Арастовіч сабраўся балаціравацца ў прэзідэнты Украіны

Былы пазаштатны дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч мае намер балаціравацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах, дата якіх пакуль невядомая з-за ваеннага становішча ў краіне. Пра гэта ён паведаміў інфармацыйнаму агенцтву «Інтэрфакс-Украіна».

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

«Так, буду вылучацца», — адзначыў палітык і блогер, адказваючы на пытанне журналіста агенцтва пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне ў выпадку, калі яны адбудуцца.

Арастовіч таксама пацвердзіў, што прапановы адносна палітычных, эканамічных, сацыяльных, ваенных і іншых рэформаў ва Украіне, апублікаваныя ім у сацыяльных сетках у сераду, з'яўляюцца яго перадвыбарнай праграмай.

«Яны будуць дапрацаваны спецыялістамі, я іх апублікаваў для пачатку дыскусіі. Пярэчанні, меркаванні, парады, крытыка — вітаюцца», —сказаў ён.

Каментуючы інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, датычна яго выезду з краіны, Арастовіч адказаў: «У мяне цэлы шэраг міжнародных мерапрыемстваў, на многіх з якіх я — ключавы спікер».

Ён таксама заявіў журналісту агенцтва, што не мае дачынення да падрыхтоўкі журналістам Сайманам Шустэрам крытычнага матэрыялу пра Украіну, апублікаванага ў панядзелак у часопісе «Time». У артыкуле сярод іншага крытыкуецца дзейнасць прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.

«Не, не маю (дачынення). Апошні раз меў зносіны з Сайманам 9 жніўня 2022 года», — сказаў Арастовіч.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары ва Украіне павінны адбыцца вясной 2024 года, аднак у цяперашні час у грамадстве ідзе дыскусія аб магчымасці і неабходнасці іх правядзення ва ўмовах ваеннага становішча.

1 лістапада ў сваім тэлеграм-канале Арастовіч апублікаваў тэкст, які многія ўспрынялі як яго перадвыбарчую праграму. Сярод пунктаў праграмы значыцца «прапанова калектыўнаму Захаду».

«Мы гатовы да варыянта Кісенджара — патрабуем уступлення ў NATO з абавязацельствам не адваёўваць акупаваныя на момант уступлення тэрыторыі, а дамагацца іх вяртання толькі палітычным шляхам», — напісаў экс-дарадца.


Глядзіце таксама

У апошні час Арастовіч з’яўляецца адным з самых выразных апанентаў палітыкі Зяленскага як датычна метадаў вядзення вайны супраць пуцінскай Расіі, так і адносна ўнутранай палітыкі ва Украіне. У прыватнасці, былы дарадца Офіса прэзідэнта крытыкуе сітуацыю з карупцыяй у краіне, з якой, паводле яго меркавання, улады не змагаюцца належным чынам. Праз тое, лічыць Арастовіч, падтрымка Украіны з боку Захада не настолькі вялікая, якой магла б быць.

Нагадаем, у Беларусі на Арастовіча ўзбуджана крымінальная справа. Нагодай стаў відэаролік, які ён размясціў у сваім тэлеграм-канале. У ім ён гаварыў пра «рэйкавую вайну» ў Беларусі і Расіі як сродак спыніць расійскую армію. У Генпракуратуры інтэрпрэтавалі гэта як заклікі да здзяйснення актаў тэрарызму.

Аляксей Арастовіч напалову беларус. Яго бацька паходзіць са Слуцка, у Беларусі адзін з самых прыкметных спікераў Украіны правёў частку дзяцінства.