Замежныя СМІ пра Беларусь: 11–17 студзеня
Уедлівыя назіральнікі не прамінулі заўважыць, што ў якасці крытэры адбору пры звальненні Аляксандр Лукашэнка назваў адданасць. «Той, хто верай і праўдай служыць дзяржаве і народу, павінен працаваць у дзяржаўным апараце», — заявіў ён.
Такі падыход дае падставу казаць, што рэформа, сярод іншага, павінна запалохаць чыноўніка звальненнем. НГ і раней адзначала, што паступова беларускае чыноўніцтва, пастаўленае ва ўмовы немагчымага выканання нерэальных указанняў прэзідэнта, пачынае супраціўляцца. Сіла гэтага супраціву яшчэ зусім малая, але Лукашэнка, як заўсёды, працуе на апярэджанне, мяркуюць эксперты.
«Независимая газета» (Расія)
Падвышэнне заробкаў і сацыяльных выплат у цэлым, як паказала практыка постсавецкага перыяду, суправаджаецца актыўным попытам на імпартныя тавары і замежную валюту. Асноўнымі спажыўцамі імпарту выступаюць зусім не абывацелі, а прадпрыемствы, але агонь крытыкі афіцыёзу пры гэтым накіраваны, у першую чаргу, на «непатрыятычных» грамадзян, якія аддаюць перавагу не беларускаму тавару, а лепшаму па спажывецка-якасных характарыстыках. У недаверы да «зайчыкаў» улады Беларусі могуць вінаваціць толькі сябе: ні ў адной краіне свету Новы год не асацыюецца з дэвальвацыяй; цяжка ўзгадаць краіну, дзе ў XXI стагоддзі курс нацыянальнай валюты за год зваліўся амаль у тры разы, дзе нацыянальная валюта так імкліва губляла функцыю грошай.
«REGNUM» (Расія)
У краіне склалася абсурдная сітуацыя. Усе разумеюць, што ідэалагічныя кантралёры патрэбныя ў першую чаргу ўладам — як наглядчыкі за лаяльнасцю. Але пратэставаць ніхто не імкнецца. Да таго часу, пакуль грамадства моўчкі праглынае гэты прапагандысцкі гвалт, абвешчанае Лукашэнкам скарачэнне дзяржапарату наўрад ці закране «ідэалагічную вертыкаль». Так што, здаецца, эканоміць у Год беражлівасці давядзецца не чыноўнікам ад ідэалогіі, пазбаўленым наседжаных месцаў, а простым грамадзянам. І не па закліку ўлад, а ад беднаты. Таму што, нягледзячы на ідэалагічныя ўстаноўкі пра эфектыўнасць эканомікі, Беларусь апынулася на першым месцы ў СНД па росце цэнаў, а па пакупніцкай здольнасці ўвайшла ў дзявятку самых бедных краін Еўропы.
«Deutche Welle» (Германія)
«Крый Божа, губернатар прыедзе і ўбачыць, што штосьці не так, — павінна быць усім горача. Вось і ўсё! Тады будзе эфектыўнасць». У апошніх словах Лукашэнка мімаволі агаліў корань неэфектыўнасці беларускага дзяржапарату. «Крый Божа, губернатар прыехаў — усім будзе горача» лёгка трансфармуецца ў «Крый Божа, прэзідэнт прыехаў». Пакуль у Беларусі дзейнічае аўтарытарная вертыкаль улады на чале з Лукашэнкам, да таго часу чыноўнікі пад страхам знявагі і турмы будуць займацца не ўласцівымі ім функцыямі і да таго часу будзе актуальны анекдот пра тое, як «бацька» перабірае бульбу.
«Республика» (Казахстан)
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, сукупны тыраж усёй недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы Беларусі нашмат меншы, чым цяперашні тыраж газеты «Советская Белоруссия». Аднак рэальная папулярнасць выдання ў жыхароў краіны нізкая. Уласна, тое, што адбываецца (аб’яднанне дзяржаўных газет у адну) лагічна вынікае з інфармацыйнай палітыкі ўлады. А дакладней, яе поўнага правалу. Сёння беларускія ўлады практычна губляюць кантроль над інфармацыйным полем краіны. Спроба сфармаваць дзяржаўную ідэалогію займела поўнае фіяска. У гэтых умовах утрыманне такой колькасці дзяржаўных газет — празмернасць. Тым больш, што самі выданні, мякка кажучы, вялікіх дасягненняў на ніве журналістыкі не дэманстравалі.
«Газета» (Расія)