Расія прыцягнула 97% арміі супраць Украіны?
Патэнцыйна баяздольнасць арміі РФ зніжана на 40%. Амаль дзве траціны расійскіх танкаў знішчаны або зламаны, адзначыў брытанскі міністр Бэн Уолес.
Расія прыцягнула да 97% сваёй арміі да вайны супраць Украіны. Такую лічбу агучыў міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес, паведамляе BBC.
Так, Бэн Уолес заявіў, што Расія не змагла «прабіць» абарону Украіны і што 97% яе арміі, паводле ацэнак, знаходзіцца ва Украіне і ўцягнуты ў вайну.
Міністр сказаў таксама, што Вялікабрытанія не будзе адпраўляць знішчальнікі ва Украіну ў бліжэйшы час. Паводле яго слоў, у цэнтры ўвагі — забеспячэнне доўгатэрміновай устойлівасці Кіева.
Па словах міністра абароны Вялікабрытаніі, стан, у якім цяпер знаходзіцца расійская армія, аказвае прамы ўплыў на бяспеку Еўропы.
«97% расійскай арміі цяпер прыцягнуты да вайны супраць Украіны, з вельмі-вельмі высокім узроўнем «выбыцця», і патэнцыйна яе баяздольнасць зніжана на 40%. Амаль дзве траціны іх танкаў знішчаны або зламаны, гэта аказвае непасрэдны ўплыў на бяспеку Еўропы», — сказаў Уолес.
Міністр падкрэсліў, армія РФ спрабуе прасоўвацца наперад за кошт чалавечых хваль, а «ўзровень знясілення — амаль як у Першую сусветную вайну, і паказчыкі поспеху вымяраюцца метрамі, а не кіламетрамі».
Бэн Уолес лічыць, што ў цяперашніх расійскіх лідараў альбо «адрыў ад рэальнасці», альбо яны «не паважаюць жыццё сваіх людзей».
Нагадаем, другі дзень у Бруселі праходзіць сустрэча міністраў абароны краін NATO, на якой заходнія саюзнікі абмяркоўваюць, як яны могуць умацаваць абарону Украіны ў супрацьстаянні расійскім войскам.
Танкі — галоўны пункт парадку дня: міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў учора ўвечары напісаў у сваім твітары, што чакае, што сёння танкі стануць галоўнай тэмай размоў сярод саюзнікаў па NATO.
Боепрыпасы таксама дамінуюць у перамовах: генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг коратка апісаў тое, што будзе абмяркоўваць альянс, у тым ліку планы выдаткаў на абарону і павелічэнне вытворчасці ўзбраенняў і боепрыпасаў.
Нагадаем, паводле падлікаў украінскага Генштаба, з пачатку вайны ва Украіне расійскія войскі страцілі амаль 140 тысяч забітымі. Толькі за суткі 14 лютага загінулі амаль 700 расійскіх салдат.
Паводле www.bbc.com, korrespondent.net