Толькі каляровыя прэзідэнты
На думку палітолагаў, усе ідзе таго, што наступныя прэзідэнты Злучаных Штатаў будуць выключна «каляровымі».
Пакуль прэзідэнт Джордж Буш-малодшы ўваходзіць у аналы гісторыі як змагар з тэрарызмам, ініцыятар непапулярнай інтэрвенцыі ў Ірак. Плюс як аўтар шматлікіх ляпаў — так званых
«бушызмаў». Кшталту: «Я меў гонар паціснуць руку адважнаму іракскаму грамадзяніну, якому Садам Хусейн адсек руку».
Між тым, магчыма, у будучым Буша-юніёра пачнуць таксама ўзгадваць як апошняга прэзідэнта ЗША з белай скурай. Дэмаграфічныя тэндэнцыі ў краіне дэманструюць, што нашчадкі англасаксаў, якія стварылі
Злучаныя Штаты, цяпер упершыню ў гісторыі сталі нацмэнамі. Здарылася тое ўлетку гэтага года. Цяпер колькасць «каляровых» амерыканцаў складае большасць, а менавіта 50,4 працэнта
насельніцтва ЗША.
Акрамя таго, сваю ролю адыграў фактар Абамы. Раней выхадцы з этнічных камун не лезлі ў вялікую палітыку, аддаючы перавагу бізнэсу. Феномен Абамы прымусіў шмат каго з юных нацмэнаў задумацца пра
кар’еру палітыка. Нарэшце, самі грамады, дзякуючы перамозе Абамы, сталі больш палітызаванымі. Пачалі цікавіцца палітыкай, кандыдатамі, партыямі і іх праграмамі.
Гэтыя трэнды ўжо пачалі адлюстроўвацца ў палітычным жыцці ЗША. Перамагчы на выбарах федэральнага ўзроўню можна толькі з улікам інтарэсаў выбаршчыка з камун афраамерыканцаў, выхадцаў з Лацінскай
Амерыкі, Азіі. Адпаведна, узнік запыт на «каляровых палітыкаў». Лічыцца з гэтым вымушаны нават самыя заўзятыя кансерватары. Добрым прыкладам з’яўляюцца апошні сход
рэспубліканцаў у Тампе. Трэцім кандыдатам у прэзідэнты (і, адпаведна, у віцэ-прэзідэнты) да мікрафона выпусцілі Марка Рубіё — сенатара, этнічнага кубінца. Дарэчы, хадзілі плёткі, што
менавіта Марка спачатку планавалі зрабіць кандыдатам у віцэ-прэзідэнты.
Што тады ўжо казаць пра партыю дэмакратаў, якія даўно робяць стаўку на нацмэнаў. Тут імкліва ўзыходзіць зорка Джуліяна Кастра, 37-гадовага мэра тэхаскага гораду Сан-Антоніё, які паходзіць з
сям’і мексіканскіх імігрантаў.
Цікавая палітычная біяграфія тэхасца. З дзяцінства Кастра добра ведаў праблемы чыканас (так называюць у ЗША тых, хто эміграваў з Мексікі). Яго прыёмная маці — славутая абаронца правоў
эмігрантаў з поўдня. Аднак з часам Джуліян пачаў цурацца іміджу мексіканскага патрыёта. Яго новае рэнаме — амерыканец памяркоўных прагрэсіўных поглядаў, якому не замінае яго мексіканскае
паходжанне. Такі сінтэз прынёс яму, акрамя галасоў лацінас, сімпатыі белых выбаршчыкаў і дазволіў стаць мэрам сёмага па колькасці жыхароў гораду ў ЗША.
Цяпер палітыкум у чаканні наступных выбараў губернатара Тэхасу. Перамога на іх можа наблізіць Кастра да Белага дому. Праўда, зрабіць гэта будзе нялёгка. Тэхас — вотчына рэспубліканцаў.
Важным фактарам у прапагандзе Кастра як кандыдата ў губернатары, безумоўна, будзе прыклад суседняй Луізіаны. Гэта штат узначальвае 41-гадовы этнічны індус Бобі Джындал. Нягледзячы на свае карані,
індус-губернатар лічыцца сваім у кампаніі кансерватараў. А правая прэса нават называе яго «другім Рэйганам». Джындал сапраўды пераплюнуў шмат каго ў гэтай галіне. Ён нават выступае
супраць права на аборты для ахвяр згвалтаванняў і забараніў выкладанне ў школах штату тэорыі эвалюцыі Дарвіна. Яшчэ на мінулых выбарах кандыдат рэспубліканцаў Джон МакКейн думаў прызначыць Бобі
кандыдатам у віцэ-прэзідэнты. Аднак у апошні момант абраў Сару Пэйлін.
Захапленне этнічнага індуса амерыканскім ладам жыцця папросту ўражвае. Ён яшчэ ў дзяцінстве адмовіўся ад індускага прозвішча, якое яму далі бацькі, і назваўся Бобі, каб быць падобным да каўбоя
— героя аднаго з серыялаў. З часам здрадзіў Бобі і рэлігіі продкаў. Таемна ад бацькоў, якія практыкавалі індуізм, пачаў наведваць касцёл, а пасля ўвогуле прыняў каталіцкую веру.
Джындал зрабіў сабе імя тым, што пасля заканчэння Оксфарду ва ўзросце 24 гадоў узначаліў медычны дэпартамент у Луізіане і цалкам ачысціў яго ад карупцыі. Пасля таго займаў шэраг дзяржаўных пасад, і
нават спрабаваў змагацца за пасаду губернатара, аднак прайграў. Апаненты-дэмакраты на выбарах, дарэчы, таксама гулялі на расісцкіх забабонах.
І тут на дапамогу Бобі прыйшло надвор’е. Пасля таго, як у 2005 годзе над Луізіанай праляцеў разбуральны ўраган Катрына, сталі бачныя ўсе правалы мясцовай адміністрацыі дэмакратаў. На
наступных выбарах губернатара электарат быў гатовы галасаваць за любога альтэрнатыўнага палітыка з любым колерам скуры. І ў 2007 годзе Бобі перамог, каб пасля зарэкамендаваць сябе ў якасці
аднаго з самых паспяховых губернатараў у краіне.
Практычны вопыт адміністратара, а таксама лаяльнасць з боку фундаменталістаў даюць шмат каму магчымасць спекуляваць наконт таго, што ў выпадку правалу Міта Ромні на выбарах–2012 менавіта
індус з берагоў Місісіпі павядзе рэспубліканцаў у бітву за Белы дом у 2016 годзе.
У выпадку вылучэння луізіанскага губернатара ў прэзідэнты, дэмакраты абавязкова ўзгадаюць пра 62-гадовага Гары Лока — сына кітайскіх імігрантаў з Сіэтла. Зараз Гары выконвае функцыі пасла
ЗША ў Пекіне, аднак уся краіна ведае яго як першага ў гісторыі губернатара штату кітайскага паходжання. Здарылася гэта ў 1996 годзе ў штаце Вашынгтон.
Да таго, як адправіцца ў Пекін, Гары кіраваў міністэрствам гандлю ў адміністрацыі Абамы. Цікава, што на гістарычнай радзіме з’яўленне новага пасла выклікала фурор не таму, што ён свабодна
размаўляе па-кітайску. Проста мясцовыя камуністы былі шакаваныя тым, што палітык такога маштабу лятае ў самалётах эканамічным класам і сам носіць свой багаж.
Вось такі палітычны пасьянс складваецца па той бок Атлантыкі. Праўда, магчыма, трыумф каляровых палітыкаў, які прагназуецца на выбарах 2016 года, будзе перанесены на больш позні тэрмін. Такі варыянт
магчымы, калі пра свае прэзідэнцкія амбіцыі зноў узгадае цяперашні дзяржаўны сакратар Хілары Клінтан. Апошнім часам яна збіралася пайсці ў адстаўку, аднак цяпер, быццам, бярэ свае словы назад. Калі
жанчына стане кандыдатам у прэзідэнты, гэта, безумоўна, надасць кампаніі 2016 года гендэрнае адценне.
Аднак, у любым выпадку, гэта будзе толькі адтэрміноўка. Дэмаграфія ўпарта сведчыць, што гегемонія прадстаўнікоў белай расы ў амерыканскай палітыцы заканчваецца.