Войскі РФ здзейснілі масавыя парушэнні свабоды веравызнання ва Украіне

У новым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША гаворыцца, што расійскія акупацыйныя ўлады знішчылі, пашкодзілі або разрабавалі не менш за 630 культавых аб'ектаў. 

Разбураная расійскім авіяўдарам царква ў Запарожскай вобласці, Фота AP

Разбураная расійскім авіяўдарам царква ў Запарожскай вобласці, Фота AP

Расійскія ўзброеныя сілы здзейснілі масавыя парушэнні свабоды веравызнання як на акупаваных, так і на падкантрольных Украіне тэрыторыях, у тым ліку абстрэл рэлігійных устаноў і помнікаў, а таксама арышты святароў.

Пра гэта гаворыцца ў новай справаздачы аб свабодзе веравызнання, апублікаванай на сайце Дзярждэпартамента ЗША 26 чэрвеня, піша Голас Амерыкі.

Дзярждэпартамент прыводзіць статыстыку парушэнняў свабоды веравызнання, паводле якой з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны да канца красавіка 2023 году ва Украіне былі пашкоджаныя або разбураныя 532 месцы пахаванняў або культавых месцаў.

Таксама са спасылкай на паведамленні няўрадавых арганізацыяў Украіны ў справаздачы Дзярждэпартаменту гаворыцца, што расійскія акупацыйныя ўлады за гэты перыяд часу знішчылі, пашкодзілі або разрабавалі прынамсі 630 культавых будынкаў, установаў і святых месцаў.

Парушэнні дапусціла і Украіна

Таксама ў дакладзе аб парушэнні свабоды веравызнання ва Украіне згадваюцца заявы некаторых вернікаў Царквы Сведак Іеговы і пратэстантаў, якія былі арыштаваныя ўкраінскімі ўладамі за адмову ад вайсковай службы па меркаваннях сумлення.

«Сведкі Іеговы працягвалі заклікаць урад вызваліць тых, хто адмовіўся ад вайсковай службы па матывах сумлення падчас мабілізацыі і ваеннага становішча», — гаворыцца ў справаздачы.

Некаторыя габрэйскія лідары і праваабаронцы працягвалі выказваць заклапочанасць тым, што яны лічаць беспакаранасцю за злачынствы на глебе нянавісці, уключаючы акты антысемітызму, гаворыцца ў справаздачы.

У той жа час у дакладзе Дзярждэпартамента падкрэсліваецца, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і іншыя ўрадавыя чыноўнікі Украіны асуджаюць спробы прэзідэнта Расіі Пуціна «паказаць Украіну як антысеміцкую краіну» як «адно з многіх ілжывых апраўданняў для несправакаванага ўварвання Расіі ва Украіну». 

 Энтані Блінкен: ЗША — за свабоду веравызнання ва ўсім свеце

Штогадовы даклад аб свабодзе веравызнання прадставіў у Вашынгтоне дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які падчас прэзентацыі заявіў, што ЗША падтрымліваюць ініцыятывы, накіраваныя на забеспячэнне свабоды веравызнання ва ўсім свеце.

«Сёння ўрады ва ўсім свеце працягваюць нападаць на людзей, рэлігійныя аб'екты, гвалтоўна перамешчаныя суполкі і зняволяць людзей з-за іх рэлігійных перакананняў. Некаторыя краіны ўводзяць абмежаванні на нашэнне пэўных відаў рэлігійнага адзення..., у некаторых выпадках урады нападаюць на людзей з-за іх веры», — сказаў падчас прэзентацыі Энтані Блінкен.

Ён падкрэсліў, што ЗША з 2021 года вылучылі больш за 100 мільёнаў долараў на намаганні ў свеце па прадухіленні рэлігійнага гвалту.

У папярэдніх справаздачах Дзярждэпартамента аб свабодах веравызнання Расія аналагічна абвінавачвалася ў «пераследзе рэлігійных лідараў і знішчэнні рэлігійных месцаў» ва Украіне.

Яшчэ ў 2022 годзе ЗША ўключылі Расію разам з Кітаем, Іранам, Паўночнай Карэяй і М'янмай у спіс краін, дзе рэлігійныя свабоды найбольш уціскаюцца.