Урокі Смірнова

Пасля 20 гадоў пры ўладзе прыднястроўскі прэзідэнт Ігар Смірноў павінен сысці. У Прыднястроўі пачынаецца новая эпоха.

Адзін з афіцыйных тытулаў Смінова — “Бацька рэспублікі. А вось статыстыка яго былых перамог на выбарах прэзідэнта. Па выніках галасавання 1991 года Смірноў атрымаў 65,4% галасоў, у 1996 годзе — 71,94%, у 2001-м за яго аддалі галасы амаль 82% і ў 2006-м — 82,4% галасоў.



d5fcc35c94879a4afad61cacca56192c.jpg

Пасля 20 гадоў пры ўладзе прыднястроўскі прэзідэнт Ігар Смірноў павінен сысці. У Прыднястроўі пачынаецца новая эпоха.
Адзін з афіцыйных тытулаў Смінова — “Бацька рэспублікі. А вось статыстыка яго былых перамог на выбарах прэзідэнта. Па выніках галасавання 1991 года Смірноў атрымаў 65,4% галасоў, у 1996 годзе — 71,94%, у 2001-м за яго аддалі галасы амаль 82% і ў 2006-м — 82,4% галасоў.
Таксама можна ўзгадаць прынцып працы прыднястроўскіх каналаў тэлебачання. Так, кожныя тры гадзіны транслююць апошняе інтэрв’ю кіраўніка дзяржавы. Нават калі ён даў тое інтэрв’ю тыдзень таму.
Прапагандысцкая кампанія “За Смірнова па сутнасці вельмі падобная на кампанію “За Беларусь і “Мы беларусы. Прынцып на берагах Днястра і Свіслачы адзін і той жа: прадстаўнікі розных сацыяльных катэгорый — ад настаўнікаў да студэнтаў і вайскоўцаў — выказваюць сваю падзяку дзеючаму прэзідэнту і заклікаюць за яго галасаваць.
Адзіным прыднястроўскім ноў-хаў у гэтай агітацыйнай кампаніі быў ролік з “патрыётам. Па сюжэту яго герой, 50-гадовы ветэран вайны з Малдавіяй 1992 года, разбірае і збірае аўтамат Калашнікава і тлумачыць сыну, што галасаваць за гаранта — тое ж самае, што абараняць незалежнасць 20 гадоў таму. Хаця з улікам таго, што ворагамі прыднястроўскай незалежнасці, па словах ветэрана, выступаюць салдаты NАТО, розніца паміж агітпропам Смірнова і Лукашэнкі не такая ўжо і вялікая.
І ўжо проста прыступ дэжа-вю выклікалі нататкі ў блогах пра выкарыстанне ў Ціраспалі адміністратыўнага рэсурсу. Адзін з блогераў так апісвае будні выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. “Мама мая распавядае мне, што ў школе, дзе яна працуе, пару дзён таму настаўнікам загадалі ісці ў гарадскі ДК на перадвыбарную сустрэчу з прэзідэнтам. Прычым прымусілі распісацца, што прыйдуць, і палохалі, што строга правераць яўку. Пасля сустрэчы мама распавядае, які ў нас залаты прэзідэнт, разумны, так хораша кажа. Асабліва мне спадабалася: “Яго так усе любяць і паважаюць, што народу сабралася аж поўная зала.
Аднак выбары ў Беларусі і ў Прыднястроўі закончыліся па-рознаму. Смірноў прайграў. І прычым параза для палітыка яго статусу, бацькі прыднястроўскай нацыі, папросту катастрафічная. Атрымліваецца, што за 5 гадоў давер да палітыка скараціўся ў 4 разы — з 82 да 23 працэнтаў.
Такі фантастычны кантраст лічбаў прымушае думаць, што ў прыднястроўскім ЦВК лічаць неяк дзіўна. І сапраўды, за апошнія 5 гадоў нешта змянілася. Прынцып фармавання выбарчых камісій захаваўся — трэцяя частка сяброў камісій прызначаецца прэзідэнтам, траціна — Вярхоўным саветам, столькі ж — тэрытарыяльнымі ўладамі. Аднак за гэты час змяніўся склад Вярхоўнага Савета, дзе большасць дэпутатаў прадстаўлены падкантрольнай холдынгу-манапалісту “Шэрыфу апазіцыйнай партыяй “Абнаўленне. Зразумела, што ў камісіях на гэты раз лічылі па іншаму прынцыпу, і дзяжурнай элегантнай перамогі ў Смірнова не атрымалася.
Канфлікт Смірнова з бізнэс-структурамі “Шэрыфа, якіх падтрымала Масква, у выніку аказаўся фатальным для сістэмы. Атрымліваецца, знешні фактар быў вырашальным. Інакш бы першае месца 11 снежня атрымаў не прамаскоўскі Анатоль Камінскі, а незалежны кандыдат Яўген Шаўчук, якога ведаюць як крытыка карупцыі ў смірноўскім клане.
Катастрофа Смірнова мае шмат аспектаў. Гэта, безумоўна, перш за ўсё асабістая трагедыя. Смірноў увайшоў у палітыку як кумір масаў. Пад яго кіраўніцтвам рабочыя змагаліся ў час вайсковага канфлікту з Малдавіяй, ён стаяў каля вытокаў прыднястроўскай дзяржаўнасці. Калі малдаўскія спецслужбы выкралі Смірнова ў Кіеве і тайна адвезлі ў кішынёўскую турму, жанчыны Ціраспаля па сваёй ініцыятыве заблакавалі чыгуначны рух і прымусілі Малдавію вызваліць палітыка.
Наступны Смірноў — гэта Смірноў-прэзідэнт, якога мы ведаем па прапагандысцкіх роліках таго ж прыднястроўскага тэлебачання. Там ён малюецца як бацька вялікага сямейства, гарант незалежнасці і сацыяльнай стабільнасці. Усё гэта за кошт Масквы, якая шчодра дае Смірнову грошы ў піку малдаўскаму прэзідэнту Вароніну, з якім у Крамля канфлікт.
І вось трэці Смірноў — на першых кадрах, знятых пасля выбараў 11 снежня. Гэта хутчэй разгублены стары чалавек, які чагосьці баіцца. І, хутчэй за ўсё, сюжэты з удзелам Смірнова будуць яшчэ больш мінорнымі. Як вядома, ён з’яўляецца фігурантам буйной справы наконт выкрадання расійскіх бюджэтных сродкаў, якія ішлі для пенсіянераў рэгіёну. У Маскве ўжо арыштаваны яго сын Алег Смірноў. Па-сутнасці, тое, што Смірновы кралі грошы, гэта “сакрэт палішынеля, аднак з улікам таго, як ён працівіўся інструкцыям Масквы, яго напэўна чакае паказальная порка.
Такі фінал лагічны, калі прачытаць ацэнку прыднястроўскай вертыкалі, якую год таму зрабіла агенцтва Dnister.ru: “Прыднястроўскія чыноўнікі страцілі гнуткасць мыслення, самакрытычнасць. Калі ты шмат гадоў кіруеш цэлай рэспублікай, з часам пачынаеш сам верыць у тое, што ты цар, уладар, адзіны дасведчаны, каму як жыць, у чым выратаванне, якія каштоўнасці патрэбныя грамадству, а якія, наадварот, яго раскладаюць. Яны гатовыя даваць парады не толькі сваім падпарадкаваным, але і звышдзяржавам. Не выпадкова мы назіраем мноства публікацый у мясцовай прэсе і рэпартажаў па тэлебачанні ПМР, перапоўненых «мудрымі павучаннямі» на тэму, як павінна паводзіць сябе Расія, хто там здраднік, а хто наадварот, у чым складаюцца геапалітычныя інтарэсы РФ, і гэтак далей.
Эксперты пішуць, што адзіны шанец у Смірова — згуляць у паўднёва-асецінскі варыянт. Выводзіць прыхільнікаў на вуліцы і дабівацца новых выбараў. Аднак такая задача дастаткова складаная, паколькі выступаць трэба фактычна супраць Масквы, якая падтрымлівае аднаго з апазіцыйных кандыдатаў. Між тым, ідэнтычнасць, якую фармаваў Смірноў у жыхароў Прыднястроўя, не пасуе такім заклікам. Кодэкс прыднястроўца — гэта камбінацыя ідэнтычнасцяў: трэба быць трошкі рускім, трошкі сумаваць па часах СССР, трошкі крытыкаваць Крэмль, калі ён пачынае раптам сябраваць з Кішынёвам. Аднак мадэль антымаскоўскага руху ў Прыднястроўі ўявіць цяжка.
І цяжка сабе ўявіць, што нехта сур’ёзна будзе абараняць Смірнова. Інтэрнэт-форумы Прыднястроўя дыхаюць надзеямі на новае жыццё. “Падобна, у нас змены, вялікія змены, спадзяюся, да лепшага. Цяпер пабягуць з Прыднястроўя міністры і чынушы, якія вольна адчувалі сябе пры Смірнове.
Цікава, ці сочаць за падзеямі ў Прыднястроўі нашы чыноўнікі?