Суд у Маскве завочна арыштаваў спявачку Джамалу, пераможцу Еўрабачання
Суд у Маскве завочна арыштаваў Народную артыстку Украіны, спявачку Джамалу паводле артыкула аб так званых фэйках пра расійскае войска.
Суд у Маскве завочна арыштаваў Народную артыстку Украіны, украінскую спявачку крымскататарскага паходжання Сусану Джамаладзінаву, вядомую як Джамала, паводле справы аб распаўсюджванні «фэйкаў» пра расійскае войска. Пра гэта паведамляе маскоўская пракуратура ў сваім тэлеграм-канале, піша «Медуза».
У маскоўскай пракуратуры ўдакладнілі, што падставай для судовай справы паслужыў запіс, які спявачка апублікавала 4 красавіка 2022 года на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак.
У пракуратуры заявілі, што Джамала, публікуючы «загадзя ілжывую» інфармацыю аб дзеяннях расійскага войска ва Украіне, кіравалася матывамі нацыянальнай нянавісці і «нянавісці ў дачыненні да сацыяльнай групы «вайскоўцы Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі».
Пра які менавіта запіс ідзе гаворка, у пракуратуры не ўдакладнілі. Аднак можна меркаваць, што гаворка пра пост Джамалы, прысвечаны забойству мірных жыхароў у Бучы.
Справу ў дачыненні да спявачкі будзе разглядаць Басманны раённы суд.
У 2016 годзе Джамала, якая прадстаўляла Украіну, перамагла ў конкурсе «Еўрабачанне» ў Стакгольме з песняй «1944» аб дэпартацыі крымскіх татараў.
Спявачка паслядоўна публічна асуджае анексію Крыма і ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну.
У красавіку 2022 года Джамала была ўключана МЗС Расіі ў спіс украінскіх артыстаў, уезд якіх у Расію забаронены на 50 гадоў.
У лістападзе 2023 года стала вядома, што МУС РФ абвясціла Джамалу ў вышук.
У 2023 годзе Джамала запісала альбом «Крым», у якім сабрала старадаўнія песні свайго народа.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», яшчэ у 2016 годзе Джамала адмовілася ад прапановы прыняць грамадзянства Расіі ад віцэ-прэм'ера самаабвешчанага ўрада Крыма Георгія Мурадава. «Не, дзякуй. У мяне ўжо ёсць грамадзянства, і іншага мне не трэба», — заявіла тады спявачка падчас прэс-канферэнцыі, якую яна дала ў Кіеве.
Паводле meduza.io, www.svoboda.org