Заходнія разведкі лічаць рэалістычнай лічбу ў 10 тысяч загінулых ва Украіне расійскіх вайскоўцаў

Лічба ў 10 тысяч расійскіх вайскоўцаў, забітых падчас вайны ва Украіне, — гэта «разумная ацэнка», кажа на ўмовах ананімнасці заходні функцыянер. Гэтая лічба ненадоўга з'явілася на пракрамлёўскім сайце, магчыма з прычыны ўзлому, а затым была хутка выдаленая.

efbf17ec63d2c1c923e32cd6d6452f93.jpg


Як паведамляе руская служба ВВС, такая лічба беззваротных страт азначае, што яшчэ 30-40 тысяч расійскіх вайскоўцаў параненыя або па іншых прычынах выбылі са строю. «Гэта вельмі значнае знясіленне расійскіх сіл», — працягвае крыніца.

Разам з тым, дадае чыноўнік, у Расіі яшчэ застаецца «шмат сіл і сродкаў», так што яна здольная працягваць «знясільваючы пазіцыйны канфлікт нейкі час».

«Мы асабліва ўважліва сочым за маральным станам расійскіх войскаў і за іх воляй да працягу вайны ў сітуацыі, калі ваяваць прыходзіцца ў населеных месцах, у роднаснай славянскай краіне. Гэта іншы маштаб канфлікту», — адзначае крыніца.

Найбольш верагодным сцэнаром уяўляецца захаванне цяперашняга становішча, а не значная змена, будзь то дасягненне Расіяй яе мэтаў або выгнанне расійскіх войскаў з Украіны, дадаў суразмоўца ВВС.

Пры гэтым заходнія выведвальныя службы мяркуюць, што аперацыя пад чужым сцягам з ужываннем хімічнай зброі магчымая, але імавернасць яе невысокая.

Нагадаем, што напачатку ўварвання расійскі кантынгент на межах Украіны ацэньваўся ў 120 тысяч чалавек. Страта загінулымі і параненымі ў 50 тысяч азначае, што Расія пазбавілася прыкладна палову жывой сілы, не кажучы ўжо пра тэхніку.