Рускія працягваюць мабілізацыю жыхароў ДНР/ЛНР, нязгодных ваяваць палохаюць расстрэламі
Мужчын, мабілізаваных у ДНР/ЛНР, адпраўляюць наперадзе рэгулярных войскаў РФ на штурм украінскіх пазіцый.
![lynxmpei1q0j1_orutp_l.jpg lynxmpei1q0j1_orutp_l.jpg](/img/v1/images/lynxmpei1q0j1_orutp_l.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Расійскія
акупацыйныя войскі маюць востры недахоп жывой сілы — і таму працягваюць незаконную
мабілізацыю жыхароў ДНР/ЛНР. Іх адпраўляюць у бой наперадзе расійскіх войскаў
як жывы шчыт, паведамляе УНІАН.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісала ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.
«Мабілізацыя на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей адбываецца гвалтоўнымі метадамі: мужчын затрымліваюць на вуліцах, у крамах і сілай вязуць у ваенкаматы, а нязгодных выконваць загады палохаюць расстрэламі на месцы», — патлумачыла Дзянісава.
Прызыўнікоў-навабранцаў без падрыхтоўкі і экіпіроўкі расійскія акупанты адправілі пад Харкаў. Ніякіх дакументаў так званае «камандаванне» з імі не падпісвала. Паводле слоў Дзянісавай, мужчын адпраўляюць наперадзе рэгулярных войскаў на штурм украінскіх пазіцый.
Яна падкрэсліла, што міжнароднае гуманітарнае права забараняе прымусовую мабілізацыю.
«У адпаведнасці з артыкулам 51 IV Жэнеўскай канвенцыі аб абароне грамадзянскага насельніцтва падчас вайны, забараняецца акупацыйнай дзяржаве прымушаць асоб, якія знаходзяцца пад абаронай, — гэта значыць тых, хто аказваецца пад ўладай боку канфлікту або акупацыйнай дзяржавы, грамадзянамі якіх яны не з'яўляюцца, — служыць у яе ўзброеных або дапаможных сілах. Звяртаюся да Камісіі ААН па расследаванні парушэнняў правоў чалавека падчас ваеннага ўварвання РФ ва Украіну і экспертнай місіі, створанай дзяржавамі — удзельніцамі АБСЕ ў адпаведнасці з Маскоўскім механізмам, улічыць гэтыя факты парушэння РФ правоў чалавека ва Украіне», — заявіла амбудсменка.
Расія таксама праводзіць мабілізацыю і ў часова акупаваным Крыме. Сярод тых, каго гвалтам адпраўляюць на вайну з Украінай, ёсць і крымскія татары, якія не могуць скласці зброю з-за пагрозы прымянення сілы да іх родных.