Сусветныя цікавосткі: Спякота праз дыктатуру, таямніца рабавання стагоддзя, абяцанне пачаць курыць «траўку», каб стаць прэзідэнтам
Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.
«Ва Украіне» ці «на Украіне»? Меркаванне Савета польскай мовы
Вайна Расіі ва Украіне стала прычынай канфлікту ўнутры філалагічнай супольнасці Польшчы. Адмыслоўцы не могуць прыйсці да кансэнсусу, як правільна пісаць: «ва Украіне» ці «на Украіне»? Польскія слоўнікі рэкамендуюць ужыванне канструкцый з прыназоўнікам «на». У спрэчку прыйшлося ўмяшацца Савету польскай мовы пры Акадэміі навук. Праз некаторы час Савет выдаў адмысловую заяву, у якой акрамя ўсяго іншага адзначаецца, што практыка выкарыстання прыназоўнікаў «на» і «ва» ў дачыненні да назваў краін-суседзяў Польшчы склалася ў той час, калі сэнс дзяржаўнасці гэтых краін быў іншым. Тады ні Украіна, ні Беларусь, ні Літва і г.д. не валодалі суверэнітэтам, у адрозненне ад Польшчы. Такім чынам, кажучы, напрыклад, «на Беларусі», палякі карыстаюцца лінгвістычным артэфактам мінулага, што аднак не з'яўляецца праявай сумневу ў беларускім суверэнітэце. Савет польскай мовы заклікаў заахвочваць выкарыстанне канструкцыі «ва Украіне», але пры гэтым звярнуўся да грамадзян Украіны з заклікам паважаць звычаі палякаў, якія аддаюць перавагу форме «на Украіне». Як падкрэсліваецца ў заяве, «гэта не з'яўляецца прыкметай пагарды. Змены ў мове адбываюцца павольна, не толькі ў польскай».Па матэрыялах польскай прэсы
Дыктатура і спёка
Іспанія, як і многія іншыя краіны Еўропы, пакутуе ад страшэннай спёкі. Яна становіцца прычынай лясных пажараў і нашэсця саранчы. Нечакана высветлілася, што змена клімату — не адзіны фактар, які выклікае дыскамфорт у людзей праз фенаменальную спёку. За гэта часткова адказны... дыктатар Франсіска Франка. Франка, як вядома, шмат чым быў абавязаны Гітлеру. Аднак пры гэтым удзельнічаць у яго вайсковых авантурах не жадаў і намагаўся кампенсаваць гэта нейкімі сімвалічнымі акцыямі. Так, у 1940-м ён на знак сяброўства з Германіяй запатрабаваў, каб Іспанія перайшла на берлінскі час. Для гэтага іспанцы мелі перавесці гадзіннік на гадзіну назад. Вынікам рэформы былі заўважныя змены ў быту тубыльцаў, паколькі спякота пачыналася не апоўдні, а трошкі пазней, прыблізна ў абедзенны час, і заканчвалася бліжэй да ночы. З часам пра тую рэформу 1940-га забыліся і вось цяпер праз тэмпературныя рэкорды ўзгадалі. Некаторыя прапануюць павярнуць стрэлкі назад нават на пару гадзінаў, каб гарачая частка дня паводле гадзінніку пачыналася і заканчвалася раней.
Аднак ёсць у ідэі і апаненты. Справа ў тым, што з 1940-га іспанцы паступова прызвычаіліся да таго, што ў паабедзенны час з-за спякоты яны адпачываюць, з той жа прычыны вячэраюць вельмі позна. Знакамітыя сіесты і амаль начныя вячэры сталі часткай народнай культуры, ад якой цяжка адмовіцца.
Паводле брытанскай прэсы
Таямніца «рабавання стагоддзя»
Гэтая гісторыя пачалася ў жніўні 1918-га, калі ў сібірскай Чыце перад прыходам атамана Сямёнава група анархістаў і левых эсэраў вывезла з мясцовага банка залаты запас Дзяржбанку Расійскай імперыі. Па ацэнках гісторыкаў, было канфіскавана 2048 кг. золата і 3456 кг. срэбра, што дала падставы назваць тую акцыю «рабаваннем стагоддзя». Пры гэтым самі анархісты сцвярджалі, што дзейнічалі абсалютна легальна. Яны і левыя эсэры ўваходзілі ў мясцовыя органы ўлады. Невыпадкова ахова банка супраціву ім не аказала. Бальшавікі, аднак, расцанілі тую «экспрапрыяцыю» як звычайнае рабаванне і пачалі пошук анархістаў і скарбаў. Паляванне за паслядоўнікамі Бакуніна арганізавалі і белыя. У выніку лідары анархістаў былі забітыя чырвонымі пры раззбраенні атраду ў Благавешчанску. Другую частку анархістаў перабілі белыя пры спробе прарыву ў Туркестан. Аднак золата таямніча знікла. Ніхто з узятых у палон не ведаў, куды яго схавалі. Толькі ў 1968 годзе было выпадкова знойдзена некалькі зліткаў з Чыцінскага банка. І вось днямі, 27-га ліпеня жыхар Чыты на сваім агародзе знайшоў зліткі золата і аддаў іх на экспертызу. Высветлілася, што гэта тое самае золата, якое было выкрадзена анархістамі ў далёкім 1918-м. Цяпер гісторыкі спадзяюцца, што недзе побач з тым агародам знаходзіцца ўвесь фантастычны скарб.Па матэрыялах расійскай прэсы
«Калі абяруся, абяцаю курыць "траўку"»
На наступным тыдні Кенія абірае прэзідэнта. Самым яскравым з кандыдатаў, безумоўна, з'яўляецца Джордж Ваджакоя — 63-гадовы юрыст, які нечакана знайшоў масавую падтрымку сярод маладога электарату. Усё дзякуючы сваёй эксцэнтрычнай выбарчай праграме. У тым ліку яна месціць абяцанні чатырохдзённага працоўнага тыдня, пераарыентацыю эканомікі краіны на развядзенне змей, публічныя пакаранні смерцю чыноўнікаў-хабарнікаў, прыпыненне дзеяння канстытуцыі, паколькі, як лічыць кандыдат, у свой час яе наўпрост спісалі з канстытуцый ЗША і Індыі. Урэшце, кандыдат абяцае ў выпадку перамогі пачаць… курыць канабіс. Гэта, маўляў, можа быць часткай новага прывабнага іміджу Кеніі, у якой таксама будзе легалізаваная марыхуана. Першапачаткова многія аналітыкі бачылі ў Ваджакоя «спойлера», які мусіў зламаць планы галоўных кандыдатаў. Аднак мяркуючы па тым, як дынамічна расце яго рэйтынг і як хутка многія бізнесмены пачынаюць інвеставаць у кампанію Ваджакоя, ён можа сур'ёзна паўплываць на фінальныя вынікі галасавання.Па матэрыялах брытанскай прэсы