Рэха вайны: Траціна малога бізнесу ў Расіі задумалася аб закрыцці або продажы

Маштабныя выдаткі на вайну ва Украіне «забіваюць» малы і сярэдні бізнес у Расіі. Амаль ва ўсіх грамадзянскіх галінах прамысловасці стагнацыя або спад, траціна малога бізнесу задумалася аб закрыцці або продажы. А ва Украіне выпускаюць новыя рухавікі і разважаюць, як усё ж ствараць ракеты для Patriot. Ідуць 1623-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

501789761_1055035040142907_3671388508998597844_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 226 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 жніўня.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейсніўлі 35 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Русінага Яру і ў бок Новапаўлаўкі.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмы ў раёнах Котліна, Удачнагга, Новамікалаеўкі і ў бок Новага Шахавага, Шаўчэнкі, Мацяшава, Васільеўкі, Мірнага, Новападгораднага.

На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 22 разы ў раёнах Закітнага, Крывой Лукі, Рэзнікоўкі і ў бок Мікалаеўкі і Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім і Гуляйпільскім кірунках армія РФ здзейсніла па 13 атак на кожным.

На Ліманскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў.

* * *

Мінулай ноччу Расія накіравала на Украіну балістычную ракету і больш за 130 ударных дронаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 117 БПЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронаў іншых тыпаў. Па паведамленні Паветраных сіл Украіны атака працягваецца, у паветры Украіны знаходзяцца расійскія БпЛА.

У ноч на 4 жніўня расійскія войскі атакавалі кіраванымі авіябомбамі прыватны сектар і аб'екты грамадзянскай інфраструктуры Сум. У выніку удараў загінулі двое дзяцей і пажылая жанчына, паведаміў кіраўнік Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Грыгораў.

У ноч на 4 жніўня расіяне нанеслі ўдар па Мікалаеве: загінула 89-гадовая жанчына, яшчэ сем чалавек пацярпелі, сярод іх двое дзяцей — дзве дзяўчынкі ва ўзросце 2 і 12 гадоў. Разбураны два прыватныя дамы, пашкоджаны яшчэ сем прыватных дамоў.

Паблізу Дняпра ў выніку атакі расійскіх беспілотнікаў узнік маштабны пажар на складах з прадуктамі.

У ноч на 4 жніўня пасля атакі беспілотнікаў узніклі пажары ў складскіх зонах у пасёлку Чырвоны Бор Ленінградскай вобласці і горадзе Чэхаў Маскоўскай вобласці Расіі, дзе размешчаны лагістычныя цэнтры Wildberries і расійскай гандлёвай сеткі «Лента».

* * *

763277157_1274481837972562_2636947301109351290_n.jfif

* * *

Украіна пакуль не атрымае ліцэнзію на вытворчасць перахопнікаў для сістэм Patriot. Перамовы працягваюцца, але да пачатку зімы дамовіцца не ўдасца, сказаў пастаянны прадстаўнік ЗША пры НАТА Мэцью Вітакер у эфіры Fox News.

Гаворка ідзе пра ракеты PAC-3 для сістэм Patriot, экспарт якіх строга кантралюецца ЗША.

У той жа час Вітакер падкрэсліў, што ЗША разглядаюць іншыя фарматы супрацоўніцтва з Украінай і еўрапейскімі партнёрамі. «Ёсць магчымасці сумеснай вытворчасці, якія мы можам рэалізаваць з украінцамі, якія мы можам рэалізаваць з еўрапейцамі, каб пашырыць прамысловую базу і падтрымаць абарону Украіны і Еўропы», — сказаў ён.

Дыпламат адзначыў, што бакі абмяркоўвалі гэтыя магчымасці падчас сустрэч з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, украінскай уладай у Кіеве, а таксама з кампаніямі, якія валодаюць неабходнымі тэхналогіямі. «Мы працуем над некаторымі з гэтых пагадненняў. Я лічу, што мы рухаемся наперад», — сказаў Вітакер.

Па словах Вітакера, зараз галоўная задача палягае ў як мага больш хуткім забеспячэнні Украіны сродкамі супрацьпаветранай абароны. Гаворка ідзе як пра перадачу ракет саюзнікамі, якія маюць рэзэрвовыя запасы, так і аб нарошчванні вытворчасці на амерыканскіх прадпрыемствах.

* * *

Украінская кампанія Fire Point распрацавала ўласны турбарэактыўны рухавік, які можа атрымаць крылатая ракета «Фламінга», заявіла гендырэктар Fire Point Ірына Тэрэх выданню TWZ.

Рухавік распрацавалі сумесна з тым жа канструктарскім бюро, якое стварыла рухавік АІ-25 — менавіта яго мадыфікацыя АІ-25ТЛ першай стаяла на крылатай ракеце FP-5 «Фламінга». Па словах Тэрэх, ракету аснашчалі ўжо пяццю рознымі рухавікамі.

«”Фламінга” першапачаткова праектаваўся як гнуткая платформа, здольная працаваць з рознымі тыпамі рухавікоў. Таму мы сапраўды можам значна пашырыць пералік падтрымоўваных рухавікоў», — паведала Тэрэх.

Стварэнне ўласнага турбарэактыўнага рухавіка заняло ў кампаніі больш за паўгода. Fire Point плануе да канца гэтага года завяршыць выпрабаванні ўсіх узораў і ўнесці неабходныя ўдасканаленні, а ўжо ў наступным годзе перайсці да серыйнай вытворчасці.

* * *

Цэнтр макраэканамічных даследаванняў Сбербанка РФ канстатаваў «дэмаграфічны крызіс» малога і сярэдняга бізнесу: расійскія прадпрыемствы ў гэтым годзе масава закрываюцца ўжо не па фармальных, а па наўпрост эканамічных прычынах, піша The Moscow Times.

Раней колькасць ліквідацый кампаній у Расіі таксама перавышала колькасць адкрыццяў, аднак гэта ў асноўным была фармальнасць — больш за 80% закрыццяў прыходзілася на непрацуючыя кампаніі. Падатковая служба РФ «чысціла» рэестр юрасоб у 2018-2020 і 2023-2024 гадах дзякуючы новым лічбавым сістэмам кантролю.

У гэтым годзе сітуацыя змянілася: узрасла колькасць закрыццяў па рэальных рашэннях бізнесу — з прыкладна 5 да 12-15 тысяч арганізацый штомесяц. Галоўныя прычыны: рэарганізацыя, ліквідацыя па-за банкруцтвам і добраахвотнае закрыццё кампаній малога і сярэдняга бізнесу па рашэнні ўласнікаў. У траўні на 1000 дзеючых фірмаў прыходзілася 4,3 рэгістрацыі супраць 5,5 закрыццяў па эканамічных прычынах.

Спад закрануў амаль усе галіны, але асноўны ўнёсак прыпаў на гандаль, будаўніцтва і апрацоўчую прамысловасць — сектары, дзе засяроджаны малы і сярэдні бізнес.

Аналітыкі звязваюць сітуацыю з падзеннем ВУП, які замарудзіўся з больш чым 4% у 2023-2024 гадах амаль да нуля ў гэтым годзе. Амаль ва ўсіх грамадзянскіх галінах прамысловасці даўно ідзе стагнацыя або спад. Разлічваць на дзяржаўную падтрымку, як у пачатку вайны, кампаніям не прыходзіцца — улады, насупраць, шукаюць спосабы напоўніць бюджэт, дэфіцыт якога па выніках паўгоддзя склаў 5,7 трыльёна рублёў.

Два гады запар павышалі падаткі: з 2025-га выраслі падатак на прыбытак і ПДФА, а ў гэтым годзе — ПДЗ. Парог выручкі, па якім не плацяць ПДЗ, знізілі ў 20 разоў. У выніку амаль траціна малога бізнесу ў гэтым годзе задумалася аб закрыцці або продажы.