Уладзімір Зяленскі: Расія можа атакаваць усходні фланг NATO з Беларусі ўжо ў наступным годзе
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы выступіў з папярэджаннем, заявіўшы, што Расія можа падрыхтаваць акт агрэсіі супраць краін-чальцоў NATO ўжо ў наступным годзе. Напад можа быць здзейснены з Беларусі. Ідзе 1088-мы дзень шырокамаштабнай вайны ва Украіне, развязанай Расіяй пры саўдзеле рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
![Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ](/img/v1/images/4294801.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739605284&w=528)
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ
Пачаліся тысяча восемдзесят восьмыя суткі шырокамаштабнай узброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Усяго за мінулыя суткі зафіксавана 112 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 36 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян. На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 11 атак непадалёк Тарэцка, Крымскага і Шчарбінаўкі, 14 разоў расіяне атакавалі пазіцыі УСУ на Новапаўлаўскім кірунку.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі восем разоў.
На Северскім і Краматорскім кірунках зафіксавана па тры боесутыкненні, на Купянскім — чатыры.
У Курскай вобласці Расіі за мінулыя суткі адбылося 23 баі. Расіяне нанеслі 30 авіяцыйных удараў, скінуўшы 40 кіраваных бомбаў па сваёй тэрыторыі.
* * *
З вечара 14 лютага расійцы атакавалі Украіну 70-цю беспілотнікамі розных тыпаў. Ні адзін з іх не дасягнуў мэты: 33 БПЛА ўдалося знішчыць, яшчэ 37 БПЛА былі лакальна страчаныя, паведамляюць Паветраныя сілы ВСУ.
Раніцай, 15 студзеня дроны атакавалі Калужскую вобласць Расіі. У выніку атакі на тэрыторыі прамысловага прадпрыемства ў Дзяржынскай вобласці ўзнік пажар, пішуць расійскія Telegram-каналы. Дакладны населены пункт, дзе гэта здарылася, пакуль не называецца.
Серыя выбухаў прагрымела ў расійскім Валгаградзе. Расійцы сцвярджаюць, што СПА збівала дроны ў раёне мясцовага нафтаперапрацоўчага завода. Telegram-канал Shot піша, што жыхары Валгаграда налічылі больш за 15 выбухаў падчас атакі НПЗ.
Па паведамленнях СМІ, гэтай ноччу беспілотнікі атакавалі Растоў-на-Доне, Новамаскоўск Тульскай вобласці, а таксама Энгельс Саратаўскай вобласці.
* * *
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі наведаў Сумшчыну і ўзнагародзіў адрозненнямі брыгады дэсантна-штурмавых войскаў, а таксама падраздзяленні сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны. Падчас узнагароджання ён паведаміў, што агульныя страты расійскіх войскаў з пачатку аперацыі УСУ ў Курскай вобласці склалі больш за 48 тысяч чалавек, з іх блізу 20 тысяч – забітымі.
* * *
![15_81.jpg 15_81.jpg](/img/v1/images/15_81.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739605412&w=528)
* * *
Інстытут вывучэння вайны (ISW) ацэньвае медыярэакцыю на тэлефонную размову Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа. Паводле інфармацыі аналітыкаў, расійскае кіраўніцтва загадала дзяржаўным і праўрадавым СМІ асвятляць гэты званок як ініцыятыву і дыпламатычную перамогу Крамля, і «радзей згадваць імя Трампа ў асвятленні гэтай размовы і іншых падзей».
На думку экспертаў, Крэмль занепакоены тым, што расійцы могуць пачаць успрымаць Трампа як больш актыўнага і рашучага лідара, чым Пуцін. Крэмль не хоча, каб расійская грамадскасць успрымала Трампа як «моцнага лідара, здольнага змяніць сітуацыю», а Пуціна — як пасіўнага ці слабога палітыка ў параўнанні з ім.
У сувязі з гэтым расійскі ўрад даў указанне прапагандысцкім СМІ падкрэсліваць ролю Пуціна як галоўнага ініцыятара перамоваў і не ствараць «ілжывых, празмерна аптымістычных чаканняў» адносна магчымага мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы выступіў з рэзкім папярэджаннем, заявіўшы, што Расія можа падрыхтаваць акт агрэсіі супраць краін-чальцоў NATO ўжо ў наступным годзе. Зяленскі заявіў, што напад можа быць здзейснены з Беларусі.
Ён канкрэтна ўказаў на Беларусь як на плацдарм для магчымага будучага нападу, і заявіў, што Кіеў «выразна разумее, што расійцы збіраюцца рабіць з Беларуссю».
«Расія рыхтуе 15 дывізій. Каля 100-150 тысяч вайскоўцаў рыхтуюцца да абвастрэння сітуацыі на беларускім кірунку, — сказаў Зяленскі. — Я не ўпэўнены, што яны нападуць менавіта на Украіну, але яны нападуць. Можа быць, на Украіну, можа быць, на Польшчу, можа быць, на краіны Балтыі».
Прэзідэнт Украіны заявіў, што палітыкі ЕС «вельмі занепакоеныя» рэакцыяй ЗША і магчымай адсутнасцю падтрымкі ў выпадку нападу. Таму Еўропа будзе яшчэ больш умацоўваць адзінства вакол Украіны, «бо гэта іх абарона». «Яны ўсё больш і больш разумеюць, што яны будуць наступнымі. Не ў аддаленай будучыні, а наступнымі», — сказаў Зяленскі.
* * *
Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм прапануе прыняць Украіну ў NATO «вельмі хутка», калі Пуцін яшчэ раз нападзе на гэтую краіну. Ён падкрэсліў, што трэба падаць сігнал Пуціну, перш чым ён падумае нешта зрабіць.
«Калі мы возьмем Украіну ў NATO, Пуцін проста звар’яцее. Ён ужо звар'яцеў, я думаю. Каб яго напалохаць, каб ён двойчы падумаў перад тым, каб нешта рабіць. Калі ты зробіш, мы знішчым тваю эканоміку, разарвем тваю краіну санкцыямі», — сказаў Грэм.
Ён адзначыў, што ў Украіны «ёсць зубы», і калі краіну ўзброіць, тады Расію чакае параза. «Калі даць Ф-16, ATACMS і танкі, украінцы будуць біцца. Давайце ўзброім прэзідэнта Украіны, давайце падпішам пагадненне аб мінералах і Пуцін прайграе», — заявіў сенатар.
Таксама ён адзначыў, што гісторыя з вайной Расіі супраць Украіны не павінна скончыцца «дрэнна, як у Афганістане». Ён упэўнены, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп гэтага не дазволіць.
* * *
У МЗС Саудаўскай Аравіі паведамілі, што ўхваляюць тэлефонную размову паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і кіраўніком РФ Уладзімірам Пуціным і гатовыя правесці на сваёй тэрыторыі саміт для сустрэчы Трампа і Пуціна. У ведамстве адзначылі, што каралеўства вітае правядзенне саміту ў Саудаўскай Аравіі і «пацвярджае свае пастаянныя намаганні па дасягненню трывалага міру паміж Расіяй і Украінай».