Супраць цягніка смерці

У Германіі закончыліся антыатамныя пратэсты ў Гарлебене. У акцыях упершыню прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя. Яўген Герасіменка, удзельнік падзей, актывіст Беларускай партыі “Зялёныя, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад пабачанага з журналістам “НЧ Алегам Новікавым.

— Хаця кадры з выявай пратэстуючых немцаў амаль кожны дзень ішлі па “Euronews, напэўна, ёсць сэнс яшчэ раз растлумачыць чытачу, што такое Гарлебен і ў чым сутнасць канфлікту?



1b318124e37af6d74a03501474f44ea1.jpg

У Германіі закончыліся антыатамныя пратэсты ў Гарлебене. У акцыях упершыню прыняла ўдзел беларуская дэлегацыя. Яўген Герасіменка, удзельнік падзей, актывіст Беларускай партыі “Зялёныя, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад пабачанага з журналістам “НЧ Алегам Новікавым.
— Хаця кадры з выявай пратэстуючых немцаў амаль кожны дзень ішлі па “Euronews, напэўна, ёсць сэнс яшчэ раз растлумачыць чытачу, што такое Гарлебен і ў чым сутнасць канфлікту?
— Гарлебен — гэта невялікая вёска ў зямлі Ніжняя Саксонія. Яе насельніцтва складае прыкладна 600–800 чалавек. Аднак пра Гарлебен ведае кожны немец, паколькі побач з вёскай знаходзяцца атамныя магільнікі. Тут хаваюць адыходы нямецкіх АЭС, якія вязуць сюды на цягніку пасля перапрацоўкі з Францыі ў спецыяльных кантэйнерах. Той цягнік называюць у прэсе “цягніком смерці, таму што колькасць радыеактыўнага матэрыялу на ім роўная некалькім Чарнобылям. Традыцыя пратэставаць супраць канвою, які таксама называюць “Кастар (кампанія — вытворца кантэйнераў для атамнага смецця), узнікла яшчэ на пачатку 1980-х гадоў. Звычайна акцыі пачынаюцца, як толькі цягнік перасякае французска-нямецкую мяжу. Эколагі спрабуюць затрымаць састаў любымі сродкамі. Адгортваюць шчэбень з-пад рэек, прыкоўваюць сябе да іх кайданкамі, скачуць на кантэйнеры з дрэваў. У сваю чаргу, паліцыя спрабуе не дапусціць правакацый. Над цягніком увесь час лятае верталёт. Наперадзе “Кастара едзе спецыяльная платформа з паліцэйскімі. Кульмінацыі пратэсты дасягаюць на подступах к Гарлебену, калі пачынаюцца спробы блакады чыгункі і аўтамабільнай трасы, якая непасрэдная вядзе да месца магільніку. Тут часам канвой рухаецца з хуткасцю тры метры ў гадзіну.
— Гарлебен–2010 чымсьці адрозніваўся ад папярэдніх?
— Пасля таго, як урад зялёных і сацыял-дэмакратаў напрыканцы 1990-х прыняў закон пра вывад усіх нямецкіх АЭС з эксплуатацыі на працягу 25 гадоў, антыатамны рух палітычна стаў менш значным. Увосень гэтага года кабінет Ангелы Меркель адмяніў той закон. На вуліцы Берліну адразу выйшла каля ста тысяч чалавек. Назіральнікі тады зрабілі прагноз, што ў гэтым годзе трэба чакаць вялікіх пратэстаў у Гарлебене. Так і атрымалася. У агульнай дэманстрацыі было 50 тысяч чалавек — рэкорд за ўсе часы гісторыі пратэстаў.
— Як маленькая вёска змагла перажыць навалу такой колькасці людзей?
— Натуральна, Гарлебен не можа прыняць так шмат. Дапамагаюць фермеры, якія даюць свае палі пад намётавыя лагеры і месцы для дэманстрацый. У Гарлебене, дарэчы, вельмі моцная антыатамная культура. Амаль над кожным будынкам можна пабачыць сцяг з жоўтым крыжам — знак “Стоп АЭС. Або каля ўваходу ў дом стаіць бочка, якая сімвалізуе атамныя адыходы. Уся дарога да магільнікаў застаўлена фермерскімі трактарамі. Мяне як беларуса ўразіла такая форма сімвалічнага пратэсту, як шыбеніцы, на якіх вісяць муляжы людзей, што сімвалізуюць ахвяраў атамнай энергетыкі. Шыбеніцы стаяць уздоўж дарог і выклікаюць супярэчлівыя пачуцці.
— Як арганізаваныя лагеры эколагаў?
— Такіх лагераў некалькі. Мы жылі ў намётах. Дзякуючы саломе, якую прынеслі тыя ж фермеры, спаць там было дастаткова ўтульна. У лагеры ёсць біяпрыбіральні і гарачая кухня. Зразумела, што ў лістападзе надвор’е не вельмі цёплае, аднак па-сапраўднаму холадна стала толькі ў апошнія дні. Вялікую частку быту жыхароў лагеру займаюць рознага кшталту прававыя семінары, на якіх вучацца, як сябе паводзіць падчас блакады. Напрыклад, існуе цэлы інстытут спікераў. Падчас акцый у выпадку нейкага канфлікту, перамовы з паліцыяй вядзе спецыяльна загадзя абраны чалавек. У сваю чаргу, у паліцыі ёсць таксама спікер на такія выпадкі. Акрамя савету спікераў, існуе савет абшчынаў. Сістэма дэмакратыі вельмі эфектыўная.
— Якое ўражанне засталося ад паводзін нямецкай паліцыі?
— У нас, беларусаў, добрае. У немцаў — вельмі кепскае. На згаданай маніфестацыі, дзе было 50 тысяч чалавек, не было ніводнага паліцэйскага. У Беларусі ў такім выпадку, напэўна, ахоўнікаў правапарадку было б больш за людзей. Паліцыя ўмяшалася толькі тады, калі анархісты з Чорнага блоку паспрабавалі перакапаць дарогу. Паліцэйскія ўвайшлі арганізаванай калонай у натоўп і былі сустрэтыя дастаткова негатыўна. Аднак ніякага гвалту з боку паліцыі я асабіста не бачыў. Нават падчас зняцця блакады, яны дастаткова карэктна бралі пратэстуючых за рукі і ногі папросту адносілі іх за 10 метраў ад чыгункі.
— Як немцы ставіліся да беларускага дэсанту?
— Вельмі добра. Шмат хто, як аказалася, цікавіцца тым, што адбываецца ў нас у краіне. Шмат хто выказваў удзячнасць за тое, што мы прыехалі, паколькі амаль усе ведаюць, што такое Чарнобыль. Увогуле, беларусаў сярод іншаземцаў было больш за ўсіх.
— Што самі нямецкія эколагі думаюць пра вынікі кампаніі?
— На думку абсалютнай большасці, гэта была самая лепшая кампанія за часы пратэстаў у Гарлебене. Так, цягніку з-за акцый эколагаў спатрэбіўся рэкордна вялікі тэрмін, каб дасягнуць фінальнай кропкі. На дэманстрацыю таксама выйшла самая вялікая колькасць людзей. Акрамя таго, Гарлебен паказаў масавую незадаволенасць немцаў атамнай палітыкай ураду. Закон аб вывадзе АЭС з эксплуатацыі быў прыняты ў выніку 10–15 гадоў грамадскіх дэбатаў. Той закон быў вялікім кампрамісам. А Меркель папросту прыйшла і ўсё скасавала.
— Ходзяць чуткі, што наступны “Кастар паедзе не ў Гарлебен, а на Урал у Расію, дзе ёсць свой магільнік “Маяк. Наколькі рэальны такі праект, і ці не рушыць “цягнік смерці транзітам праз Беларусь?
— Канцлер Ангела Меркель відавочна павінна лічыцца з маштабам акцый супраць яе закону. Яна нават заявіла, што атамная энергетыка будзе ў перспектыве выкарыстоўвацца ў выключных выпадках. На гэтай глебе, мяркую, і з’явіліся чуткі пра ўральскі праект. Аднак, на маю думку, людзі раней даб’юцца свайго — закрыцця ўсіх АЭС у Германіі. У немцаў вельмі рашучы настрой. У гэтым плане ўразіў сімвалізм акцый. Па сутнасці, усе ведалі, што позна ці рана “цягнік смерці, нягледзячы на ўсе акцыі і блакады, дасягне сваёй мэты. Аднак людзі ўсё роўна выходзілі на блакады і дэманстрацыі, каб давесці, што ў іх ёсць грамадзянская пазіцыя, якую ўрад не мае права ігнараваць.