Усяленскі Патрыярх фактычна даў дазвол на арышт патрыярха Кірыла?

Руская Праваслаўная Царква нясе адказнасць за вайну ва Украіне гэтак жа, як і палітычнае кіраўніцтва РФ, заявіў Усяленскі Патрыярх Варфаламей.

Фота: Громадське

Фота: Громадське

Канстанцінопальскі (Усяленскі) Праваслаўны Патрыярх Варфаламей заявіў, што кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы падзяляе з расійскімі ўладамі адказнасць за магчымыя злачынствы ва Украіне.

На думку патрыярха Варфаламея, расійскія ўлады «выкарыстоўваюць Царкву як інструмент для дасягнення сваіх палітычных мэтаў». Пры гэтым Варфаламей падкрэсліў, што гатовы ўдзельнічаць у, як ён выказаўся, пасляваенным духоўным адраджэнні Расіі, адзначае руская служба Radio Free Europe/Radio Liberty.

Патрыярх выступіў на канферэнцыі ў парламенце Літвы ў сераду, 22 сакавіка. Ён сказаў, што кіраўніцтва Расіі і РПЦ супрацоўнічалі ў ажыццяўленні ваеннага ўварвання ва Украіну і, у прыватнасці, у гвалтоўным вывазе ўкраінскіх дзяцей — менавіта ў гэтым Міжнародны крымінальны суд у Гаазе падазрае расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і менавіта за гэта выдаў ордар на яго арышт.

Варфаламей заклікаў рэлігійныя і свецкія ініцыятывы супрацоўнічаць дзеля «нейтралізацыі здольнасці кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату падрываць адзінства і па-багаслоўску ўзаконьваць злачынныя дзеянні».

Аднак ён лічыць, што місіяй Праваслаўнай Царквы застаецца «вярнуць расійскіх братоў і сясцёр у нашу супольнасць, якая грунтуецца на агульных каштоўнасцях».


У аўторак, 21 сакавіка, урад Літвы і Канстанцінопальскі Патрыярхат падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Патрыярх Варфаламей заявіў пра магчымасць пашырэння прысутнасці ўзначаленага ім Патрыярхату ў Літве, аж да стварэння там Экзархату.

Кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы Патрыярх Кірыл у сваіх пропаведзях і выступах пасля расійскага ўварвання ва Украіну неаднаразова казаў пра тое, што «Расія ніколі ні на каго не нападала», і абвінавачваў у распальванні канфлікту краіны Захаду і нейкія антыцаркоўныя сілы. Ён таксама казаў пра тое, што расійскія вайскоўцы ва Украіне абараняюць краіну, і заклікаў паству маліцца «за ўлады і войска». Кіраўнік РПЦ Кірыл знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу заходніх краін.

Пасля пачатку вайны ва Украіне аб сваёй поўнай незалежнасці ад Масквы абвясціла Украінская праваслаўная царква (раней Маскоўскага патрыярхату). Таксама з прашэннем аб аўтакефаліі — гэта значыць поўнай незалежнасці — звярнулася Латвійская праваслаўная царква.


Што азначае гэта заява Патрыярха Варфаламея?

Расійскі журналіст Аляксандр Няўзораў у сваім тэлеграм-канале патлумачыў, што такая заява Усяленскага патрыярха — «па сутнасці і царкоўным правілам, гэта дазвол на арышт Гундзяева».

«Сусветнае праваслаўе "адцуралася" ад Патрыярха Маскоўскага — і пазначыла яго злачынцам, — піша Няўзораў. — Гэта сігнал Міжнароднаму крымінальнаму суду, што ніякіх "станоўчых характарыстык" з месца працы Гундзяеву ніхто не дасць, і працоўны калектыў патрыярхаў праваслаўных цэркваў не будзе "браць на парукі"...

Так ці інакш, але загадчык сусветнай праваслаўнай канторы — менавіта Варфаламей. Ён валодае "правам старшынства", і менавіта ён выдае ліцэнзію (Томас) на вядзенне царкоўнага бізнесу.

Калі Гундзяеў пачне актыўна "рыпацца" і скандаліць, то на падставе "Педаліёна" яго проста зрынуць», лічыць расійскі журналіст.