Туманная будучыня каталонскага футболу
Мадрыд знайшоў слабае месца каталонскага руху за незалежнасць. У выпадку абвяшчэння незалежнасці гонару Каталоніі — футбольнаму клубу «Барселона» — пагражаюць выключэннем з іспанскай футбольнай лігі.
Самае незвычайнае ў гэтай гісторыі тое, што славутая «Барселона» калісьці гуляла ў асобнай каталонскай футбольнай лізе і адчувала сябе пры гэтым цудоўна. Тая ліга была створаная
ў 1903-м і праіснавала аж да 1940 года. Прычым чэмпіянаты Каталоніі праходзілі паралельна з гульнямі ў іспанскай лігі (1929), у якіх таксама брала ўдзел тая ж «Барса». Усяго згулялі
35 сезонаў. Каталонская ліга на той час была настолькі моцнай, што атрымаць прапіску ў ёй марыў нават мадрыдскі «Рэал».
Апошні чэмпіянат Каталоніі быў разыграны ў сезоне 1939–1940 года на фоне кананады грамадзянскай вайны. Франкісты, якія ўступілі ў Барселону ў зеніце чэмпіянату, ненавідзелі ўсе
каталонскае. Каталонская футбольная ліга была хутка ліквідаваная. Увогуле, фанатам «Барселоны» яшчэ пашанцавала. У 1924 годзе дыктатар Прыма дэ Рывера ўвогуле забараніў футбольны
клуб за тое, што на клубным стадыёне падчас матчаў балельшчыкі выконвалі рэспубліканскія песні.
Каталонская футбольная федэрацыя і, адпаведна, ліга адрадзіліся толькі пасля падзення дыктатуры напрыканцы 1970-х. З таго часу каталонцы зноў разыгрываюць тытул чэмпіёна краю. Аднак вядучыя мясцовыя
клубы (накшталт «Барселоны» або «Эспаньёлы») у гэтых спаборніцтвах удзел не бяруць. Статус удзельнікаў цяперашняй каталонскай лігі нават ніжэйшы за турнір трэцяй
лігі іспанскага чэмпіянату.
Па логіцы, у выпадку абвяшчэння незалежнасці (такая падзея, на думку вядучых каталонскіх партый, можа мець месца ўжо ў 2014 годзе), у новай дзяржаве будзе створаная свая паўнавартасная футбольная
ліга, якую неабходна будзе запаўняць.
Што чакае «Барселону» ў такім выпадку, добра сведчыць прыклад мінскага «Дынама». Пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, клуб перастаў быць неафіцыйнай
футбольнай зборнай БССР. Хаця доўгі час ён дамінаваў у чэмпіянатах Беларусі, аднак пакуль бела-блакітныя застаюцца ценем таго «Дынама», што перамагло ў 1982 годзе ў чэмпіянаце СССР.
Такая ж, здаецца, будучыня і ў «Барселоны» з улікам узроўняў клубаў, якія могуць увайсці ў склад першага эшалону каталонскай лігі. Акрамя «Барселоны» і
«Эспаньёлы» ў двух вышэйшых дывізіёнах гуляюць яшчэ тры каталонскія каманды — «Gimnаstic» (Тарагона), «Girona FC» (Жырона) і
«CE Sabadell» (Сабадэль). Пяці клубаў для правядзення турніру яўна мала. Давядзецца запрашаць фактычна аматарскія калектывы, якім «Барселона» будзе забіваць колькі
заўгодна. Аднак наўрад ці гэты каскад галоў будзе спрыяць якасці гульні.
Прычым у каталонскім варыянце падзенне кваліфікацыі вядучага мясцовага клуба мае больш негатыўныя наступствы, чым гэта было ў нас напачатку 1990-х.
Футбольны клуб «Барселона» — гэта сапраўдная індустрыя. Бюджэт клубу на наступны год складае 426 мільёнаў еўра. Для параўнання, бюджэт Беларусі на наступны год —
усяго 14 з нечым мільярдаў долараў ЗША. У агульнадзяржаўных выдатках на 2013 год прадугледжаны выдаткі на беларускую навуку — і фундаментальную, і прыкладную — усяго 176 мільёнаў
долараў. Іншымі словамі, амаль у два з паловай разы менш за выдаткі аднаго футбольнага клубу.
І ўсе свае каласальныя прыбыткі «Барселона» можа лёгка страціць. Наўрад ці матчы «Барсы» і той жа «Жыроны» будуць выклікаць такі ажыятаж, як
сустрэчы ў рамках іспанскай лігі. Гэта, здаецца, цудоўна разумеюць праціўнікі каталонскага сепаратызму, якія падкрэсліваюць эканамічны кошт незалежнасці. Даходзіць да таго, што некаторыя кансерватары
кажуць, што ў выпадку дэкларацыі пра дзяржаўную самастойнасць каталонцаў чакае лёс албанцаў або баснійцаў.
Пры ўсёй неадэкватнасці падобных заяў, каталонскія нацыяналісты мусяць шукаць адказ на пытанне, што чакае «Барселону», каталонскі футбол і звязаную з ім камерцыйную інфраструктуру?
Як правіла, яны спрабуюць трымаць аптымізм, упэўнена сцвярджаючы, што «Барселону» ніхто з іспанскай лігі выганяць не будзе. Пра гэта французскаму каналу «Canal+»
на днях асабіста сказаў Хуан Лапорта, прэзідэнт дырэкцыі «Барселоны».
Доказы прыводзяцца наступныя. Па-першае ёсць прыклады, прычым па суседству. Фармальна, незалежныя дзяржавы Манака і Андора не маюць сваіх чэмпіянатаў. Мясцовыя клубы гуляюць у французскім і,
адпаведна, іспанскім турнірах. У крайнім выпадку можна ўжыць уэльскую мадэль. Тут існуе свой чэмпіянат. Аднак самыя моцныя рэгіянальныя клубы гуляюць у спаборніцтвах англійскай лігі.
Каталонская прэса супакойвае заўзятараў тым, што іспанскія ўлады не зацікаўленыя ў выключэнні каталонцаў са складу іспанскіх турніраў. У краіне, дзе беспрацоўе дасягае часам 20 працэнтаў, футбол
— важны сродак калектыўнай псіхалагічнай кампенсацыі. Таму паніжаць статус іспанскага чэмпіянату Мадрыду сабе даражэй.
Нарэшце, ёсць адзін незвычайны тэзіс, паводле якога каталонскі сепаратызм будзе на руку іспанскім футбольным чыноўнікам. Справа ў тым, што ў іх асяроддзі папулярна ідэя стварэння нейкай суперлігі,
якая б уключала толькі багатыя, моцныя і ўкамплектованыя кадрамі клубы. Такая мадэль гарантуе больш прыбыткаў. Відавочна, што цяжка знайсці рэкламу на матч «Рэала» з нейкім клубам з
перыферыі, вынік якога вядомы загадзя. Затое сустрэча «Рэала» з «Барселонай» стоадсоткава прыцягне інтарэс публікі і рэкламадаўцаў.
Для пачатку сур’ёзных дэбатаў пра новую ступень камерцыялізацыі футбола папросту не было падстаў. Аддзяленне Каталоніі магло б стаць стымулам для стварэння такой суперлігі, куды б набіралі
па фінансаваму крытэрыю. Больш за тое, некаторыя кажуць, што такога кшталту пірэнейская суперліга магла б закласці падмурак стварэнню агульнаеўрапейскай футбольнай лігі. Заклікі да таго, каб
адмовіцца ад нацыянальных чэмпіянатаў на карысць еўралігі, гучаць даўно, аднак для рэформы павінны быць падставы, і цяпер яны быццам ствараюцца.
Доказы салідныя. Аднак ёсць і контраргументы. Можна згадаць прэцэдэнт з шатландскім клубам «Rangers», які быў створаны пры пратэстанцкай камуне Глазга. Паколькі большасць шатландцаў
— каталікі, ім не вельмі ўтульна, і яны неаднаразова прасілі УЕФА дазволіць ім гуляць у англійскай лізе, аднак заўсёды атрымлівалі адмову. Іншымі словамі, аўтаматычнага ўключэння
«Барселоны» ў склад іспанскай лігі, магчыма, не будзе. Тым больш, калі прысутнічае палітыка. Вядома, што каралеўская іспанская футбольная федэрацыя даўно і паслядоўна з-за
палітычных матываў блакіруе прыём у сябры УЕФА футбольнай федэрацыі Гібралтару — брытанскай калонія на Пірэнеях, якую Мадрыд лічыць акупаванай тэрыторыяй.
Таму будучыня каталонскага футболу, у выпадку абвяшчэння незалежнасці, застаецца вельмі туманнай. З іншага боку, апошнія поспехі барысаўскага «БАТЭ», які стаў грандам беларускага
футбол, дзякуючы ў тым ліку такому фактару, як развал СССР, сведчыць, што нічога жудаснага ў стварэнні сваёй нацыянальнай футбольнай лігі няма.
У любым выпадку, футбол — перш за ўсё спартовая гульня, а толькі пасля — камерцыйнае шоў.