Ва Украіне на Арастовіча завялі крымінальную справу
У дачыненні да былога пазаштатнага саветніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксея Арастовіча ва Украіне адкрылі крымінальную справу. Цяпер Арастовіч з’яўляецца жорсткім крытыкам палітыкі Уладзіміра Зяленскага, але гэта тут ні пры чым.

Фота з сацсетак
Крымінальная справа заведзена пасля звароту 29 дэпутатаў Вярхоўная рады, паведамляе выданне nv.ua.
Сталічная паліцыя атрымала заяву дэпутатаў аб магчымым крымінальным правапарушэнні з боку Арастовіча паводле артыкула аб «заведама непраўдзівых паведамленнях аб злачынстве». Раней ён звярнуўся ў Дзяржбюро расследаванняў з заявай аб здзяйсненні злачынства народнай дэпутаткай Наталляй Піпай.
Гісторыя развівалася наступным чынам.
У чэрвені здарыўся скандал з маладым чалавекам, які спяваў песні Віктара Цоя на вуліцы ў Львове. Наталля Піпа зрабіла яму заўвагу, той у адказ пачаў яе абражаць, і нардэп выклікала паліцыю.
Малады чалавек пазней запісаў відэа з выбачэннямі. Галіцкі райсуд Львова 27 ліпеня прызнаў яго вінаватым у адміністрацыйным парушэнні (за лаянкі ў адрас Піпы) і вынес папярэджанне.
У жніўні Арастовіч звярнуўся ў Дзяржбюро расследаванняў з заявай аб «распальванні нацыянальнай варожасці і нянавісці па моўнай прыкмеце» нардэпкай Наталляй Піпай з-за канфлікту ў Львове. У сацсетках Арастовіч пісаў, што дэпутатка, «фактычна скарыстаўшыся службовым становішчам, ажыццявіла нешта, вельмі падобнае на здзек над непаўналетнім».
Нардэпка ў заяве ў адказ ад 24 кастрычніка, якую падтрымалі 28 яе калег, напісала, што «Аляксей Арастовіч займаецца выключна самапіярам і хайпам на тэме нібыта ўціску рускамоўных украінцаў».
Львоўскі аблсавет у верасні 2018 года забараніў публічнае выкарыстанне рускамоўнага культурнага прадукту, а Вярхоўны суд прызнаў рашэнне законным. У чэрвені 2022 года Вярхоўная рада прыняла закон аб забароне публічнага выкарыстання музычнага прадукту краіны-агрэсара.
У кастрычніку стала вядома, што праваахоўнікі пачалі расследаванне праз выказванне Арастовіча на адным з ягоных семінараў пра тое, што жанчын «хочацца прыдушыць». Пасля скандалу Арастовіч заявіў, што ягоныя словы «вырвалі з кантэксту».
Глядзіце таксама

У лістападзе Арастовіч паведаміў, што збіраецца балаціравацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах. У інтэрв'ю «Медузе» ён пацвердзіў, што знаходзіцца за мяжой, і сказаў, што яму, магчыма, «давядзецца пабыць апазіцыйным палітыкам у выгнанні».
У
апошні час Арастовіч з’яўляецца адным з самых выразных апанентаў палітыкі
Зяленскага як датычна метадаў вядзення вайны супраць пуцінскай Расіі, так і
адносна ўнутранай палітыкі ва Украіне. У прыватнасці, былы дарадца Офіса
прэзідэнта крытыкуе сітуацыю з карупцыяй у краіне, з якой, паводле яго
меркавання, улады не змагаюцца належным чынам. Праз тое, лічыць Арастовіч,
падтрымка Украіны з боку Захада не настолькі вялікая, якой магла б быць.
Нагадаем, у Беларусі на Арастовіча таксама ўзбуджана крымінальная справа. Нагодай стаў відэаролік, які ён размясціў у сваім тэлеграм-канале. У ім ён гаварыў пра «рэйкавую вайну» ў Беларусі і Расіі як сродак спыніць расійскую армію. У Генпракуратуры інтэрпрэтавалі гэта як заклікі да здзяйснення актаў тэрарызму.
Аляксей Арастовіч напалову беларус. Яго бацька
паходзіць са Слуцка, у Беларусі адзін з самых прыкметных спікераў Украіны
правёў частку дзяцінства.