СБУ: Расіяне планавалі пасля захопу Кіеўшчыны выдаць жыхарам дакументы СССР
Служба бяспекі Украіны выявіла, што ў выпадку захопу Кіеўскай вобласці расіяне планавалі стварыць тут акупацыйную адміністрацыю і арганізаваць псеўдарэферэндум для абвяшчэння мясцовай Рэспублікі. Меркавалася, што ўсіх жыхароў возьмуць на ўлік, а ў абмен на ўкраінскія дакументы прымусова раздадуць пашпарты СССР — прынамсі на першы час да выдачы дакументаў РФ.

СБУ паведамляе, што пра гэта сведчаць звесткі, якія вайсковая контрвыведка атрымала на пазіцыях захопнікаў.
У прыватнасці, знойдзена схованка з бланкамі пашпартоў былога СССР. Яна была ўладкавана ў закінутым доме паблізу горада Макараў Бучанскага раёна.
Падчас яго агляду праваахоўнікі канфіскавалі сотні незапоўненых савецкіх пашпартоў.

Характэрна, што гэтыя бланкі былі менавіта ўкраінскага ўзору — ад імя УССР. Гэта значыць усе надпісы на іх выкананы не толькі на рускай, але і на ўкраінскай мове. Прычым падобная серыя не выраблялася ва Украіне з 1990 года. Такім чынам, усе выяўленыя бланкі — былі завезеныя з РФ на пачатку вайны супраць Украіны.
Зараз працягваюцца неадкладныя следча-аператыўныя дзеянні для ўстанаўлення ўсіх абставінаў злачынства і прыцягнення да адказнасці вінаватых асоб, паведамляе СБУ.