«The New York Times» паведамляе пра паразу расійскіх войскаў пад Харкавам

Гэта другая буйная параза расійскай арміі пасля яе адступлення з Кіева ў мінулым месяцы.

parad_4.jpg

Вайна ва Украіне прынесла другое вялікае расчараванне для Пуціна пасля таго, як яго войскі былі вымушаныя адступіць ад Кіева ў мінулым месяцы.

Амерыканская газета «The New York Times» са спасылкай на ўкраінскіх і заходніх чыноўнікаў паведамляе, што расіяне выводзяць свае сілы з-пад Харкава — другога па велічыні горада Украіны, дзе яны губляюць пазіцыі.

Газета адзначае, што агрэсар цяпер перакіне сваіх вайскоўцаў на паўднёвы ўсход у якасці падмацавання для ўтрымання горада Ізюм, які быў захоплены ў мінулым месяцы. Горад знаходзіцца ў двух гадзінах язды ад Харкава, і пасля яго захопу стаў асноўным аператыўным цэнтрам РФ у бітве за Данбас.

У той жа час ваенныя аналітыкі падкрэсліваюць, што ўкраінскае контрнаступленне пад Харкавам пачынае нагадваць паспяховае выцясненне акупантаў з-пад Кіева і паўночных раёнаў краіны. Хоць пакуль рана казаць, ці паспрабуюць расіяне вярнуць страчаныя пазіцыі ў бліжэйшы час.

Контрнаступ УСУ на Харкаўшчыне

Тыдзень таму ўкраінскія вайскоўцы пачалі контрнаступальныя дзеянні на Харкаўскім і Ізюмскім кірунках.

Паводле Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны па стане на 18:00 10 траўня, на Харкаўшчыне вызвалены ад расійскіх войскаў шэраг населеных пунктаў. Таксама паведамляецца, што праз значныя страты на тэрыторыі Харкаўскай вобласці падраздзяленні акупацыйных войскаў выводзяцца на аднаўленне ў Расію. Акрамя таго, значная частка асабовага складу напісала рапарты на звальненне.

Паводле www.unian.net