Познер: Вайна ва Украіне пачалася ў 2014 годзе, калі ЗША арганізавалі пераварот у Кіеве

Вядомы журналіст упершыню з пачатку вайну Расіі супраць Украіны выказаўся на гэтую тэму. Яго словы вельмі сугучныя з тымі, што выкарыстоўвае і расійская прапаганда разам з палітычным кіраўніцтвам краіны.

Фота: Global Look Press

Фота: Global Look Press

Стрым, у якім удзельнічаў Познер, прайшоў шэсць дзён таму. У яго апісанні гаварылася, што «вайна ва Украіне пачалася ў 2014 годзе, калі Злучаныя Штаты арганізавалі пераварот ва Украіне, каб зрынуць рэжым, пры якім Украіна была нейтральнай краінай, і замяніць яе на антырасійскі і праамерыканскі рэжым, які неадкладна пачаў вайну супраць Данбаса», піша расійская рэдакцыя «Радыё Св*бода».
Як паведамляе выданне, Познэр каля гадзіны чытаў гістарычную лекцыю аб прычынах, якія, на яго думку, прывялі да вайны ва Украіне. Ён прызнаў адказнасць расійскага прэзідэнта Пуціна за ўварванне, аднак адзначыў, што не лічыць яго «вар'ятам», — і паспрабаваў растлумачыць логіку дзеянняў расійскага прэзідэнта. Пры гэтым пачаў Познер з распаду Савецкага Саюза і пашырэння НАТА на ўсход.
«Я думаю, мы будзем вывучаць і спрабаваць знайсці адказ на гэтае пытанне вельмі доўгі час. Было б надта амбіцыйна сказаць, што я ведаю адказ. (…) Калі я кажу пра тое, як мы прыйшлі да гэтага, я ўвесь час спрабую не абвінавачваць нейкую канкрэтную краіну ці чалавека, а проста паглядзець на гэта з пункту гледжання таго, як гэта адбылося і, магчыма, чаму. І, вядома, адно з пытанняў, якое людзі працягваюць задаваць — не толькі ў ЗША ці Заходняй Еўропе, але і ў Расіі, – чаму Пуцін зрабіў гэта? Якая матывацыя ў яго была? Я чуў просты адказ — ён вар'ят. Але гэта несур'ёзны адказ. Прэзідэнта Пуціна можна назваць як заўгодна, але не вар'ятам. Ён дакладна не мой герой, але ён не вар'ят. Дык у чым яго прычыны? Чаму ён зрабіў гэты крок? (…) Я думаю, што ўсё пачалося каля 30 гадоў таму, калі знік Савецкі Саюз», — працытавала Познэра выданне RTVI.
У сваім выступе тэлевядоўца па шматлікіх пунктах фактычна або падтрымаў тэзісы Крамля, або прынамсі выступіў з іх разуменнем.
Украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ён лічыць цалкам залежным ад ЗША. Пры гэтым Познер не кажа, што падтрымлівае вайну, а толькі заклікае «аналізаваць факты» і зразумець логіку Крамля. Ён таксама абрынуўся з крытыкай на журналістаў, якія асвятляюць канфлікт. Познэр заклікаў «нікому не давяраць», «глядзець на факты і дакументы».
«Мне сорамна за маю прафесію, мне сорамна за тое, што робяць, за хлусню, якая ўяўляецца як праўда, за прапаганду ў горшым сэнсе гэтага слова. Я не павінен гэтага казаць, але я скажу. Я атэіст, але калі ёсць пекла, то журналісты туды трапяць», — сказаў Познер, не канкрэтызаваўшы, каго менавіта ён мае на ўвазе.
Па словах Познера, большасць з тых, з кім ён мае зносіны ў Расіі, выступаюць супраць вайны, але 80% насельніцтва краіны падтрымліваюць Пуціна.
«Так, пераважная большасць расійцаў падтрымлівае Пуціна, нават нягледзячы на тое, што целы іх сыноў, мужоў і бацькоў вяртаюцца ў трунах. Яны кажуць — гэта кошт, які трэба заплаціць за абарону сваёй краіны. І гэта гучыць дзіўна, таму што Расія ніколі не падвяргалася фізічнаму нападу з боку Украіны ці каго-небудзь яшчэ. Але прапаганда вельмі эфектыўная і прымушае людзей так думаць. Ніхто на тэлебачанні ці па радыё не спрабуе тлумачыць так, як гэта зрабіў я, таму што прасцей прымушаць людзей думаць пэўным чынам, выкарыстоўваючы больш простыя аргументы», — сказаў Познер.
Уладзіміру Познеру 88 гадоў. Ён вядомы заходняй аўдыторыі яшчэ з савецкіх часоў, ён з'яўляўся ў якасці супрацоўніка савецкага Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні ў замежных ток-шоу. Вёў тэлемасты СССР — ЗША.