Што б ні казала і ні абяцала Расія, яна будзе знаходзіць шляхі, як гэта не выконваць

«Улады» акупаваных Запарожскай і Херсонскай абласцей заявілі пра стварэнне «выбарчых камісій», якія зоймуцца падрыхтоўкай да правядзення «рэферэндумаў», пішуць расійскія СМІ. Што ячшэ здарылася ва Украіне?

Абстрэл порту ў Адэсе.Фота t.me/odesacityofficial

Абстрэл порту ў Адэсе.Фота t.me/odesacityofficial

Увечары расіяне абстралялі ракетамі адзін са спальных раёнаў Мікалаева, дзе заўсёды шматлюдна. Паводле папярэдняй інфармацыі, ракета трапіла ў жылы дом, пад заваламі людзі. Ужо вядома пра аднаго пацярпелага — аскепкавае раненне атрымала 16-гадовы дзіця.

На блокпосце ў Васільеўцы Запарожскай вобласці, дзе войскі РФ блакуюць праезд аўтамабіляў з украінцамі, памерлі чатыры чалавекі. Пра гэта паведаміў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў. Там утварылася чарга з 1200 аўтамабіляў — гэта ўкраінцы, якія хочуць эвакуявацца. Многія начуюць ужо пяць дзён на ўзбочыне — у спякоту без нармальнай ежы і медыцынскай дапамогі.

У адказ на просьбу ўкраінскіх улады да рускіх адкрыць для людзей зялёны калідор тыя адказалі, што нібыта «патрэбаў у калідоры няма» і «ніхто з мелітопальцаў не хоча выязджаць».

Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з амерыканскімі кангрэсменамі пракаментаваў ракетны ўдар па порце ў Адэсе: «Гэта сведчыць толькі пра адно: што б ні казала і ні абяцала Расія, яна будзе знаходзіць шляхі, як гэта не выконваць. Геапалітычна, зброяй, крывёй ці не, але ў яе ёсць некалькі вектараў, як яна заўсёды дзейнічае».

Падаляк заявіў, што з моманту падпісання пагадненняў па збожжы Расія здзейсніла ўжо дзве правакацыі супраць Украіны — гэта ўдар па Адэскім порце, а таксама заява Мінабароны РФ аб тым, што ўкраінскія парты небяспечныя для суднаходства.

Орбан заявіў, што Еўрасаюзу патрэбна новая стратэгія наконт вайны ва Украіне, паколькі санкцыі супраць Масквы не спрацавалі: «Патрэбная новая стратэгія, якая павінна засяродзіцца на мірных перамовах і складанні добрай мірнай прапановы... замест перамогі ў вайне».

На гэта спікер МЗС Украіны Алег Нікаленка сказаў, што заявы Орбана аб тым , што «санкцыі не пахіснулі Расію», — класічны прыклад расійскай прапаганды. Нікаленка нагадаў, што Орбан аднавіў рыторыку аб неэфектыўнасці санкцый на наступны дзень пасля візіту міністра замежных спраў Венгрыі ў Маскву, дзе ён прасіў павялічыць аб'ёмы паставак расійскага газу.

«Санкцыі эфектыўныя, яны істотна знізілі здольнасць расійскай вайсковай машыны весці вайну супраць Украіны... Еўропа аказалася ў эканамічным крызісе не праз санкцыі, а праз гібрыдную вайну Расіі. РФ наносіць удары па Украіне крылатымі ракетамі, а па Еўропе — завоблачнымі цэнамі на газ. Гэта ўсё-элементы аднаго расейскага плана, мэта якога-падарваць мір і дабрабыт у еўрапейскіх краінах», — напісаў Нікаленка.

Ракетны ўдар па Кіраваградскай вобласці. Загінулі ўжо трое чалавек. Колькасць параненых вырасла да 19 чалавек, іх жыццю нічога не пагражае, усім аказаная кваліфікаваная медыцынская дапамога, паведаміў кіраўнік Абласной ваеннай адміністрацыі Андрэй Райковіч.

Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua