Пяскоў назваў умовы прымянення ядзернай зброі Расіяй

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю CNN назваў умовы прымянення ядзернай зброі Расіяй. Па яго словах, гэта магчыма, калі з'явіцца пагроза існаванню краіны.

udar_0.jpg


«Калі гэта экзістэнцыйная пагроза для нашай краіны, то можа быць», — цытуе Пяскова REFORM.by.

Трэба адзначыць, што падобныя ўмовы прымянення ядзернай зброі прадугледжаны ваеннай дактрынай РФ. Неўзабаве пасля пачатку вайны супраць Украіны прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін перавёў сілы стратэгічнага стрымлівання на асаблівы рэжым нясення службы.

Пяскоў у інтэрв'ю таксама заявіў, што дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне ідуць па плане. Ён пацвердзіў мэты, заяўленыя Пуціным пры абвяшчэнні ўварвання, у тым ліку дэмілітарызацыю Украіны, яна таксама павінна пазбавіцца ад «нацыяналістычных батальёнаў», прызнаць анексію Крыма і ЛНР/ДНР.

Пры гэтым прэс-сакратар Крамля прызнаў, што Расія не дасягнула сваіх мэтаў уварвання ва Украіну. Пяскоў адказаў на пытанне журналіста аб дасягненні Пуціным мэтаў ва Украіне пасля поўнамаштабнага ўварвання: «Ну, па-першае, яшчэ не. Ён яшчэ не дасягнуў».