Замежныя СМІ пра Беларусь: 6-12 кастрычніка

Літва ніяк не можа падабраць ключ да дзвярэй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — з ім спрабавалі размаўляць па-рознаму, але гэты моцны арэшак не паддаецца. Але пакуль палітыкі Літвы і ЕС шукаюць, беларусы знаходзяць у Літве тое, што ім трэба: буйныя гандлёвыя цэнтры часам ледзь месцяць гасцей з Беларусі, якія прыехалі на выходныя за пакупкамі. А найбліжэйшае асяроддзе Лукашэнкі і буйныя алігархі, можна сказаць, жывуць у Вільнюсе. Яны купляюць кватэры і дамы, маюць зносіны з палітыкамі і мясцовымі прадпрымальнікамі. Старшыня камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Арвідас Анушаўскас сцвярджае, што, купляючы нерухомасць у Літве, асяроддзе Лукашэнкі, магчыма, рыхтуе плацдарм для ўцёкаў.

«Delfi» (Літва)

Што ж датычыцца інтэграцыі, то Лукашэнка, нягледзячы на паразу Саакашвілі, яшчэ вельмі нават можа прапісаць калі не ўсю Грузію, то асобна ўзятага адстаўнога грузіна, калі не ў СНД, то ў асобна ўзятай Беларусі. Іншая справа, ці захоча Саакашвілі здабыць спакой там, дзе знайшоў яго экс-прэзідэнт Кіргізіі Бакіеў?
«Голос России» (Расія)
У прыватызацыйным спісе знаходзіцца каля 250 прадпрыемстваў, але інвестары не спяшаюцца ўкладваць у беларускую эканоміку з-за недастатковай празрыстасці ў краіне. Больш таго, эксперты лічаць, што ўступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю прынясе сур’ёзную шкоду беларускай прамысловасці: зараз беларускаму экспарту ў Расію давя­дзецца канкураваць з сусветнай прадукцыяй… Тэндэнцыі апошняга часу выглядаюць зусім не весела — за першае паўгоддзе бягучага года краіна страціла 600 мільёнаў долараў, якія магла атрымаць у якасці прамых інвестыцый, а кіраўніцтва краіны, як паказала гісторыя з купляй «Газпрамам» «Белтрансгаза», не жадае дапускаць росту ўплыву інвестараў, дарэчы, пераважна расійскіх.
«Handelsblatt» (Германія)
Большасць беларусаў не лічаць міліцыянераў сваімі абаронцамі. Па меркаванні экспертаў, у Беларусі органы ўнутраных спраў ператварыліся ў рэпрэсіўную машыну, прычым не толькі ў дачыненні да апазіцыі. Усе больш беларускіх грамадзян за апошнія гады адчулі на сабе нематываваную агрэсію з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Звычайнай практыкай сталі фальсіфікацыі адміністрацыйных спраў і лжэсведчанні міліцыянераў у судах.
«Deutche Welle» (Германія)
Уменне ўладаў Беларусі адмаўляць відавочнае і не прызнаваць папрокі сусветнай грамадскасці ў незахаванні правоў чалавека стала ўжо нормай і нікога не дзівіць. Беларускія ўлады даўно абралі шлях «законнага беззаконня». Красамоўны прыклад такога развіцця падзей — нядаўняя заява кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, што ў бліжэйшай будучыні заклікі да байкоту выбараў будуць разглядацца як грамадска-масавыя мерапрыемствы, якія ў Беларусі ўжо дэ-факта забароненыя.
«Независимая Газета» (Расія)