Удары Расіі па інфраструктуры Украіны накіраваныя на стварэнне гуманітарнага крызісу ў ЕС

Удары Расіі па энергетычнай інфраструктуры Украіны ў перыяд моцных маразоў накіраваныя на стварэнне новай хвалі ўкраінскіх бежанцаў, гуманітарнага крызісу, і ўзмацненне ціску на краіны ЕС, піша брытанскі The Spectator. У той жа час Дональду Трампу нагадваюць, хто развязаў вайну ва Украіне і не хоча яе заканчваць. Ідуць 1423-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

530522611_1110955817884162_8046713779734807344_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 180 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 студзеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 46 штурмаў расіян ў раёнах Ніканораўкі, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Навасергіеўкі, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 30 атак расіян у раёнах Салодкага, Гуляйполя і ў бок Дабраполля, Аленаканстанцінаўкі, Зялёнага, Варвараўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку ў раёнах Канстанцінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Пляшчыеўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 19 разоў, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Зарэчнага, Навасёлаўкі, Торскага.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 11 атак расійцаў ў раёнах Ваўчанску, Прыліпак, Ціхага, Старыцы, Ваўчанскіх Хутароў і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне здзейснілі 10 атак паблізу Вішнёвага і ў бок Іванаўкі, Аляксандраграду, Ягораўкі, Рыбнага, Злагоды і іншых.

* * *

Паводле звестак аналітыкаў DeepState, расійскія войскі акупавалі вёску Краснагорскае ў Запарожскай вобласці і прасунуліся ў Гуляйполі, паблізу Прывольнага і Жалязнянскага.

* * *

615429487_1237357198577356_400482526569451945_n.jfif

* * *

Масіраваныя ўдары Расіі па энергетычнай інфраструктуры Украіны ў перыяд моцных маразоў накіраваныя на стварэнне новай хвалі ўкраінскіх бежанцаў і ўзмацненне ціску на краіны ЕС, піша брытанскі The Spectator.

Намеснік рэдактара часопіса The Spectator Оўэн Мэцьюз лічыць, што пасля некалькіх няўдалых зімовых кампаній Крэмль падышоў да моманту, калі стратэгія выкарыстання холаду як зброі можа даць вынік. Пры тэмпературах да мінус 16 градусаў, удары наносяцца па сістэмах ацяплення, электрасетках і аб’ектах жыццезабеспячэння.

Аўтар паказвае, што разбурэнне цепласетак зімой мае доўгатэрміновы эфект: замерзлая вада разрывае трубы, а аднаўленне становіцца немагчымым да вясны. У такіх умовах многія ўкраінцы апынаюцца перад цяжкім выбарам: заставацца без базавых умоў або пакінуць краіну. Паводле звестак Дзяржпамежслужбы, пасажырапаток праз мяжу ў пачатку года вырас прыкладна на 27%.

У артыкуле адзначаецца, што шэраг краін ЕС ужо рыхтуецца да магчымага новага прытоку бежанцаў. Германія, Польшча, Чэхія і Нідэрланды карэктуюць падыходы да падтрымкі ўкраінцаў на фоне росту стомленасці і бюджэтных абмежаванняў. Аўтар лічыць, што мэта Крамля — стварыць палітычны ціск на еўрапейскія сталіцы праз гуманітарны крызіс.

«Стратэгія Пуціна па пазбаўленні жылля ўкраінскага насельніцтва з'яўляецца д'ябальскі цынічнай. Але гэтая стратэгія можа аказацца разбуральна эфектыўнай», — падсумоўвае ён.

* * *

Вялікабрытанія абвясціла пра выдаткаванне дадатковых 20 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (26,7 млн долараў) на падтрымку энергетычнай інфраструктуры з мэтай умацавання энергетычнай бяспекі Украіны пасля ўзмоцненых атак Расіі на энергетычны сектар Украіны.

У заяве брытанскага ўрада адзначаюць, што ў моцныя маразы «сотні тысяч украінцаў, уключаючы дзяцей і школы, засталіся без ацяплення і электраэнергіі».

Брытанскі ўрад паказвае, што новая падтрымка дапаможа задаволіць надзённыя патрэбы «ў забеспячэнні цяплом і электраэнергіяй мільёнаў сем'яў, дзяцей і пажылых людзей пасля таго, як прэзідэнт Зяленскі абвясціў надзвычайнае становішча ва Украіне ў выніку працяглых атак на энергетычны сектар Украіны».

«Гэтыя сродкі забяспечаць жыццёва неабходную надзвычайную падтрымку для рамонту, аднаўлення, абароны і генерацыі энергіі па ўсёй краіне, каб забяспечыць электраэнергіяй і ацяпленнем дамы, бальніцы і школы ў суровых зімовых умовах», — паведамляе ўрад Вялікабрытаніі.

* * *

Італія пачала пастаўляць ва Украіну магутныя прамысловыя бойлеры з-за складанай энергетычнай сітуацыі ў краіне, паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

Пастаўка накіраваная на крытычна важныя аб’екты, якія найбольш пацярпелі ад надзвычайных сітуацый, што гарантуе аператыўную дапамогу грамадам. Магутнасць абсталявання вагаецца ад 550 да 3000 кВт, а агульны кошт пастаўкі складае 1,85 млн еўра.

«Гэта дапаможа грамадам, якія найбольш пацярпелі, хутка аднавіць цяпло і крытычную інфраструктуру», — адзначыў Андрэй Сібіга, падкрэсліваючы важнасць аператыўнай падтрымкі і дапамогі на месцах.

* * *

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск пракаментаваў словы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які сцвярджаў, быццам Украіна блакуе падпісанне мірнага пагаднення, тады як Расія гатовая да завяршэння канфлікту. Адпаведную заяву кіраўнік польскага ўрада апублікаваў у сацсетцы X.

Дональд Туск падкрэсліў, што менавіта Расія адхіліла прапанаваны ЗША план урэгулявання сітуацыі, а не ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, «адзінай рэакцыяй Расіі на спробы аднаўлення міру сталі далейшыя ракетныя ўдары па мірных гарадах Украіны».

Ён адзначыў, што «адзіным рашэннем з'яўляецца ўзмацненне ціску на Расію. І вы ўсе гэта ведаеце».

* * *

Мінфін РФ адклаў на нявызначаны тэрмін публікацыю штомесячных даных пра нафтагазавыя даходы федэральнага бюджэту, якія павінны былі выйсці 14 студзеня, піша The Moscow Times.

Ведамства паведаміла, што «пераносіць публікацыю на найбліжэйшыя дні», але новых тэрмінаў не назвала.

У снежні цана расійскай нафты Urals абвалілася да $39,18 за барэль — мінімуму з мая 2020 года. Гэта на 13% ніжэй, чым у лістападзе, і больш чым на 40% менш, чым у пачатку мінулага года. Паводле ацэнак Reuters, з-за гэтага нафтагазавыя даходы бюджэту РФ у снежні маглі ўпасці амаль удвая год да года — да 410 млрд рублёў, мінімуму са жніўня 2020-га.

За ўвесь мінулы год паступленні ад нафты і газу чакаюцца на ўзроўні каля 8,44 трлн рублёў — гэта на 2,7 трлн (мінус 24%) менш, чым годам раней. У бюджэт на бягучы год Мінфін заклаў 8,9 трлн нафтагазавых даходаў, але ўлічваючы цяперашнія цэны і зніжкі, фактычныя сумы могуць быць на 1,1–1,4 трлн рублёў ніжэй за план, адзначае выданне.