Украіна і Германія распрацоўваюць сістэму СПА для абароны ўсяго еўрапейскага кантынента

Праект дазволіць перахопліваць балістычныя ракеты, што з’яўляецца дэфіцытнай здольнасцю для краін Еўропы. Цяпер у ЕС няма ўласнай абароны такога класа: краіны купляюць альбо ізраільскую сістэму Arrow, альбо амерыканскія комплексы Patriot. Ідуць 1591-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

734095055_1328140638907817_1544441131212266326_n.jfif

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 273 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 ліпеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 атак паблізу Новааляксандраўкі, Біліцкага і Радзінскага, у кірунках Мірнага, Тарэцкага, Шаўчэнкі, Філіі, Кучаравага Яра, Вольнага, Дарожнага, Светлага, Грышына, Котліна і Удачнага.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 32 разы атакавалі паблізу Рыбнага, Дабраполля, Навасёлаўкі і Гуляйпольскага, ў кірунках Раздзянкі, Капаноў, Шырокага, Цвятковага і Чароўнага.

На Славянскім кірунку аомія РФ здзейсніла 30 штурмаў у раёнах Рэзнікоўкі, Закітнага і Крывой Лукі, а таксама ў кірунку Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія падраздзяленні адбілі 22 атакі паблізу Ізбіцкага і Старыцы, а таксама ў кірунках Старога Хутара, Гранава, Кудзіеўкі, Сямёнаўкі і Хатняга.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 17 атак раёнах Плешчэеўкі, Русінага Яру, Іванаполля, Канстанцінаўкі, Іллінаўкі.

* * *

У чэрвені гэтага года страты Расіі ў артылерыі былі самымі вялікімі за ўвесь час поўнамаштабнага ўварвання. Таксама амаль рэкордам стала паражэнне сістэм СПА, паведамілі ў Міністэрстве абароны Украіны.

На працягу месяца УСУ паразілі 2074 артылерыйскія сістэмы РФ. Гэта больш за 110 стандартных артылерыйскіх дывізіёнаў. Таксама ў чэрвені знішчана ці падбіта і найбольшая колькасць аўтатэхнікі РФ — 12 878. Акрамя таго, Сілы абароны ў чэрвені паразілі 60 адзінак ПВА. Для сродкаў супрацьпаветранай абароны гэта самы высокі паказчык за апошнія два гады і другі за ўвесь час вайны.

* * *

Колькасць загінулых у Кіеве ў выніку масіраванай камбінаванай атакі РФ узрасла да 27 чалавек, паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Цімур Ткачэнка. Яшчэ 91 чалавек пацярпеў. Разбор разбурэнняў у горадзе працягваецца, колькасць ахвяр можа вырасці.

Нагадаем, у ноч на 2 ліпеня Расія атакавала Украіну ударнымі БпЛА, ракетамі паветранага, наземнага і марскога базавання розных тыпаў. Колькасць выкарыстаных ракет была рэкорднай — 74. 25 балістычных ракет дасягнулі мэты.

Вечарам 2 ліпеня Расія нанесла ўдар па Крывым Розе, удар прыйшоўся на сектар шчыльнай гарадской забудовы паміж шматкватэрнымі дамамі. 7 чалавек параненыя.

2 ліпеня расійскія войскі нанеслі ўдар па фітнес-цэнтры і жылым доме ў Запарожжы, 4 чалавекі пацярпелі.

* * *

Пастаянны прадстаўнік Украіны пры міжнародных арганізацыях у Вене Юрый Вітрэнка ў АБСЕ заявіў, што эскалацыя расійскай кампаніі тэрору супраць грамадзянскага насельніцтва Украіны сведчыць пра растучы адчай Крамля, які не змог дасягнуць сваіх стратэгічных мэт у вайне.

«Пераважная большасць расійскіх удараў накіравана не па ваенных ці абаронных аб’ектах, а па грамадзянскіх мэтах, уключаючы крытычную інфраструктуру, транспартныя сеткі, установы адукацыі і аховы здароўя», — сказаў ён.

«Санкцыі супраць Расіі, а таксама супраць усіх, хто садзейнічае яе агрэсіўнай вайне, павінны быць узмоцнены, існуючыя шчыліны павінны быць закрыты, а выкананне санкцый — забяспечана. Толькі пастаянны ціск можа прымусіць Расію спыніць сваю агрэсіўную вайну. Кожны крок, які ўмацоўвае Украіну і павышае цану расійскай агрэсіі, набліжае нас да ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру», — заявіў Вітрэнка.

* * * 

738438586_1531799491773666_8361112834927307855_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля масіраванага абстрэлу Украіны з боку Расіі заявіў, што чакае станоўчага адказу прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з нагоды ліцэнзій на вытворчасць ракет Patriot.

Па словах Зяленскага, умацаванне супрацьпаветранай абароны павінна стаць адным з ключавых вынікаў маючага адбыцца саміту НАТА і іншых міжнародных перамоваў.

«Калі, вядома, НАТА яшчэ нешта значыць для саюзнікаў. Еўропа павінна валодаць уласнай дастатковай здольнасцю абараняцца ад усіх відаў пагроз, у тым ліку і ад гэтай — ад расійскай балістыкі», — адзначыў ён.

Ён падзякаваў усім краінам, якія дапамагаюць Украіне ў рамках праграмы PURL, якая дазваляе закупляць ракеты для СПА. «Але каб рэальна надзейна абараняць жыцці, патрэбна ўласная вытворчасць. Еўрапейская вытворчасць тут, у нас, ва Украіне, або сумесна з партнёрамі, вядома, падтрымала б і Злучаныя Штаты ў аперацыях, калі гэта неабходна. Вельмі разлічваем на станоўчы адказ прэзідэнта Трампа для абароны жыццяў», — сказаў прэзідэнт Украіны.

* * *

Двухпартыйная група кангрэсменаў ЗША заклікала ўзмацніць амерыканскую падтрымку Украіны на фоне чарговай масіраванай атакі Расіі. «Палата прадстаўнікоў выказалася: Злучаныя Штаты павінны неадкладна ўзброіць Украіну інструментамі, неабходнымі для абароны яе народа і спынення вайны Расіі», — гаворыцца ў сумеснай заяве дэмакратаў Марсі Каптур, Майка Квіглі, а таксама рэспубліканцаў Браяна Фіцпатрыка і Джо Уілсана.

Маштаб расійскага ўдару выклікаў рэзкае асуджэнне з боку заканадаўцаў-рэспубліканцаў у Вашынгтоне. Джо Уілсан з Паўднёвай Караліны, даўні прыхільнік Украіны, заявіў Радыё Свабода, што ўдары сведчаць аб тым, што «Расія жудасна прайграе сваю вайну», і атака з’яўляецца сігналам напярэдадні саміту НАТА на наступным тыдні, што расійскі лідар Уладзімір Пуцін — «у адчаі».

Дон Бэйкан з Небраскі, высокапастаўлены рэспубліканец у Камітэце па пытаннях узброеных сіл Палаты прадстаўнікоў, падкрэсліў, што ЗША «павінны дапамагаць Украіне з супрацьракетнай і супрацьпаветранай абаронай, і мы павінны ўвесці жорсткія санкцыі супраць Расіі».

* * *

Украіна і Германія распрацоўваюць агульную сістэму СПА для абароны ўсяго еўрапейскага кантынента. Праект дазволіць перахопліваць балістычныя ракеты, што з’яўляецца дэфіцытнай здольнасцю для краін Еўропы, паведаміў у інтэрв’ю «Укрінфарм» пасол Украіны ў Германіі Аляксей Макееў.

Цяпер у Еўропы няма ўласнай абароны такога класа. Краіны вымушаны купляць замежныя тэхналогіі — альбо ізраільскую сістэму Arrow, альбо амерыканскія комплексы Patriot. Чыста еўрапейскага прадукту для барацьбы з балістыкай пакуль не існуе. Мэта партнёрства — стварыць узбраенне, якое абароніць не толькі ўкраінскае неба, але і ўвесь Еўрасаюз.

Па словах пасла, стварэнне антыбалістычнай сістэмы — гэта складаны праект, які патрабуе аб’яднання намаганняў многіх гігантаў абароннай прамысловасці. У праекце ўцягнуты лідары нямецкага рынку: кампанія Hensoldt прадаставіць перадавыя радары; MBDA будзе адказваць за распрацоўку і вытворчасць ракет; Diehl Defence забяспечыць сістэму галоўкамі саманавядзення.

Асобным пытаннем застаецца назва будучай сістэмы. Раней у СМІ казалі пра назву FREYA. Аднак Макееў пакуль трымае дэталі ў сакрэце. Па яго словах, назва і поўны спіс удзельнікаў стануць вядомыя пазней.