СМІ: ЗША і іх саюзнікі па NATO накіравалі ва Украіну сістэмы СПА

Злучаныя Штаты і іх саюзнікі па NATO накіравалі ва Украіну сістэмы супрацьпаветранай абароны. Аднак, гаворка ідзе не пра тыя СПА, якія раней запрасіла Украіна.

_mil_in_ua_650x410.jpg


Як інфармуе CNN, спасылаючыся на заяву высокапастаўленага прадстаўніка ЗША, у гэтыя дадатковыя сістэмы ўваходзяць мабільныя сістэмы СПА савецкіх часоў: SA-8, SA-10, SA-12 і SA-14.

«Гэтыя сістэмы маюць меншы дыяпазон вышынь, чым сістэма С-300, якую запрасіла Украіна. Аднак іх далёкасць вышэй, чым у ракет Stinger, раней пастаўленых ва Украіну, што дае ім магчымасць паражаць крылатыя ракеты», — гаворыцца ў паведамленні.

Па словах гэтага ж чыноўніка ЗША, сістэмы былі атрыманы ад краін-партнёраў NATO і знаходзяцца «на шляху ва Украіну».

Раней CNN паведамляла, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і Кангрэс ЗША ціснуць на адміністрацыю амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна, каб яна знайшла спосаб даставіць цяжкае ўзбраенне савецкай вытворчасці, якое б выкарыстоўвалася ў вайне супраць РФ. Гаворка ішла аб знішчальніках МіГ і зенітна-ракетных комплексах С-300.

Сёння Уладзімір Зяленскі выступіў перад Кангрэсам ЗША, заявіўшы, што для абароны сваіх людзей Украіна мае патрэбу ў закрыцці неба. Аднак і назваў іншую альтэрнатыву — прадастаўленне Украіне С-300 і іншых СПА для абароны ад нападаў РФ.