«Расійскія генералы ваююць не дзеля новых тэрыторый, а дзеля таго, каб страціць больш людзей»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае наконт дзіўнай заявы Дональда Трампа і прыходзіць да высновы, што не такая яна ўжо і дзіўная. А вось што гэта будзе азначаць для нас — кожны можа паразважаць сам.
![Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота](/img/v1/images/2885411.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота
Дональд Трамп учора прадэманстраваў вялікае майстэрства ў вядзенні перамоў. Таму што ён жа майстар жорсткіх перамоў. Гэта ўсе ведаюць. Усе бачылі, як ён умее весці жорсткія перамовы.
Вось калі Трампу трэба было весці перамовы з Канадай, Трамп пачаў з таго, што ўвёў супраць Канады 25-адсоткавыя мыты. А з Пуціным — што паабяцаў падарыць яму ўкраінскія тэрыторыі. Таму што Канада — найбліжэйшы амерыканскі саюзнік. Таму ёй пошліны. А Расія — амерыканскі канкурэнт. Таму ёй украінскія тэрыторыі. Усё лагічна, галоўнае нічога не пераблытаць.
А чаму Трамп паабяцаў Пуціну ўкраінскія тэрыторыі? А ўсё таму, што Пуцін, як сказаў Трамп, вельмі імкнецца да міру.
І ведаеш, што я думаю? Думаю, гэта чыстая праўда. Расія так апантана імкнулася да міру, што апошнія месяцы губляла па паўтары тысячы чалавек штодня. А расійскі бюджэт выдаткоўваў на зброю больш, чым усе краіны Еўропы разам узятыя. Так што ў студзені дэфіцыт расійскага бюджэту быў вышэйшы, чым планавалі на цэлы год. А ўвесь рост расійскай эканомікі сышоў у вытворчасць гармат для смерці, і для жыцця мала што засталося.
Таму так. Пуцін сапраўды імкнецца да міру. Таму што яму становіцца няма кім і няма чым ваяваць. Іншая справа, што не кожны мір Пуцін можа сабе дазволіць. Таму што ён можа сабе дазволіць толькі такі мір, у якім ён дасягнуў усіх мэтаў СВА. Якія ў СВА былі мэты, ніхто ў курсе, але дасягнуць іх абавязкова трэба.
Таму што, калі вайна раптам скончыцца, у Расію вернецца некалькі сотняў тысяч па большай частцы вельмі незадаволеных людзей. Тых, каго не дабілі ў мясных штурмах і не залячылі ў шпіталях. І гэтыя недабітыя і не да канца залечаныя будуць жа шукаць сваё месца ў жыцці. А калі не знойдуць, то пойдуць шукаць вінаватых.
Мне вось раптам прыйшло ў галаву, што, можа, расійскія генералы апошнім часам ваююць ужо не дзеля новых украінскіх тэрыторый, а дзеля таго, каб страціць больш людзей. Каб было менш тых, хто потым будзе шукаць вінаватых... Але як ты ні старайся, а вернецца ўсё роўна больш, чым атрымаецца страціць.
І як ты ні старайся, а тыя, якія не да канца страчаныя, усё роўна будуць незадаволеныя. Таму што яны ваявалі ж не дзеля межаў 2015 года, якія Пуціну паабяцаў Трамп. Яны ваявалі дзеля таго, каб веліч наогул не ведала ніякіх межаў. Прынамсі, каб яна дакладна не ведала ніякіх межаў з Украінай.
Тым больш, што ў мірным жыцці ў іх будуць і іншыя, больш матэрыяльныя падставы для незадаволенасці. Вось нават калі Трамп падорыць Пуціну разам з тэрыторыямі скасаванне ўсіх санкцый, расійскай эканоміцы спатрэбіцца некаторы час, каб прыйсці ў сябе. І, як я падазраю, новым расійскім ветэранам гэтага часу хопіць, каб расчаравацца ў мірным жыцці. Тым больш, што яны і так ужо не занадта зачараваныя.
Так што я па-ранейшаму нагадваю табе пра сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.