Сусветныя цікавосткі: Вайна паміж маркамі, тэст на любоў да партыі, французскія гурманы і лёс жабак

Вайна паштовых марак ва Украіне, тэст на лаяльнасць да партыі ў Кітаі, рускія хочуць перайменаваць Лондан у Туманаўск — пра гэта і іншае ў нашым дайджэсце кур'ёзаў свету.

mycollages__19__1.jpg

Вайна паштовых марак

Калекцыянеры марак фіксуюць цікавы аспект вайны Расіі ва Украіне. Напэўна, упершыню ў гісторыі на перадавую кінуты паштовыя маркі. Па сутнасці, адбываецца неабвешчаная вайна паміж Укрпоштай і Поштай непрызнанай «ДНР» за тое, каб з дапамогай сваёй марачнай прадукцыі прадставіць адпаведнае бачанне падзей. Першым раўндам адбыўся па выніках падзей на востраве Змяіны, украінскія абаронцы якога паслалі куды далей расійскі ваенны карабель. Пошта ДНР выпусціла марку аб захопе вострава. У адказ Укрпошта правяла конкурс на лепшы эскіз патрыятычнай маркі, прысвечанай героям Змяінага. У выніку была надрукавана і выйшла вядомая марка, на якой украінскі салдат паказвае караблю сярэдні палец. Яе прэзентацыя стала прыкметнай грамадскай падзеяй. Чарга жадаючых набыць марку на кіеўскім Галоўпаштамце расцягнулася амаль на квартал. Так званая «ДНР» вытрымала паўзу і днямі надрукавала марку «Zакат нацызму».
Варта ўлічваць, што прадукцыя, надрукаваная на акупаванай тэрыторыі, каштоўнасці не ўяўляе і, строга кажучы, паштовымі маркамі не з'яўляецца, што і адзначыў афіцыйны Кіеў.
Так ці інакш відавочна, што ў цяперашніх умовах паштовая марка — не проста спецыяльны знак паштовай аплаты, а зараджаная ідэалогіяй візуальная мініяцюра, эфектыўны спосаб агітацыі і прапаганды.
Па матэрыялах расійскай і ўкраінскай прэсы

Тэст на любоў да партыі

Кітайскія навукоўцы сцвярджаюць, што распрацавалі штучны інтэлект, які, паводле іх слоў, можа чытаць думкі членаў камуністычнай партыі і адсочваць узровень іх лаяльнасці партыйнаму кіраўніцтву. Як? Аказваецца, вельмі проста. Сістэма можа счытваць выразы і міміку асобы і ваганні мазгавых хваляў, аналізуючы, наколькі ўважлівы актывіст да тэзісаў партыйнага кіраўніцтва. Па гэтых даных, калі верыць кітайскай прэсе, можна будзе «вызначыць узровень ідэалагічнай і палітычнай адукацыі». На падставе вынікаў тэсту, нібыта, нават будуць выдавацца «рэкамендацыі па далейшай кар'еры таго, хто здаў тэст».
Тэсты плануецца праводзіць у закрытым памяшканні — шкляной будцы з усталяванымі смарт-камерамі. Там сябрам кампартыі будуць трансляваць ролікі з выступамі партыйных правадыроў. Стваральнікі праекту абяцаюць, што з дапамогай гэтага вынаходніцтва можна будзе ацаніць і ўзняць узровень ідэалагічнай і палітычнай адукацыі любога сябра партыі.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

«Дэнацыфікацыя» тапанімікі

Нядаўна адзін з кіраўнікоў прапуцінскай партыі «Справядлівая Расія – За праўду» прапанаваў перайменаваць Калінінград ва Уладзібалтыйск. Ідэя атрымала працяг у выглядзе каскаду прапаноў наконт перайменавання іншых гарадоў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што пераназываць неабходна перш за ўсё чужыя геаграфічныя найменні, а не свае. Пачаць прапануюць з... Украіны, аднавіўшы назвы да «дэкамунізацыі». Гэта значыць горад Днепр павінен зноў стаць Днепрапятроўскам, Каменскае — Днепрадзяржынскам, Сноўск — Шчорсам і г.д. Гэта бачыцца як першасная задача на будучыню. Акрамя таго, прапануецца вярнуць дарэвалюцыйныя назвы ў балтыйскай тапаніміцы. Напрыклад, называць Вільнюс Вільняй а Ліепаю — Лібавай. Таксама гучаць заклікі выкарыстоўваць назвы з рускіх летапісаў. У такім выпадку Талін мусіць стаць «Калыванню» (так яго называлі ў тых самых летапісах). Не забыліся і пра дальняе замежжа. Тут фантазія ў некаторых разышлася. «Калі справа дойдзе да Англіі, то там і зусім можна адмовіцца ад педантычнасці і ў рамках дэнацыфікацыі забараніць ранейшыя назвы, замяніўшы іх новымі. Лондан назваць Туманаўскам, а Манчэстэр — Фабрычнагарск», — піша адзін з ініцыятараў перайменаванняў.
Па матэрыялах расійскай прэсы

Ці з'ядуць усіх жабак на планеце?

Вялікі рэзананс выклікала нядаўняя заява арганізацыі Pro Wildlife. Паводле эколагаў, любоў французаў да страў з жабінымі лапкамі ставіць від на мяжу знікнення. Еўропа штогод імпартуе да 200 мільёнаў дзікіх жаб, што відавочна спрыяе сур'ёзнаму змяншэнню мясцовых відаў за мяжой. Так, паводле ацэнак навукоўцаў, вадзяная жаба можа знікнуць у Турцыі да 2032 года з-за таго, што ідзе на экспарт у Еўропу. А албанская вадзяная жаба ўжо знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Эколагі робяць змрочную выснову: «Калі тэндэнцыя на еўрапейскім рынку працягнецца, вельмі верагодна, што мы ўбачым сур'ёзнае скарачэнне папуляцый дзікіх жаб і, магчыма, нават іх выміранне ў наступным дзесяцігоддзі».
Кіраўніцтва ЕС ужо адрэагавала на даклад. У Еўрапейскай камісіі абяцаюць, што «ЕС гатовы разгледзець магчымасць падтрымкі любых прапаноў аб забароне продажу жабак, калі існуе рызыка таго, што ён пагражае іх выжыванню».
Па матэрыялах брытанскай прэсы