«Рэферэндумы» на акупаваных тэрыторыях Украіны не могуць быць прызнаныя — Шольц і NАТО

Канцлер Германіі Олаф Шольц заявіў, што «рэферэндумы», якія расіяне хочуць арганізаваць на не падкантрольных Украіне тэрыторыях, не могуць быць прызнаныя. Пра гэта ж заявіў і генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг.

bf57d89e_d2cf2a5171ebe4ebcaa3b4f3d57f6f52.jpg

«Абсалютна зразумела, што гэтыя фіктыўныя рэферэндумы не могуць быць прызнаныя. Яны не адпавядаюць міжнароднаму праву і дамоўленасцям, якія былі дасягнуты міжнароднай супольнасцю», — падкрэсліў кіраўнік нямецкага ўрада. Пра гэта паведамляе украінская служба РБК са спасылкай на Spiegel

Пра непрызнанне рэферэндумаў заявіла і NАТО. Генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг сказаў, што NАТО будзе лічыць нелегітымнымі ўсе фэйкавыя «рэферэндумы» аб далучэнні да РФ.

Францыя таксама назвала расійскія «рэферэндумы» пародыяй. Па словах прэзідэнта Эмануэля Макрона, рэферэндумы «не будуць мець юрыдычных наступстваў». «Калі б ідэя аб рэферэндумах не была такой трагічнай, яна была б смешнай», — сцвярджае палітык.

Нагадаем, сёння, 20 верасня, расійскія захопнікі ў так званай «ЛДНР» прызначылі новыя тэрміны правядзення «рэферэндумаў» аб уваходжанні ў склад Расіі. Іх плануюць правесці ў перыяд з 23 па 27 верасня.

Пры гэтым, паводле звестак СМІ, у гэтыя самыя даты расіяне хочуць правесці псеўдарэферэндумы на часова непадкантрольных Кіеву тэрыторыях Запарожскай і Херсонскай абласцей.


Нагадаем, як пісаў НЧ, у самой Украіне да рэферэндумаў на акупаваных тэрыторыяў ставяцца адназначна. Афіцыйны наратыў прыблізна такі: вы можаце праводзіць хоць дзесяць рэферэндумаў, гэта не перашкодзіць нам працягваць вызваленне сваіх тэрыторый.

Эксперты па-рознаму трактуюць сённяшнія ініцыятывы на паўднёвым усходзе Украіны і ў Крамлі. Некаторыя лічаць, што ад адчаю Пуцін гатовы разыграць апошнюю карту — абвясціць частковую мабілізацыю і з яе дапамогай кінуцца абараняць тэрыторыі, якія пасля «рэферэндумаў» будуць абвешчаны часткай РФ.