«Рускія скралі мае кубкі і медалі», — знакаміты футбаліст распавёў, як перажыў акупацыю Гастомеля

Знакаміты ўкраінскі футбаліст Уладзіслаў Вашчук распавёў пра жыццё пад рускай акупацыяй італьянскім журналістам: «Нічога не засталося. Кубкі і медалі дзевяці чэмпіёнскіх тытулаў з кіеўскім "Дынама", шасці кубкаў Украіны, Суперкубка краіны... Памяць пра маю кар'еру разрабаваная, магчыма, перапрададзеная...»

vaszczuk.jpg

«Ветэран зборнай Украіны: расіяне скралі мае кубкі і медалі, усе мае ўспаміны». Пад такой назвай найбуйнейшая італьянская штодзённая газета «La Repubblica» размясціла на сваіх старонках аповед знакамітага кіеўскага дынамаўца і гульца нацыянальнай зборнай Украіны па футболе Уладзіслава Вашчука пра тое, як ён з дзецьмі знаходзіўся пад расійскай акупацыяй.

«47-гадовы Уладзіслаў Вашчук нядаўна вярнуўся дадому ў Гастомель, на поўнач ад Кіева, пасля двух тыдняў у склепе і ўцёкаў з дзецьмі. Ён распавёў La Repubblica аб жыцці пад акупацыяй і пасля яе», — піша італьянскае выданне.

Расповед Уладзіслава Вашчука падобны да запісаў у блакадным дзённіку. Ён і яго дзеці разам з суседзямі хаваліся ў падвале. Знікла электрычнасць, адключылі газ, вельмі сціплую ежу даводзілася гатаваць на вогнішчы. А калі праз 2 тыдні ім удалося вырвацца з «расійскай акупацыі», уздоўж дарогі, па якой яны ішлі, бачылі расстраляныя машыны і знішчаныя дамы Гастомеля.

А праз тры дні ў дом, які ён вымушана пакінуў, уварваліся рускія…

«І нічога не засталося. Кубкі і медалі дзевяці чэмпіёнскіх тытулаў з кіеўскім "Дынама", шасці кубкаў Украіны, Суперкубка краіны. Футболкі, якімі мы абменьваліся з футбалістамі тых гадоў, газетныя артыкулы пра мой адзіны гол у зборнай. Памяць аб маёй кар'еры разрабаваная, магчыма, перапрададзеная. І я па начах не сплю», — распавёў італьянскім рэпарцёрам знакаміты спартсмен.

Уладзіслаў Вашчук на сваёй старонцы ў Facebook напісаў наконт гэтага артыкула: «Італьянская "La Repubblica" апублікавала артыкул пра тое, што адбылося са мной і маёй сям'ёй. Вельмі важна даносіць праўдзівую інфармацыю пра вайну ўсяму свету, усёй Еўропе».

Паводле nsju.org