Расійскія войскі працягваюць абстрэл патэнцыйна небяспечных ядзерных аб'ектаў

Расійскія войскі абстралялі з «Градаў» тэрыторыю Нацыянальнага навуковага цэнтра «Харкаўскі фізіка-тэхнічны інстытут» (ННЦ ХФТІ), дзе размешчана доследная ядзерная ўстаноўка «Крыніца нейтронаў».

nsc_kipt_04.jpg


«У чарговы раз расійска-тэрарыстычныя войскі наносяць кропкавыя ўдары па ядзерных аб'ектах Украіны. Сёння расійскім агрэсарам ажыццёўлены абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню "Град" па тэрыторыі Нацыянальнага навуковага цэнтра "Харкаўскі фізіка-тэхнічны інстытут”. У ННЦ ХФТІ размешчана доследная ядзерная ўстаноўка "Крыніца нейтронаў", у актыўную зону якой загружана 37 ядзерных паліўных элементаў», — гаворыцца ў паведамленні Службы бяспекі Украіны па Харкаўскай вобласці.

Разбурэнне ядзернай устаноўкі і сховішчаў ядзерных матэрыялаў магло прывесці да маштабнай экалагічнай катастрофы, адзначае УНІАН.

Акрамя таго, акупанты выкарыстоўваюць захопленыя ўкраінскія АЭС як ваенныя базы, паведаміў кіраўнік НАЭК «Энергаатам» Пётр Коцін. У прыватнасці, на Запарожскай АЭС цяпер знаходзяцца 500 акупантаў, яшчэ 1000 у самім Энергадары.

Захопнікі разлічваюць, што іх не будуць выбіваць, таму што бяспека на аб'ектах вышэй за ўсё. Для ўкраінскага войска якія-небудзь абстрэлы ядзерных аб'ектаў недапушчальныя, дадаў ён.