930-ты дзень вайны: Рэкордная атака дронаў на Маскву і яшчэ 14 рэгіёнаў РФ

Украінскія беспілотнікі атакавалі Маскву і Маскоўскую вобласць у ноч на 10 верасня. У Раменскім дроны ўпалі на жылыя дамы. У аэрапорце Жукоўскі ў выніку падзення абломкаў адбыўся пажар. Ці ёсць пагроза наступу на Украіну з боку Беларусі? Генерал Наеў распавёў пра сітуацыю на мяжы з нашай краінай. Цяпер Беларусь не стварыла наступальную групоўку, але сітуацыя можа змяніцца.

_maskva_bpla_10_09_2024.webp

Украіна нанесла ўдар беспілотнікамі па Падмаскоўі: Загінула жанчына, ёсць параненыя 

У ноч на 10 верасня дзевяць расійскіх рэгіёнаў зведалі маштабную атаку ўкраінскіх дронаў. Мінабароны Расіі заяўляе пра 144 збітыя дроны. Адзін з беспілотнікаў урэзаўся ў шматпавярхоўку ў падмаскоўным Раменскім, распачаўся пажар, загінула жанчына.

Адну з самых маштабных украінскіх атак у ноч на 10 верасня зазнала Бранская вобласць, дзе за ноч, паводле звестак Мінабароны РФ, былі збітыя 72 беспілотнікі. Таксама, як паведамляе ведамства, 20 дронаў былі збітыя над тэрыторыяй Маскоўскай вобласці, 14 — над Курскай вобласцю, 13 — над Тульскай, 8 — над тэрыторыяй Белгародскай вобласці, 7 — над тэрыторыяй Калужскай вобласці. Некалькі дронаў былі збітыя над Варонежскай, а таксама Ліпецкай і Арлоўскай абласцямі.

Дом у Раменскім. Фота Максим Шэметаў/ Scanpix / LETA

Дом у Раменскім. Фота Максим Шэметаў/ Scanpix / LETA

У падмаскоўным Раменскім адзін з беспілотнікаў трапіў у шматпавярхоўку, у выніку ўзнік пажар у некалькіх кватэрах на 11-12 паверхах.

У выніку трапляння беспілотніка, як паведаміў губернатар Падмаскоўя Андрэй Вараб'ёў, загінула 46-гадовая жыхарка дома, агулам пацярпелі восем чалавек.

Усяго ў доме пацярпелі 54 кватэры са 102, паведаміў Вараб'ёў. «Тут пашкоджаныя ашалёўка, перагародкі паміж пакоямі і аконныя праёмы. Апорныя канструкцыі — цэлыя», — адзначыў губернатар Падмаскоўя.

Рэкордная атака дронаў на Маскву і рэгіёны: Карта

Рэкордная атака дронаў на Маскву і рэгіёны: Карта

Падчас атакі аэрапорты Унукава, Дамадзедава і Жукоўскі не прымалі самалёты.

Украіна не каментуе паведамленні аб масіраванай атацы дронаў у ноч на 10 верасня.

Ці ёсць пагроза наступу з боку Беларусі? Украінскі генерал ацаніў сітуацыю

У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі недастаткова сіл для правядзення наступу на тэрыторыю Украіны, у прыватнасці, на Чарнігаўскую вобласць, лічыць экс-камандуючы Аб'яднаных сіл УСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў.

Генерал пракаментаваў «Суспільному» паведамленні аб разгортванні дадатковых медыцынскіх аддзяленняў у Гомельскай вобласці і сцягванне 1000 беларускіх вайскоўцаў на мяжу з Украінай, што былі нядаўна апублікаваныя апазіцыйнымі беларускімі паблікамі.

«Любы вайсковец павінен цвяроза ацэньваць сітуацыю, якая складваецца на тым ці іншым кірунку. Разгортванне асобных элементаў яшчэ павінна быць падмацаванае наяўнасцю сілы, якая можа праводзіць такія наступальныя дзеянні. Пакуль такіх сіл у ворага няма, ён такія групоўкі не стварыў. Але гэта не значыць, што гэтага не можа адбыцца ў будучыні», — адзначыў Сяргей Наеў.

Паводле яго, украінская выведка не фіксуе падрыхтоўку да наступальных дзеянняў з боку беларускага войска. «Аналіз тых сіл, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, іх псіхалагічнага стану і гатоўнасці праводзіць наступальныя дзеянні па стане на гэтую хвіліну, не сведчыць аб непасрэднай падрыхтоўцы да наступальных дзеянняў. Што будзе далей —пабачым», — адзначыў генерал.

Мяжа з Беларуссю застаецца для Украіны пагрозлівым кірункам, лічаць ва УСУ. Аднак пакуль украінская армія не бачыць перамяшчэнняў тэхнікі або жывой сілы паблізу мяжы з РБ. 

Гэтая зіма для Украіны можа быць самай цяжкай

Прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль рабіў прагноз на будучы ацяпляльны сезон. Энергетычная ўстойлівасць Украіны стане адным з самых вялікіх выпрабаванняў у будучы зімовы перыяд, паведамляе РБК-Украіна.

«Энергетычная ўстойлівасць — адна з самых сур'ёзных задач гэтай зімы і восені. Мы паспяхова пераадолелі тры ацяпляльныя сезоны, але будучая зіма можа быць самай складанай», — сказаў ён.

Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што Украіна павялічвае аўтаномнасць крытычнай інфраструктуры і нарошчвае здабычу газу. За сем месяцаў 2024 года «Нафтагаз» здабыў 8,6 млрд кубаметраў газу — на 7% больш, чым летась. Гэтую зіму плануецца, як і летась, спажываць газ уласнай здабычы.

«Гэту зіму мы таксама плануем працаваць на газе ўласнай здабычы, што немалаважна. Мінулую зіму мы прайшлі сваімі сіламі, не прыцягвалі дапамогі партнёраў, не закуплялі дадатковы газ звонку», — сказаў ён.

Для абароны энергетычных аб'ектаў Украіна выкарыстоўвае два ўзроўні абароны: габіёны з пяску і жалезабетонныя канструкцыі, здольныя супрацьстаяць атакам беспілотнікаў і абломкаў ракет.

«Сёння 85% аб'ектаў, якія павінна ахоўваць «Укрэнерга», ужо абароненыя», — сказаў ён.

РФ знішчыла ўсе ЦЭЦ, якія абслугоўвалі Харкаў

Расійская Федэрацыя знішчыла ўсе цеплавыя электрастанцыі, якія абслугоўвалі горад Харкаў. Там будуць працаваць мабільныя кацельні.

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль. «Мы акцэнтавалі ўвагу на Харкаве і Харкаўскай вобласці, таму што разумеем, што расіяне там фактычна знішчылі ўсе цеплавыя электрастанцыі, якія былі вакол Харкава і ўтрымлівалі Харкаў. мясцовымі ўладамі», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, падобныя тэхналогіі будуць выкарыстоўвацца і ў іншых гарадах, дзе пашкоджаная крытычная інфраструктура.

Навіны вайны

  • Стала вядома, хто аддаў загад зруйнаваць ракетамі дзіцячую бальніцу ў Кіеве

Загад ударыць па Ахмацдзету (Охматдет) аддаў тагачасны камандуючы далёкай авіяцыяй ВПС ВС РФ. Яго пасля гэтага павысілі да камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі, паведаміў украінскі генпракурор Андрэй Косцін. Імя генпракурор не назваў, але з апісання вынікае, што гаворка ідзе пра генерал-лейтэнанта Сяргея Кабылаша. Яму завочна паведамілі пра падазрэнне.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан знаходзіцца з візітам у Кіеве і ўжо наведаў дзіцячую бальніцу Ахмацдзет і пагутарыў з адной з пацярпелых у выніку расійскага ўдару. 

Карым Хан, калі каментаваў адмову Манголіі арыштаваць Пуціна, адзначыў, што звычайна ў падобных выпадках праходзіць Генеральнае пасяджэнне ўсіх дзяржаў-падпісантаў Рымскага статута, пасля чаго прымаецца рашэнне. У сваю чаргу генпракурор Андрэй Косцін заявіў, што Украіна вядзе з партнёрамі працу з нагоды таго, каб краіна, якая праігнаравала патрабаванне МУС, «адчула наступствы».

  • ААН не мае інструментаў або паўнамоцтваў, каб прымусіць Расію выконваць міжнароднае права

Пра гэта заявіў кіраўнік Генасамблеі ААН Дэніс Фрэнсіс. Ён растлумачыў, што арганізацыя дзейнічае ў адпаведнасці з агульнымі каштоўнасцямі, а таксама перакананнямі, спадзеючыся, што ўсе члены будуць прытрымлівацца абавязацельстваў і паважаць тэрытарыяльную цэласнасць іншых краін.

Фрэнсіс адзначыў, што ААН працягвае «спадзявацца і чакаць», што Масква будзе выконваць абавязкі ў рамках удзелу ў арганізацыі. Таксама ён адзначыў, што Генасамблея прыняла шэраг «рашучых рэзалюцый», якія заклікаюць РФ выконваць закон і вывесці свае войскі з тэрыторыі Украіны. 

«Гэтая агрэсія Расіі з'яўляецца грубым парушэннем міжнароднага права, і мы не можам з гэтым мірыцца», — падкрэсліў Фрэнсіс.

  • Супрацьпаветраная абарона Украіны ўначы знішчыла 38 з 46 ударных БПЛА тыпу Shahed
Інфаграфіка Генштаба УСУ: 10 верасня УСУ знішчыла 38 з 46 ударных БПЛА тыпу Shahed

Інфаграфіка Генштаба УСУ: 10 верасня УСУ знішчыла 38 з 46 ударных БПЛА тыпу Shahed

Пра гэта паведамілі ў паветраных сілах УСУ. Тры беспілотнікі лакацыйна страчаныя на тэрыторыі Украіны (імаверна, упалі пад уплывам сродкаў РЭБ) і яшчэ тры выйшлі з падкантрольнай паветранай прасторы Украіны: адзін — у кірунку РФ, два — у кірунку акупаванай Луганшчыны. Акрамя таго, Расія ўначы нанесла ўдар балістычнай ракетай Іскандэр-М і супрацьрадыёлакацыйнай ракетай Х-31 П.

Супрацьпаветраная абарона працавала ў Вінніцкай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Кіраваградскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Херсонскай, Чаркаскай, Сумскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Запарожскай і Палтаўскай абласцях.

  • Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ па стане на раніцу 10 верасня
Інфаграфіка Генштаба УСУ: страты РФ па стане на раніцу 10 верасня

Інфаграфіка Генштаба УСУ: страты РФ па стане на раніцу 10 верасня

У сувязі з пастаянным паступленнем удакладненых разведвальных даных скарэктавана агульная колькасць крылатых ракет, страты за суткі падаюцца ў звычайным рэжыме: асабовага складу — каля 627 790 (+1380) чалавек, танкаў — 8640 (+1), баявых браніраваных машын  — 16 925 (+19),артылерыйскіх сістэм — 17 880 (+50), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14933 (+36), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 24 330 (+68), спецыяльнай тэхнікі — 3053 (+4).

Заходняя зброя
  • Bild піша, што УСУ крытычна не хапае запчастак да заходняй тэхнікі, з-за чаго армія не можа выкарыстоўваць, у прыватнасці, гаўбіцы, пастаўленыя Нідэрландамі, Германіяй і Італіяй.
  • Нідэрланды дазваляюць Украіне выкарыстоўваць сваю зброю для ўдараў па глыбокім тыле Расіі, заявіў міністр абароны краіны Рубен Брэкельманс. Ён таксама заклікаў іншыя дзяржавы зняць абмежаванні: «Украіна мае права на самаабарону. І калі краіну атакуюць з памежных раёнаў або з расійскіх аэрадромаў, то яна можа цэліцца ў вайсковыя аб'екты. Тое ж тычыцца варожых ракет — яны таксама могуць быць перахопленыя нашай зброяй над Расіяй». Міністр удакладніў, што дазвол на ўдары па Расі наўпрост тычыцца і знішчальнікаў F-16, якія перададуць Нідэрланды Украіне.
  • Урад Вялікабрытаніі абвясціў пра санкцыі супраць Паветрана-касмічных сіл РФ, а таксама 924-га Дзяржаўнага цэнтра беспілотнай авіяцыі і камандавання Ваенна-транспартнай авіяцыі. 
  • Вядома, што 924-ы дзяржаўны цэнтр беспілотнай авіяцыі РФ адказвае за пастаўкі БПЛА расійскай арміі. 
  • Акрамя таго, Лондан дадаў у спіс пяць новых спецыфікацый судоў у рамках абмежаванняў супраць Расіі і сем новых падсанкцыйных суб'ектаў у рамках рэжыму санкцый супраць Ірана. 
  • Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і кіраўнік МЗС Брытаніі Дэвід Лемі наведаюць Кіеў на гэтым тыдні. Пра гэта паведаміў Лемі на іх сумеснай прэс-канферэнцыі ў Лондане. 
  • Байдэн збіраецца ў пятніцу, 13 верасня, абмеркаваць з прэм'ерам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам дазвол для Украіны на выкарыстанне дальнабойнай зброі па тэрыторыі РФ, паведаміў Блінкен.