Расіі давядзецца «пакінуць» яшчэ адзін украінскі горад?
Пуцін заявіў пра тое, што расійскія войскі «вызвалілі» Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці. Але ўсе даныя паказваюць, што армія РФ знаходзіцца толькі на ўскрайку гэтага населенага пункта. Падобна, можа паўтарыцца сітуацыя з Купянскам, які «ўзялі» шмат разоў, а потым там запісаў відэа Уладзімір Зяленскі. Ідуць 1592-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 268 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 ліпеня.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 27 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Доўгай Балкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Сцяпанаўкі.
На Славянскім кірунку расійцы штурмавалі 26 разоў у бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі і ў раёне Рэзнікоўкі і Закітнага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмы арміі РФ у раёнах Ніканараўкі, Новааляксандраўкі, Грышына, Радзінскага, Котліна, Удачнага, Мураўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 18 атак у раёне Дабраполля і ў бок Цвятковага, Раздзянкі, Уздвіжаўкі і Чароўнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 17 разоў атакавлі пазіцыі УСУ у раёнах Ваўчанска, Хатняга, Лімана, Старыцы, Арцельнага і ў бок Ізбіцкага, Бочкавага.
На Ліманскім кірунку армія РФ 15 разоў спрабавала атакаваць ў бок Дружалюбўкі, Навасёлаўкі, Ліману, Шыйкаўкі, Ставак, Дробышава, Дзіброва і ў раёне Азёрнага.
* * *
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскія войскі нібыта захапілі горад Канстанцінаўку ў Данецкай вобласці. Ён сцвярджае, што «з узяццем Канстанцінаўкі» цяпер гаворка ідзе толькі пра «Славянска-Краматорскі рубеж».
Аднак, згодна з картамі аналітычнага праекта DeepState, ні пра які захоп Канстанцінаўкі гаворкі няма. Расійскія войскі, мяркуючы па карце, знаходзяцца каля населенага пункта, але не захапілі яго.
Таксама кіраўнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў далажыў Пуціну, што расійскія войскі нібыта ўстанавілі поўны кантроль над Луганскай вобласцю. Але, згодна з данымі DeepState, гэта не з’яўляецца праўдай.
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) таксама адзначае, што расійскія войскі дамагліся тактычных поспехаў у Канстанцінаўцы, але асноўная частка расійскай прысутнасці ў горадзе складаецца з невялікіх груп інфільтрантаў, якія перамяжаюцца з украінскімі пазіцыямі. Украінскія ваенныя паведамлялі, што да сярэдзіны чэрвеня ў Канстанцінаўцы знаходзіліся каля 100–250 расійскіх салдат.
Як піша ISW, Пуцін, Герасімаў і іншыя расійскія камандзіры штомесяц робяць заявы аб значным прасоўванні расійскіх войскаў уздоўж усяго фронту. Гэта адбываецца ў рамках кампаніі па інфармацыйнай вайне, накіраванай на перакананне Захаду ў тым, што расійскія войскі здольныя хутка прасоўвацца наперад па ўсім фронце. Аднак вынікі наступлення Расіі ў чэрвені 2026 года значна саступаюць вынікам чэрвеня 2025 года, а летне-асенняя аперацыя Расіі ў 2026 годзе не прынесла значных вынікаў з ваеннага пункту гледжання.
* * *
3 ліпеня расійская армія нанесла авіяўдар па адной з цэнтральных вуліц Сум: загінулі 7 чалавек, ёсць параненыя, сярод іх — 27 чалавек пацярпелі, сярод якіх 7 дзяцей.
3 ліпеня расійская армія атакавала 4 аўтазаправачныя станцыі ў Палтаўскай вобласці: у выніку пацярпелі 6 чалавек.
У ноч на 4 ліпеня расійская армія нанесла ракетны ўдар па грамадзянскай інфраструктуры Адэскай вобласці. Двое чалавек пацярпелі.
Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін падчас наведвання дапаможнага пункта кіравання аб’яднанай групоўкай войскаў РФ заявіў, што нанясенне масіраваных удараў па «інфраструктуры ВПК Украіны і аб’ектах, якія забяспечваюць яе функцыянаванне, павінна быць працягнута». Таксама ён сказаў, што ў адказ на нібыта «ўкраінскія ўдары па аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры РФ» будзе пашырацца зона бяспекі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у вечаровым звароце, што для спынення падобных атак неабходна ўзмацніць міжнародны ціск на Расію.
«Неабходна, каб партнёры ўзмацнілі ціск на Расію, каб гэты тэрор спыніўся. Расія дакладна пачуе Злучаныя Штаты, іншыя краіны "Вялікай сямёркі", "Вялікай дваццаткі", а таксама Еўропу», — заявіў Зяленскі. Ён адзначыў, што ў еўрапейскіх краін ёсць інструменты ціску на Расію — абмежаванні ў адносінах да энергетычнага сектара, нафтавага флоту і фінансавай сістэмы. Акрамя таго, па яго словах, неабходна працягваць узмацняць украінскую супрацьпаветраную абарону.
* * *
* * *
Нідэрланды прымуць Спецтрыбунал у Гаазе, дзе будуць судзіць Пуціна, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Telegram па выніках размовы з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Робам Этэнам.
«Хачу сёння падзякаваць за гістарычнае рашэнне Нідэрландаў прыняць у сябе паўнавартасны Спецыяльны трыбунал наконт злачынства агрэсіі супраць Украіны. Гэта рашэнне дазволіць прыцягнуць да адказнасці вышэйшае палітычнае і ваеннае кіраўніцтва Расіі менавіта за злачынства агрэсіі, а не толькі за яго наступствы», — адзначыў Зяленскі.
* * *
ЗША папярэдзілі Польшчу, што РФ рыхтуе ўзброеную правакацыю на тэрыторыі краіны, каб праверыць рашучасць краін-членаў NATO, паведамляе The Telegraph.
Расія, напрыклад, можа атакаваць аб’екты крытычнай інфраструктуры Польшчы ракетамі ці беспілотнікамі. Таксама не выключаецца, што расійскія ваенныя могуць перасекчы мяжу і пранікнуць на тэрыторыю краіны. Па задуме Масквы, такая правакацыя павінна прывесці да эскалацыі напружанасці і прымусіць заходніх саюзнікаў прыпыніць ваенную дапамогу Украіне. Па ацэнках крыніц выдання, яе могуць рэалізаваць ужо ў найбліжэйшыя месяцы.
Як піша польскае выданне Onet са спасылкай на крыніцы, блізкія да прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, Вашынгтон неаднаразова папярэджваў Варшаву аб магчымым сцэнарыі такой аперацыі. Польскія крыніцы ў сферы бяспекі таксама не выключаюць больш традыцыйны сцэнарый — абмежаванага ўварвання невялікай групы расійскіх ваенных праз усходнюю мяжу NATO.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча рыхтуецца да «розных» сцэнарыяў на фоне ўсё больш актыўных дыскусій адносна магчымай правакацыі з боку Расіі, і выказаў здагадку, што найбліжэйшыя месяцы могуць аказацца «крытычнымі», паведамляе BBC News.
«Не хачу нікога палохаць, але найбліжэйшыя месяцы могуць быць сапраўды крытычнымі, у тым ліку з-за зменлівага характару вайны. Гэтая заклапочанасць асабліва моцна адчуваецца ў краінах Балтыі», — сказаў чыноўнік.
Польшча не ўпершыню ўзнімае пытанне аб магчымым нападзе з боку Расіі. У красавіку Туск выказаў здагадку, што Расія можа напасці на адну з усходнееўрапейскіх краін NATO «на працягу некалькіх месяцаў». У канцы чэрвеня віцэ-прэм’ер Польшчы Радаслаў Сікорскі не выключыў правакацыі з боку Масквы, якая дасць ёй падставу для нападу на краіну NATO.
* * *
Двое галоўных перагаворшчыкаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па пытаннях Ірана і Украіны — спецпасланнік Стыў Уіткаф і зяць лідара Амерыкі Джарэд Кушнер — знаходзяцца ў цэнтры рознагалоссяў паміж эскалацыяй вайны ва Усходняй Еўропе і недастатковай увагай да гэтага з боку адміністрацыі Трампа, піша The New York Times.
На гэтым тыдні яны адправіліся ў Катар для чарговага раўнда перамоваў па Іране, нават нягледзячы на тое, што Украіна запускала ўсё больш дронаў у бок Масквы, а Расія рыхтавала чарговы абстрэл Кіева. Апошні раз, пра які вядома, калі расійскія і ўкраінскія чыноўнікі сустрэліся, адбыўся ў Швейцарыі ў лютым, калі паміж імі сядзелі Уіткаф і Кушнер.
На працягу некалькіх месяцаў увага прадстаўнікоў адміністрацыі Трампа была цалкам сканцэнтравана на вайне ў Іране, нават нягледзячы на эскалацыю баявых дзеянняў паміж Расіяй і Украінай.
Чыноўнік, які выказаўся на ўмовах ананімнасці з-за далікатнасці перамоваў, адзначыў, што абодва перагаворшчыкі амаль штодня падтрымлівалі сувязь з украінскімі і расійскімі службовымі асобамі, а таксама праводзілі з імі асабістыя сустрэчы, пра якія не паведамлялася. Па яго словах, Уіткаф і Кушнер гатовы паехаць у Расію і Украіну, калі з’явіцца нешта новае для абмеркавання, але яны не паедуць «толькі для фотасесіі».