Замежная прэса пра Беларусь: 15–22 чэрвеня

Свае крэветкі і пармезан. Камсамол і падатак на гультаёў. Райвыканкам як бізнес-партнёр і паспяховыя з выгляду, але датацыйныя сельгас- і прампрадпрыемствы. Беларусь выглядае рабочай мадэллю таго, да чаго ідзе дзяржава расійская — калі не ўлічваць, што ўсё савецкае жыве тут толькі дзякуючы Расіі.«Коммерсантъ» (Расія)

Фота © Fotolia/ fragolerosse

Фота © Fotolia/ fragolerosse



Эксперты намагаюцца зразумець, што прымусіла Лукашэнку, які ў прынцыпе не прымае рынкавыя рэформы, падпісаць такія дакументы (указ аб стварэнні Агенцтва па кіраванні актывамі для вырашэння праблемнай запазычанасці банкаў па крэдытах, якія былі прадстаўленыя неплацежаздольным сельскагаспадарчым арганізацыям). Называюцца дзве версіі. Па-першае, ціск непераадольных абставін у выглядзе велізарных даўгоў, якія дзяржаве ўжо няма чым кампенсаваць. Па-другое, патрабаванні крэдытораў, у прыватнасці МВФ. Фонд, у якога Беларусь запытала чарговы крэдыт, настойвае на сваёй формуле: «грошы толькі пад рэформы». Праўда, само слова «рэформы» ў Беларусі пад забаронай. Усе «рэвалюцыйныя» рашэнні чыноўнікі называюць «аптымізацыяй», «удасканаленнем» і гэтак далей, паколькі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пайсці на рэформы — азначае прызнаць памылковасць ранейшай эканамічнай палітыкі. Гэта не ў яго правілах.

«Независимая газета» (Расія)


Урад Беларусі ў другім паўгоддзі плануе скараціць выдаткі бюджэту на 8 працэнтаў і пералічыць даходную частку з улікам кошту нафты 35 долараў за барэль пры першапачатковым прагнозе ў 50 долараў. Напаўняць дзяржказну Мінск мае намер за кошт увядзення дадатковых збораў ды падаткаў і павелічэння платы для насельніцтва за камунальныя паслугі. (...) Сам па сабе секвестр бюджэту пры адсутнасці структурных рэформаў не прадухіліць негатыўных тэндэнцый у эканоміцы Беларусі і не стане стымулам для яе развіцця. Асноўны ж удар прыйдзецца на тых, хто не мае моцы супраціўляцца.

«Deutsche Welle» (Германія)


Беларускія падручнікі па гісторыі часта перапісваюцца. У апошнія гады было ўлічанае патрабаванне Лукашэнкі не ачарняць савецкіх кіраўнікоў, «уключаючы Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна». Падзеі найноўшай гісторыі, перыяд з часу абвяшчэння Беларусі суверэннай незалежнай дзяржавай, пададзеныя ў інфармацыйным парадку, без высноў і ацэнак. Пры гэтым, як адзначае шэраг даследчыкаў, неадназначныя моманты найноўшай беларускай гісторыі выкладаюцца без згадкі звязаных з імі пратэстных рэакцый, грамадскай незадаволенасці.

«Сибновости» (Расія)


Беларусь пакуль мае магчымасць манеўраваць, улічваючы няпростыя адносіны Расіі з Захадам і Украінай, а таксама захоўваецца зацікаўленасць расійскіх інвестараў у куплі шэрагу аб’ектаў машынабудавання і іншай прамысловасці Беларусі. Аднак рана ці позна пахаладанне паміж Расіяй і Захадам скончыцца, як і аб’екты для расійскіх інвестыцый у Беларусі. Таму поле для манеўру ў Мінска сціскаецца, як шчыгрынавая скура, што не дазволіць Лукашэнку «вечна» працягваць гэтую практыку ў адносінах з Масквой.

Лента.ру (Расія)


З вельмі вялікай верагоднасцю свецкая апазіцыя хутка пашкадуе пра сваю падтрымку «султана» «ў імя дэмакратыі». Эрдаган паспяхова трансфармуецца ў эквівалент Лукашэнкі пры значна больш рэпрэсіўным рэжыме.

«Евразия экспресс» (Расія)