У футбола жаночая будучыня

Чэмпіянат свету па футболу сярод жанчын, які праходзіць у Германіі, лічаць рубежным у гісторыі жаночага футболу.



b43a6403c17870707ca3c44984a2da22.jpg

Чэмпіянат свету па футболу сярод жанчын, які праходзіць у Германіі, лічаць рубежным у гісторыі жаночага футболу.
Тое, што адбываецца зараз у Германіі, вельмі сімвалічна. Жаночы футбол у гэтай краіне забаранялі найчасцей. Спачатку нацыянал-сацыялісты. Пасля вайны — кансерватары. У 1955 годзе, праз год пасля таго, як немцы сталі чэмпіёнамі свету па футболу, жаночыя клубы рашэннем федэрацыі распусцілі. На рашэнне паўплываў менавіта трыумф нацыянальнай зборнай. Лідары ФРГ лічылі перамогу футбалістаў фактарам адраджэння нямецкай мужчынскай годнасці, якую прынізілі ў 1945-м. Каб не ўзнікала супярэчнасцяў, жаночы футбол вырашылі паставіць па-за законам. У дадатак гэта адпавядала грамадскаму разуменню ролі жанчыны: «Kinder, Kuche, Kirche».
Забарону знялі праз 4 гады. Федэрацыю жаночага футболу заснавалі толькі ў 1970 годзе (мужчынская існуе з 1900-га), пасля таго, як сацыял-дэмакратычны канцлер Вілі Бранд дамогся папраўкі ў Асноўны закон, які забараняў палавую дыскрымінацыю. У 1982 годзе паўстала першая нацыянальная зборная ФРГ.
Падобны шлях жаночы футбол прайшоў ва ўсёй Еўропе. На пачатку ХХ стагоддзя ў асяродку брытанскіх дактароў узнікла тэорыя, якую пазней назвалі «англійская хвароба». Яе аўтары сцвярджалі, што скокі на футбольным полі і ўдары мяча могуць нанесці шкоду жаночым палавым органам. Акрамя таго, лічылася, што дэфіле ў майках і трусах шкодзіць эстэтычнай прыродзе кабеты. Казалі, што футбол ператварае жанчыну ў мужчыну, разбурае яе мацярынскія пачуцці. У 1953 годзе з’явілася кніга галандскага псіхолага Фрэдэрыка Бёйтэндэйка (Frederik J. J. Buytendijk) «Футбол. Псіхалагічнае вывучэнне вырашальнай ролі». Аўтар даводзіў, што гульня ў мяч — гэта праява «мужчынскай агрэсіі» супраць «жаночай адаптацыі».
Нават калі на хвалі руху 1968 года пачалася эмансіпацыя жанчыны, старыя ўстаноўкі захаваліся. Так, спачатку футбольныя матчы з удзелам жанчын цягнуліся 70, а не 90 хвілін. Быў прыдуманы спецыяльны жаночы футбольны мяч, больш лёгкі за той, які ганяюць мужчыны. Футбалісткам нават было дазволена гуляць рукою. Лічылася, што такім чынам спартсменка можа перастрахавацца ад удару мяча ў твар, каб той не папсаваў жаночую прыгажосць. Нарэшце, правілы патрабавалі, каб сезон жаночых футбольных гульняў пачынаўся ў сакавіку і заканчваўся ў кастрычніку. Прычына? «Зіма — гэта цяжкі час для слабага жаночага арганізму», — гаварылася ў памятцы адной з еўрапейскіх футбольных асацыяцый.
Цікава, што дыскрымінацыя жаночага футболу мела месца толькі на прагніўшым Захадзе. У савецкім блоку да гэтага віду спорту ставіліся дастаткова спакойна. У той жа ГДР забаўка не вельмі віталася, аднак ніхто не забараняў юным фрау ганяць мяч. Магчыма, з-за таго, што ў камуністаў былі іншыя ўяўленні пра ролю жанчыны, якая мела права і боршч варыць, і трактарам руліць, і адпор імперыялістам даць. А ў Паўночнай Карэі жаночы футбол увогуле з’яўляецца амаль дзяржаўным відам спорту.
Поспехі жаночага футболу ў апошнія гады (першы чэмпіянат па футболу сярод жанчын адбыўся толькі ў 1991 годзе ў Пекіне) відавочныя. Аднак узніклі новыя выклікі. Грамадства паступова пагадзілася з фактам існавання жаночага футболу, аднак масавым відам спорту, спартовай рэлігіяй ён, відавочна, не стаў. Больш таго — вакол жаночага футболу сфармаваліся новыя забабоны і стэрэатыпы.
«Мужчыны паважаюць жаночы футбол, аднак яны яго не вельмі жадаюць», — робіць рэзюме газета «Bild». Выданне піша, што для шматлікіх мужчын жаночы футбол, па вялікаму рахунку, гэта exhibition games — эратычныя здымкі арыгіналак ад спорту.
У дадатак чамусьці гэты від спорту лічыцца спортам лесбіянак, хаця ніякай статыстыкі на гэты конт ніколі ніхто не збіраў. На думку журналістаў, сітуацыя тлумачыцца вельмі проста. Гомасексуалізм у жаночым футболе ніколі не падпадаў пад табу, у адрозненні ад мужчынскага.
Вялікі ўплыў на ўяўленні пра жаночы футбол як гульню другога гатунку аказвае культура балельшчыкаў. Быць футбольным фанатам у традыцыйным разуменні — значыць абавязкова напіцца напярэдадні або пасля гульні. Агрэсіўнасць на полі павінна адпавядаць агрэсіўнасці на трыбунах. Цяжка ўявіць жанчыну — аматара футболу, якая даводзіць сябе да падобнай кандыцыі. Некаторыя ў гэтай сувязі нават кажуць, што жаночы і мужчынскі футбол — гэта розныя дысцыпліны. Для жаночага футболу характэрныя больш камбінацый і дынамікі. У мужчынскім вітаецца сілавы стыль. Аднак чамусьці сапраўдным футболам лічыцца другі варыянт.
Так ці інакш, турніры футбалістак пакуль не выклікаюць той ступені істэрыкі, якую зазвычай можна назіраць падчас Кубка свету або чэмпіянату Еўропы ў мужчынскім футболе.
Аднак усё мяняецца. Немцы шмат папрацавалі над тым, каб надаць цяперашняму чэмпіянату свету ў ФРГ статус чагосьці вельмі важнага. На матчах нямецкай зборнай можна пабачыць першых асобаў дзяржавы, уключна з канцлерам Ангелай Меркель. Па вялікай колькасці рэкламы можна казаць пра інтарэс да чэмпіянату з боку спонсараў. Аптымізм унушаюць сацыялагічныя апытанні: 23 працэнты прыхільнікаў футболу ў Германіі гатовыя глядзець жаночы футбол (на жаль, 40 працэнтаў рашуча супраць такой прапановы).
Ці ёсць нейкі шанс, што калі-небудзь жаночыя матчы будуць збіраць такую аўдыторыю, як сустрэчы мужчынскіх зборных? Вялікае пытанне ў сувязі з тым, што 80 працэнтаў наведвальнікаў стадыёнаў — гэта мужчыны. Пакуль прапорцыя не пачне мяняцца, наўрад ці ў гэтай сферы адбудуцца сур’ёзныя змены. Па падліках, сярэдняя колькасць наведвальнікаў матчаў жаночай Бундэслігі — прыкладна 700 чалавек. У мужчынскай — каля 40 тысяч. З іншага боку, усе падставы для такой тэндэнцыі ёсць. Так, у ФРГ налічваецца каля мільёна футбалістак. У ЗША пасля кубка свету 1994 года ўзнік цэлы сегмент жаночага футболу. Футбол сёння самы любімы жаночы від спорту ў Штатах.
Не дарма Fifa абвясціла, што «ў футбола жаночая будучыня». Аднак да гэтай будучыні, здаецца, далёка. Падчас турніру Федэрацыя ўвяла новыя правілы праверкі футбалістак. Перад матчам спецыяльныя камісія будзе глядзець, ці не спрабуе за жаночую каманду згуляць хлопец. Адразу шмат хто пабачыў тут праяву сэксізму. Атрымліваецца, што, у любым выпадку, мужчыны гуляюць у футбол лепш за жанчын.
Як тут ні прыслухацца да правакацыйнай ідэі групы спартовых гісторыкаў, якія выступаюць за тое, каб увогуле адмовіцца ад палавых забабонаў у футболе. Стары добры футбол не ведаў катэгорый «жаночы» і «мужчынскі». Таксама футбалісты не дзяліліся на юніёраў і дарослых. Летапісы апісваюць гульню ў мяч у старажытнай Англіі як забаўку, у якой удзельнічалі ўсе, хто жадаў: дзеці, мужчыны, жанчыны, старыя. Магчыма, такія правілы захаваліся да нашых часоў, калі б не жорсткія маральныя норавы Віктарыянскай Англіі. У той час шляхі жаночага і мужчынскага футболу разышліся. Можа, час ім зноў перакрыжавацца?