«Паказаць, што нарабіла Расія». Шон Пэн здымае фільм пра ўварванне РФ ва Украіну
Галівудскі актор і рэжысёр Шон Пэн другі раз прыехаў у Кіеў. Ён плануе наведаць Бучу і Ірпень.
Шон Пэн зноў прыехаў у Кіеў, гэтым разам — для здымак дакументальнага фільма пра ўварванне Расіі ва Украіну.
З амерыканскім акцёрам і кінарэжысёрам Шонам Пэнам сёння сустрэўся Уладзімір Зяленскі. Ён падзячыў за ўвагу і падтрымку, якую Пэн аказвае Украіне з пачатку вайны. Пра гэта паведамілі ў Офісе ўкраінскага прэзідэнта 28 чэрвеня.
«Шон, мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб паказаць свету, што адбылося вакол Кіева. Я ведаю, што вы ў першыя дні вайны былі тут. Многае змянілася ў Кіеве. Але вакол Кіева ёсць некаторыя гарады, якія вельмі важна прадэманстраваць свету — паказаць тое, што нарабіла Расія», — сказаў Зяленскі.
Шон Пэн са свайго боку выказаў жаданне наведаць пацярпелыя ад расійскай агрэсіі населеныя пункты Украіны.
З першага дня вайны Шон Пэн маральна і матэрыяльна падтрымлівае бежанцаў у Польшчы і Львове. Гэтак жа ён заклікае ўсіх неабыякавых фінансава і зброяй дапамагчы ўкраінскай арміі.
Нядаўна Шон Пэн арганізаваў у Лос-Анджэлесе дабрачынны вечар, на якім яму ўдалося сабраць больш за мільён долараў для Украіны.
Паводле euronews.com, hromadske.ua