Замежныя СМІ пра Беларусь: 17 - 23 кастрычніка

Мірны вынік пятнічнага пасяджэння Мытнага саюзу можна тлумачыць як сігнал расійскіх уладаў, што ў адсутнасць Аляксандра Лукашэнкі Расія і Беларусь цалкам здольныя дамовіцца. Паколькі ўсе дамоўленасці дасягнутыя на ўзроўні прэм’ер-міністраў.

«Ведомости» (Расія)

Мірны вынік пятнічнага пасяджэння Мытнага саюзу можна тлумачыць як сігнал расійскіх уладаў, што ў адсутнасць Аляксандра Лукашэнкі Расія і Беларусь цалкам здольныя дамовіцца. Паколькі ўсе дамоўленасці дасягнутыя на ўзроўні прэм’ер-міністраў.
«Ведомости» (Расія)
Рэальнай альтэрнатывы А. Лукашэнку ў Беларусі на сённяшні дзень няма. А без моцнага канкурэнта нават уплыў Расіі ў беларускіх узброеных сілах губляе сваю значнасць. Адсюль выснова — А. Лукашэнка застанецца прэзідэнтам краіны, і Масква пры ўсім жаданні не зможа перашкодзіць яму гэта зрабіць. Таму яна толькі паспрабуе максімальна ўскладніць яго прэзідэнцкую кампанію (арганізаваць новы энергетычны канфлікт, прыстрашыць не прызнаць вынікі выбараў і г. д.), каб ён стаў яшчэ больш згаворлівым, аднак да радыкальных крокаў, верагодней за ўсё, звяртацца не будзе.
УНІАН (Украіна)
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Турцыю сустрэўся з патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем. З крыніцы ў асяроддзі мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, экзарха Беларусі, стала вядома, што прэзідэнт Лукашэнка абмяркоўваў з Сусветным Патрыярхам магчымасць аўтакефаліі для Беларускай праваслаўнай царквы. Назіральнікі ўпэўненыя, што магчымасць аўтакефаліі для БПЦ вельмі спрэчная, але тое, што прэзідэнт Лукашэнка пра гэта загаварыў, — сур’ёзны «званочак» для Маскоўскага патрыярха і, адпаведна, для кіраўніцтва Крамля… Ведаючы незалежны характар беларускага прэзідэнта, можна выказаць здагадку, што ён не стане занадта стрымліваць сябе, умешваючыся ў справы царквы. І калі палітычная сітуацыя запатрабуе, у яго цалкам можа хапіць рашучасці на абвяшчэнне аўтакефаліі.
«Дзеркало тижня» (Украіна)
Калі вы ідзяце ў Еўропу, то прыходзіце ў цэнтр Еўропы. Мы будзем вам актыўна дапамагаць і падтрымліваць у Беларусі», — заявіў ён (Лукашэнка) кітайцам і зрабіў ім прапанову, ад якой, па яго разуменні, яны наўрад ці змогуць адмовіцца. «Мы маем унікальнае становішча ў Мытным саюзе… Вы зможаце бязмытна гандляваць фактычна на ўсёй тэрыторыі постсавецкай прасторы». Прасцей кажучы, Лукашэнка адкрытым тэкстам прапанаваў Кітаю свае паслугі па распаўсюду кантрабандных тавараў на тэрыторыі адзінай мытнай прасторы. Наўрад ці ён пры гэтым раіўся з лідэрамі Расіі і Казахстану. Як удзельнікі Мытнага саюзу адрэагуюць на гэты крок беларускага прэзідэнта — пакажа час. Магчыма, ім застаецца спадзявацца толькі на разважлівасць кітайцаў. Але ўжо цяпер ясна, што, ратуючы сябе асабіста, Лукашэнка здольны прадаць не толькі сваю краіну.
«Новая палітыка» (Расія)
Тое, што з Лукашэнкам можна дамовіцца, паказала гісторыя ўступлення Беларусі ў Мытны саюз. Ён доўга ўпіраўся і патрабаваў бязмытнай расійскай нафты, аднак Расія не саступіла, арганізавала газавы канфлікт і ўрэшце прымусіла Аляксандра Рыгоравіча прыняць яе ўмовы. Такім чынам, можна выказаць здагадку, што рана ці позна Масква ў адносінах з Беларуссю ўсё ж даб’ецца свайго, паколькі ў Лукашэнкі папросту няма іншага выбару, калі ён хоча і далей заставацца ва ўладзе. Захад жа ў гэту справу ўмешвацца не стане, таму што лічыць Беларусь зонай уплыву Расіі.
«Geopolitika» (Літва)
Беларусь для шмат каго — як казачнае Белаводдзе, міфічны салодкі міраж, легендарная Атлантыда, аазіс у пустыні, запаведнік чысціні і парадку на фоне расійскага бардаку, карупцыі і бюракратычнага бязмежжа... Мне вельмі зразумелая і чымсьці нават блізкая гэта саўковая настальгія. Але ўжо занадта свежыя ўспаміны пра тое, што хавалася за савецкімі чысцінёй і парадкам, нават у самыя бяскроўныя застойныя часы: дастаткова ўзяць падшыўку старых газет, перагартаць іх — і адразу развеецца ідылія. Калі, вядома, для вас такія словы, як «свабода», — не пусты гук.
«Красноярский рабочий» (Расія)