Прэс-сакратар Зяленскага: Расія настойвала, што перад перамовамі Украіна павінна была скласці зброю

Прэс-сакратар Уладзіміра Зяленскага Сяргей Нікіфараў адказаў на заявы Масквы аб тым, што расійская дэлегацыя прыбыла ў Гомель на перамовы з Кіевам. Па ягоных словах, такі фармат абмяркоўваўся, але Расія настойвала, што Украіна павінна спачатку скласці зброю.

Сяргей Нікіфараў

Сяргей Нікіфараў

«Мы таксама пачулі заявы аб тым, што расійская дэлегацыя прыбыла ў Гомель на перамовы. Павінен заявіць, што прадстаўнікоў Украіны там не будзе. Такі фармат сапраўды абмяркоўваўся. Але ў апошні момант перагаворшчыкі з Расіі запатрабавалі, што ўкраінскае войска павінна спачатку скласці зброю. На гэта неадкладна атрымалі прапанову адправіцца за "рускім ваенным караблём"», — сказаў Нікіфараў.
Прапанова «адправіцца за караблём» - гэта адсылка да запісу, апублікаванага пагранслужбай Украіны: на ім пагранічнікі са Змяінай выспы пасылаюць *** (да д'ябла) расійскі ваенны карабель.
Нікіфараў заявіў, што сённяшнія заявы Крамля і рашэнне «дэманстратыўна ехаць у Гомель» — гэта толькі інфармацыйны ціск і спроба перакласці адказнасць за зрыў на Украіну.
«Украіна гатова да перагавораў, але не гатова выслухоўваць якія-небудзь папярэднія ўмовы. Гэта датычыцца і месца правядзення. Мы не можам ехаць у Беларусь, з тэрыторыі якой да нашых гарадоў накіроўваюцца самалёты і ракеты», — сказаў Нікіфараў.
Прэс-сакратар Зяленскага таксама растлумачыў, што ў Кіева ёсць пытанні і да таго, як была б арганізавана бяспека дэлегацыі: «Мы вымушаны былі б спадзявацца на гарантыі прымаючага боку. Улічваючы папярэднія падзеі, такія гарантыі каштуюць вельмі мала».
«Пазіцыя Украіны застаецца нязменнай. Мы гатовы сустракацца ў любым нейтральным месцы: Баку, Стамбуле, Варшаве, Вене… Працягнеце самі. Мы і далей запрашаем Расію як мага хутчэй сесці за стол перамоваў і захаваць жыцці сваіх вайскоўцаў», – дадаў Нікіфараў.