«Сотні загінулых»: наступствы паўзы Трампа ў разведвальнай дзейнасці ва Украіне

Рашэнне ЗША прыпыніць перадачу ваеннай разведвальнай інфармацыі Украіне дапамагло прасоўванню Расіі ўздоўж крытычнай часткі фронту і прывяло да гібелі многіх украінскіх вайскоўцаў, пішуць СМІ. Ідзе 1109-ы дзень шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны, пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Мітынг каля амбасады ЗША ў Кіеве, 8 сакавіка 2025

Мітынг каля амбасады ЗША ў Кіеве, 8 сакавіка 2025

«У выніку гэтай паўзы загінулі сотні ўкраінцаў», — сказаў адзін з афіцэраў у інтэрв'ю TIME у пятніцу ў Кіеве, папрасіўшы не называць яго імя пры абмеркаванні далікатных вайсковых аперацый. «Самая вялікая праблема — маральны дух», — адзначыў ён, паколькі ўзброеныя сілы Украіны вымушаныя змагацца без некаторых з найлепшых сістэм узбраення, не праз расійскія атакі, а праз адступленне амерыканцаў. «Гэта сапраўды дае перавагу праціўніку на лініі фронту».

У прыватнасці, ва ўкраінскіх войсках у Курскай вобласці Расіі ўзнікаюць цяжкасці ва ўтрыманні захопленых тэрыторый з-за страты доступу да амерыканскай выведкі.

Таксама УСУ страцілі магчымасць выяўляць расійскія бамбавікі і ваенныя самалёты падчас іх узлёту з тэрыторыі Расіі.

ЗША спынілі прадастаўленне даных выведкі Украіне неўзабаве пасля таго, як прэзідэнты абедзвюх краін, Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп, сутыкнуліся ў Авальным кабінеце 28 лютага. Падчас сустрэчы Зяленскі ўсумніўся ў тым, што расейцам можна давяраць у пытанні любога спынення агню. Прэзідэнт Трамп і віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс адказалі лаянкай украінскага лідара на камеру. 

У наступныя дні ЗША прыпынілі вайсковую дапамогу Украіне, у тым ліку абмен выведданымі.

Між тым, як піша CNN, ЗША працягваюць перадаваць Украіне даныя выведкі, але толькі для абароны. Вашынгтон спыніў перадачу інфармацыі, якая магла б дапамагчы УСУ ў наступе, каб не дапусціць трактоўкі сваёй падтрымкі як садзейнічанне ўдарам па тэрыторыі Расіі, адзначае выданне. Нягледзячы на гэта, УСУ маюць альтэрнатыву — атрымліваць спадарожнікавыя здымкі ад прыватных кампаній ЗША і Еўропы на камерцыйнай аснове. Аднак гэта не танна: чорна-белы кадр 25=25 км у сярэднім раздзяленні каштуе $350, а для розных падраздзяленняў патрэбныя тысячы такіх здымкаў.

*****

Эксперты Інстытута вывучэння вайны (ISW) паказваюць на тое, што пры адсутнасці дапамогі ЗША Украіне расейцы ўзмацняюць наступ на полі бою, а таксама нарошчваюць магутнасць камбінаваных удараў дронамі і ракетамі, каб знясіліць украінскую СПА і адаптавацца да паспяховых украінскіх інавацый у галіне радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).

У студзені 2025 года расейскія войскі запускалі ў сярэднім 83,4 беспілотніка на ўдарную групу, у лютым 2024 года — 139,3 беспілотніка на ўдарную групу, а ў перыяд з 1 па 7 сакавіка — у сярэднім 128,8 беспілотніка на ўдарную групу.

photo_2025_03_08_12_04_14.jpg

*****

Пад пагрозай атачэння 10 000 украінскіх вайскоўцаў на Куршчыне, піша The TelegraphПаведамляецца, што амаль тры чвэрці ўкраінскіх сіл на тэрыторыі РФ знаходзяцца ў стане амаль поўнага атачэння і рызыкуюць быць падзеленымі на дзве часткі. Войскі, якія засталіся паблізу мяжы, маюць сувязь з асноўнымі сіламі праз вузкі калідор даўжынёй каля кіламетра і шырынёй менш за 500 метраў у самым вузкім месцы.

Выданне сцвярджае, што асноўны наступ на УСУ пачаўся пасля таго, як ЗША спынілі абмен выведданымі з Украінай.

Але інфармацыю пра атачэнне войскаў абвяргае РБК Украіна.

Паводле інфармацыі выдання, сілы абароны прымаюць меры для стабілізацыі сітуацыі і плануюць контрдзеянні. Сітуацыя на курскім плацдарме пачала пагаршацца пасля таго, як вайскоўцы РФ прасунуліся на паўночным захадзе ад Суджы да ўкраінскай мяжы. Цяпер гэтыя войскі, па словах крыніц, хочуць прабіцца да Басоўкі і далей да Юнакоўкі Сумскай вобласці.

Шырыня ўкраінскага плацдарма ў Курскай вобласці цяпер скарацілася да 11 км. Вядзенне абароны і баявых дзеянняў там ускладняе лясная мясцовасць і масавае прымяненне ворагам дронаў на оптавалакне. Аднак, як тлумачаць крыніцы, сітуацыя яшчэ не катастрафічная і атачэння ўкраінскіх войскаў там пакуль няма.

*****

Расейцы ўдарылі па Дабраполлі ў Данецкай вобласці. Прынамсі 11 чалавек загінулі і 40 параненыя. Сярод параненых — 5 дзяцей.

Пашкоджаны 8 пяціпавярховых дамоў, адміністрацыйны будынак і 30 аўтамабіляў. Узніклі пажары ў жылых дамах і адміністрацыйным будынку. Падчас тушэння агню акупанты нанеслі паўторны ўдар, пашкодзіўшы пажарную машыну.

У Данецкай вобласці 8 сакавіка абвешчана дзень жалобы. Улады называюць гэты ўдар адным з самых жорсткіх за апошні час.

Амбасадар ЗША ва Украіне Брыджыт Брынк назвала «жудаснымі навінамі» наступствы начных нападаў Расіі.

«Жудасныя навіны адносна начных нападаў, якія ўразілі некалькі рэгіёнаў Украіны, у выніку якіх загінулі па меншай меры 11 чалавек, яшчэ 40 атрымалі раненні. У прыватнасці, быў ажыццёўлены двайны ўдар па першай хвалі ратавальнікаў у Дабраполлі. Выратавальныя працы працягваюцца», — напісала Брынк.

Пазней у абласной пракуратуры паведамілі, што вораг ударыў па горадзе ракетамі Іскандэр-М, Тарнада-з, таксама выкарыстаў БПЛА Герань-2 па шматкватэрных дамах дзе знаходзіліся грамадзянскія. Прадстаўніца ДСНС Данеччыны Вераніка Бахал паведаміла Суспільнаму, што ўсе пажары на месцы ўчорашняга расійскага абстрэлу патушаныя. Завалаў на месцы траплення расійскіх ракет і дрона няма — людзей пад імі не шукаюць.

*****

Уначы расійскія беспілотнікі атакавалі грамадзянскае прадпрыемства ў Багадухаве на Харкаўшчыне. Паводле папярэдніх звестак, загінулі 3 чалавекі, яшчэ 7 параненыя.

Адзначаецца, што ўдар трапіў на тэрыторыю мясакамбіната, узнік пажар і пашкоджаны вытворчыя цэхі, гаражы.

*****

У ноч на 8 сакавіка ў выніку падзення аскепкаў варожага дрона на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства ў Запарожжы паўстаў маштабны пажар агульнай плошчай 400 кв.м.

Ратавальнікі адзначылі, што агонь ахапіў зварачны цэх і дапаможныя збудаванні.

*****

У Бранскай вобласці атакаваны камбінат, які вырабляе сухпайкі для расійскай арміі.

Расія заяўляе пра атаку шасцю рэактыўнымі дронамі «пекла», якія трапілі ў вытворчае памяшканне і выклікалі маштабны пажар. З-за пагрозы выбухаў мясцовых жыхароў эвакуіравалі.

*****

Каля сотні расіян прайшлі па газаправодзе да пазіцый сіл абароны ў раёне Суджы, піша Украінская праўда.

Расейцы некалькі дзён рыхтаваліся да гэтай аперацыі, прачышчалі КАБамі зону, з якой будуць выходзіць. Для УСУ гэта не было нечаканасцю, але падарваць трубу ва ўмовах абмежаванай лагістыкі было немагчыма. Пазней УСУ паведамілі пра знішчэнне дыверсантаў: дачакаліся выхаду праціўнка з тунэлю і завалілі трубу, пасля чаго эвакуацыя ворага сталася немагчымай. Каля 80% асабовага складу групы дыверсантаў знішчана.

Гаворка пра падземныя трубы газаправода «Урэнгой-Памары-Ужгарад», па якіх да 1 студзеня 2025 года РФ пастаўляла газ у Еўропу праз тэрыторыю Украіны. Дыяметр адной трубы складае 1,4 метра.

*****

Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 08.03.25 арыенціровачна склалі:

асабістага складу — 883950 (+1000) чалавек,

танкаў —10268 (+4),

баявых браніраваных машын — 21346 (+12) адз,

артылерыйскіх сістэм — 24148 (+24) адз,

РСЗА —1307 (+1) адз,

сродкі СПА — 1099 (+3) адз,

самалётаў — 370 (+0) адз,

верталётаў — 331 (+0) адз,

БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 28172 (+148),

крылатыя ракеты — 3120 (+35),

караблі — 28 (+0) адз,

падводныя лодкі — 1 (+0) адз,

аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 39791 (+113) адз,

спецыяльная тэхніка — 3772 (+3).