Рэабілітаваць дыктатара

Дачка славутага дыктатара Трухільё паспрабавала апраўдаць бацьку. І вось што з гэтага атрымалася. Рэпартаж са сталіцы Дамініканскай рэспублікі, Санта-Дамінга, журналіста «НЧ» Алега Новікава.



931af583573227f0220bc568c65ce104.png

Дачка славутага дыктатара Трухільё паспрабавала апраўдаць бацьку. І вось што з гэтага атрымалася. Рэпартаж са сталіцы Дамініканскай рэспублікі, Санта-Дамінга, журналіста «НЧ» Алега Новікава.
Еўрапейцам, якія дэсантуюцца ў міжнародным аэрапорце «Las Americas», відавочна не па сабе. У Санта-Дамінга — плюс 30. Абліваючыся потам, скінуўшы ды прыхапіўшы пад руку курткі і футры, іншаземцы адразу пасля пашпартнага кантролю спяшацца ў цень пальмаў. Адсюль турысты глядзяць на абарыгенаў, для якіх спякота — нармальнае надвор’е. Больш таго, нават у такіх умовах можна займацца палітыкай.
Вечар 27 лютага. Сталічны гатэль Санта-Дамінга. Прыблізна а 20-й гадзіне на экране канферэнц-залы з’явілася немаладая арыстакратычнага выгляду жанчына. Анхеліна — дачка славутага мясцовага дыктатара Рафаэля Трухільё. Пасля забойства бацькі ў 1961 годзе яна збегла ў ЗША. Там жыве да гэтага часу на скрадзеныя і перапраўленыя ў свой час за мяжу грошы. Анхеліна напісала кнігу «Мой бацька Трухільё», якую цяпер хоча прэзентаваць дамініканскаму чытачу. Праўда, распавядаць пра свой твор яна збіраецца з дапамогай тэлевізійнага мосту Маямі — Санта-Дамінга. Гэта было вельмі слушнай ідэяй.
Не паспела жанчына і рот адкрыць, як у залу ўварвалася каманда, прыкладна сто чалавек. У якасці сродку для прарыву кардону ахоўнікаў яны выкарысталі плакаты з надпісамі «Трухільё — забойца», «Трухільё — казёл» (прыжыццёвая мянушка Трухільё ў колах апазіцыі). Гэта родзічы ахвяр рэжыму. Анхеліна, не чакаючы працягу скандалу, знікае з экрану манітора. Трансляцыя перарываецца.
Здавалася, падзея не вартая выедзенага яйка. Трухільё належыць да кагорты самых вядомых і брутальных дыктатараў у гісторыі, на якіх няма дзе пячатку ставіць. За 30 гадоў праўлення ён паспеў накласці лапу на ўсе прывабныя сектары айчыннай эканомікі, знішчыў апазіцыю (самых заўзятых вывозілі ў горы і, прывязаўшы за ногі, скідвалі ўніз, пакуль тыя не станавіліся вар’ятамі), займаўся фальсіфікацыяй выбараў.
Акрамя таго, Рафаэль яўна хварэў на мегаламанію. На латках тутэйшых букіністаў я ўбачыў выпуск газеты «La Nation» за 1950-ы год. На першай старонцы артыкул пра прэзідэнта. Перш, чым пачаць апісанне таго, што зрабіў прэзідэнт, аўтар пералічвае ўсе яго тытулы: «Яго высокасць генералісімус, доктар, ганаровы прэзідэнт (так Трухільё называў сябе, калі на нейкі час фармальна перадаваў уладу аднаму са сваіх родзічаў), патрыёт радзімы, бацька фінансавай незалежнасці, шэф войска».
Гэта не ўсё. Як я пазней даведаўся, усе карпарацыі і прафсаюзы ў абавязковым парадку прысвойвалі яму свае тытулы кшталту «Першы рабочы», «Першы журналіст» і нават «Першы кампазітар».
Памяць пра тыя жудасныя часы дасюль жыве ў народзе. Гаспадыня дому, дзе мне давялося прыпыніцца, узгадвае пра сваіх братоў-студэнтаў, звязаных з апазіцыяй. Аднойчы яны пайшлі на вучобу і не вярнуліся. Усе зразумелі, што з імі здарылася. Бацькі вырашылі пераправіць дачку, якая была тады яшчэ школьніцай, у Еўропу. А пакуль рабілі візу, вачэй з яе не спускалі.
Таму такая рэакцыя на твор Анхеліны цалкам зразумелая. Тым больш, што яна не пакутуе на дэфіцыт фантазіі. Калі верыць дачцэ дыктатара, загады забіваць апазіцыянераў давалі лідэры апазіцыі, якія прабраліся ў дзяржаўныя органы. Такім чынам яны хацелі справакаваць выбух народнага пратэсту. Маўляў, некаторых сваіх апанентаў Трухільё сапраўды забіў, але гэта былі камуністы, саюзнікі Кастра, якія марылі пра Дамініканскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.
Смешна чытаць таксама пра тое, што бацька Анхеліны паспяхова змагаўся са злачыннасцю — ледзь не галоўнай праблемай сучаснага дамініканскага грамадства. Але на той момант у краіне папросту не існавала крыміналу, які быў бы часткаю міжнародных злачынных структур.
Аднак маштабы незадавальнення фаліянтам Анхеліны проста выходзяць за рамкі. Ужо больш за тыдзень толькі і размоў у прэсе і на тэлебачанні, што пра кнігу дачкі генералісімуса. У аўторак, 2 сакавіка, Федэрацыя патрыятычных арганізацый краіны нават заклікала да байкоту крамаў, на вітрынах якіх з’явіцца «Мой бацька Трухільё».
Асаблівасці сітуацыі ў краіне нам патлумачыў Ісус Лопес, выкладчык мясцовага тэхналагічнага інстытута, які асвоіў рускую мову ва універсітэце імя Патрыса Лумумбы ў Маскве ў 1970-я гады. Ён, здаецца, дасюль трымаецца вывучанага ў Маскве марксісцкага класавага падыходу да падзей у грамадстве.
Вось як Лопес тлумачыць матывы істэрыі вакол кнігі: «Нелюбоў да Трухільё — фірмовы знак нашай эліты і інтэлектуалаў. Трухільё выйшаў з народных нізоў і ставіўся да эліты вельмі варожа, як, дарэчы, і яна да яго. Менавіта эліта, як правіла, станавілася ахвярай ягоных забабонаў. Напрыклад, ён патрабаваў, каб арыстакраты прыводзілі яму сваіх дачок і жонак. Для простых сялян, каму было не да вялікай палітыкі, ён сапраўды нешта зрабіў. Была пабудаваная транспартная інфраструктура. Трухільё жорстка патрабаваў ад бацькоў, каб іхнія дзеці вучыліся ў школах. Пры Трухільё ў кожным муніцыпалітэце з’явіўся бясплатны шпіталь».
«Чаму ж тады масы не заступіліся за ягоны рэжым?» — пытаюся ў Ісуса.
«Народа Трухільё таксама баяўся. Давяраў выключна сваім родзічам. Таму не стварыў сістэмы, якая была б здольная рэпрадуктаваць сама сябе. Дастаткова было групе змоўнікаў забіць яго, як уся дзяржаўная вертыкаль рухнула», — кажа ён.
Няўжо народ мог забыць пра відавочныя бонусы, якія атрымаў дзякуючы дыктатару? Адказ на гэта пытанне я паспрабаваў знайсці з дапамогай Мірабель. Мірабель — маладая пышная мулатка, якая працуе служанкай у нашым доме. Вясёлая, аднак слаба адукаваная і вельмі далёкая ад палітыкі дзяўчына. Відавочна, што яна з тых самых народных нізоў, якія калісьці дзякуючы дыктатару нешта атрымалі.
— Мірабель, што ты думаеш пра Трухільё? — пытаюся падчас сняданку. Дарэчы, на сняданак у нас кожны дзень пінанья — кавалкі ананасу. Каб я так на радзіме еў.
— Казёл ён, — упэўнена кажа Мірабель.
Вось і будуй пасля гэтага для народу лядовыя палацы, прабачце, шпіталі ў кожным раёне.