое будзе доўгатэрміновым. Інакш вайна не проста адновіцца, а стане яшчэ мацнейшай.

Журналіст адзначае, што Трамп, ціскам на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага можа сапсаваць сітуацыю, і той з еўрапейскімі саюзнікамі «вырашыць працягнуць вайну нягледзячы на яе жудасную цану». У дадатак да гэтага, Еўропа раздражнёная новай Стратэгіяй нацыянальнай бяспекі ЗША: гэта ўскладніла перамовы.

* * *

Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла кампрамісную версію Закона аб нацыянальнай абароне на 2026 фінансавы год (NDAA). Законапраект на суму амаль 1 трыльён долараў вызначае палітыку Пентагона і прадугледжвае працяг ваеннай падтрымкі Украіны, а таксама меры для стрымлівання Расіі і Кітая.

Ключавым элементам дакумента для Кіева з'яўляецца працяг фінансавання Ініцыятывы садзейнічання бяспецы ва Украіне (USAI). Законапраект прадугледжвае 800 мільёнаў долараў для Украіны, размеркаваных роўнымі часткамі па 400 мільёнаў долараў на кожны з наступных двух гадоў. Гэтая праграма дазваляе адміністрацыі ЗША закупляць зброю і абсталяванне непасрэдна ў вытворцаў для перадачы Узброеным сілам Украіны, замест адабрання іх з наяўных арсеналаў арміі ЗША, паведамляе Reuters.

Акрамя дапамогі Украіне, дакумент змяшчае жорсткія засцерагальнікі адносна амерыканскай прысутнасці ў Еўропе. На фоне абнародавання Трампам новай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі, якую аглядальнікі называюць дружалюбнай да РФ, Кангрэс абмежаваў магчымасць Пентагона скарачаць колькасць войскаў у Еўропе да менш чым 76 тысяч чалавек.

Дадаткова санкцыянавана выдзяленне 175 мільёнаў долараў на Ініцыятыву садзейнічання бяспецы Балтыі для Эстоніі, Латвіі і Літвы.