Замежныя СМІ пра Беларусь: 5-12 лістапада

Адзіны кандыдат ад апазіцыі, калі б ён існаваў у рэальнасці, мог бы лёгка выйграць першы тур выбараў і выйшаў бы ў другі фаварытам.

НТВ (Расія)

Адзіны кандыдат ад апазіцыі, калі б ён існаваў у рэальнасці, мог бы лёгка выйграць першы тур выбараў і выйшаў бы ў другі фаварытам.
НТВ (Расія)
Спробы Лукашэнкі абхітрыць Расію і яго празаходняя пазіцыя сур’ёзна раззлавалі Крэмль. Пакуль Лукашэнка лічыўся самым блізкім саюзнікам Масквы, Расія падтрымлівала яго рэжым у палітычным, эканамічным і ваенным плане. Аднак пасля таго, як Лукашэнка пачаў спрабаваць дзейнічаць самастойна, Расія, імкнучыся паслабіць яго ўладу, робіць свой унёсак у дэмакратызацыю краіны. Расія можа ўпершыню надаць увагу парушэнням дэмакратычных нормаў падчас галасавання. Таксама расійскія палітыкі пачалі сустракацца з беларускай апазіцыяй, а Масква, па чутках, фінансуе мясцовыя кампаніі супраць Лукашэнкі... Аднак было б наіўна думаць, што для Расіі дэмакратызацыя з’яўляецца самамэтай. Дэмакратычныя працэдуры могуць быць для яе зручныя ў тых выпадках, калі яны здольныя дапамагчы змяніць непрыязны рэжым на лаяльны.
«New Europe» (Бельгія)
Грошы ўнеслі раскол у, здаваліся б, такія блізкія адносіны Расіі і Беларусі. Доўгі час Лукашэнка карыстаўся таннымі пастаўкамі энерганосьбітаў з Расіі і такім чынам фінансаваў свой невялікі эканамічны бум. Зараз з нізкімі коштамі скончана, і Лукашэнка шукае сабе новых сяброў. Таму Лукашэнка цяпер з задавальненнем прымае прадстаўнікоў Захаду, хоць яму іх павучанні і дзейнічаюць на нервы. Ён хоча збліжэння з Еўрасаюзам, і больш-менш свабодныя выбары ўяўляюцца яму не занадта высокай цаной. Паразы ён усё роўна не баіцца, бо апазіцыя занадта слабая. Што датычыць еўрапейцаў, то глыбокая зіма ў расійска-беларускіх адносінах не засталася для іх незаўважанай. Перш за ўсё палякі і літоўцы лічаць, што надышоў час зламаць існуючую паміж Беларуссю і Еўрасаюзам «кітайскую сцяну», як яе называе прэзідэнт Грыбаўскайтэ. Таму Еўрасаюз пераключыўся з палітыкі патрабаванняў на палітыку абяцанняў. Забарона на кантакты з галоўнымі беларускімі палітыкамі знятая, і было абяцана дабраславенне партнёрскай палітыкі.
«Sueddeutsche Zeitung» (Германія)
Еўропа выдаткуе Беларусі 3 мільярда еўра фінансавай дапамогі ў рамках праграмы «Еўрапейскае партнёрства». Тым самым ЕС афіцыйна прызнаў: Брусель будзе гатовы падтрымаць пераабранне Лукашэнкі ў выпадку яго адмовы ад збліжэння з Масквой, а распродаж стратэгічных прадпрыемстваў, як вучыць нас гісторыя, з’яўляецца фіналам любой «лібералізацыі». І, зразумела, яе бенефіцыярамі павінны стаць не расійскія, а еўрапейскія кампаніі. Лукашэнка перад выбарамі робіць выгляд, што нічым Еўропе за падтрымку не абавязаны, што «Сінявокую» ў Бруселі падтрымалі за прыгожыя вочы і што ад сацыялізму Мінск не адступіцца. Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей ганарліва заяўляе: калі Еўропа будзе ціснуць на Беларусь, то грошай ад яе Мінск не возьме. Возьме, дзе ён падзенецца.
«Росбалт» (Расія)
 
Сваімі апошнімі рэзкімі заявамі Лукашэнка, па сутнасці, адпіхнуў руку, якую яму працягнула Расія ў сярэдзіне кастрычніка, калі кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі Сяргей Нарышкін на сустрэчы з беларускімі журналістамі заклікаў аднавіць добрасуседскія адносіны паміж дзвюма краінамі. Лукашэнка па-ранейшаму свядома разыгрывае «антырасійскую карту» на гэтых выбарах. Аднак робіць ён гэта дазавана, паколькі зваротныя выбрыкі Масквы ў вачах адной часткі грамадства ўмацоўваюць яго пазіцыі, а іншай — падрываюць. Эфект ацаніць складана: беларускае грамадства раз’яднанае, краіна — у стане геапалітычнага расколу.
«Взгляд» (Расія)