Пуцін 30 верасня можа абвясціць пра анексію акупаваных тэрыторый Украіны?

Падчас выступлення перад абедзвюма палатамі расійскага парламента ў пятніцу, 30 верасня, кіраўнік Расіі можа абвясціць аб анексіі акупаваных расійскай арміяй украінскіх тэрыторый. Прынамсі, так сцвярджае брытанская выведка.

referendym_rf_herson.jpg

Пра заяву Пуціна аб далучэнні, якая можа прагучаць 30 верасня, гаворыцца ў выведвальным аглядзе Мінабароны Вялікабрытаніі:

«Існуе рэальная магчымасць, што Пуцін выкарыстае сваё выступленне для афіцыйнага абвяшчэння аб далучэнні акупаваных рэгіёнаў Украіны да Расійскай Федэрацыі», — адзначае брытанская выведка, нагадваючы, што «рэферэндумы», якія цяпер праходзяць на гэтых тэрыторыях, павінны завяршыцца 27 верасня.

«Расійскае кіраўніцтва амаль пэўна спадзяецца, што любое абвяшчэнне аб анексіі будзе разглядацца як апраўданне "спецыяльнай вайсковай аперацыі" і накіроўвацца на патрыятычную падтрымку канфлікту», — гаворыцца ў аглядзе выведкі.


Аднак, на думку брытанскай выведкі, гэта імкненне, верагодна, будзе падарвана ведамі пра нядаўнія няўдачы Расіі на полі бою і значнай заклапочанасцю  частковай мабілізацыяй, што была абвешчана на мінулым тыдні.

Нагадаем, раней выведка Брытаніі заяўляла, што Расію чакаюць арганізацыйныя цяжкасці з забеспячэннем усяго неабходнага для падрыхтоўкі мабілізаваных — гэтыя людзі могуць апынуцца на перадавой пасля мінімальнай падрыхтоўкі.


Паводле «Еўрапейскай праўды»