СМІ паведамляюць пра абстрэл расійскіх памежнікаў на мяжы з Украінай. Улады РФ маўчаць
У Белгародскай вобласці Расіі абстралялі два аўтамабілі памежнікаў. Адзін вайсковец загінуў. Пра гэта паведамілі два буйных расійскіх тэлеграм-канала: Baza і Shot.
Інцыдэнт адбыўся каля мяжы з Украінай. Першы абстрэл здарыўся каля паўдня 5 ліпеня, недалёка ад пасёлка Красная Яруга. З невядомай зброі і гранатамёта быў абстраляны УАЗ, у якім знаходзіліся пяць памежнікаў, піша Baza. Адзін мужчына загінуў, трое атрымалі раненні. Службовы УАЗ цалкам згарэў.
У другім уазіку, на які была здзейсненая атака з квадракоптара, знаходзілася двое. Яны не пацярпелі. Пашкодзіла толькі машыну, паведамляе Shot.
Улады Белгарадскай вобласці інфармацыю аб нападах на машыны памежнікаў не каментавалі.