Замежныя СМІ пра Беларусь: 1–8 сакавіка
Абноўленая рэдакцыя Канцэпцыі знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі выразна дэкларуе мэту рэінтэграцыі краін СНД пад эгідай Масквы. Пуцін доўгі час спадзяваўся дамінаваць на постсавецкай прасторы, адначасова пераводзячы адносіны з патэнцыяльнымі сатэлітамі на рынкавыя рэйкі.
У выніку Расія ледзь не пазбавілася апошняга саюзніка ў асобе Беларусі. Новая рэдакцыя канцэпцыі прызнае непазбежную неабходнасць ісці на эканамічныя саступкі ў абмен на палітычнае лідарства. Прытрымліваючыся гэтай логікі, у Маскве заплюшчваюць вочы на субсідаванне беларускай эканомікі.
«Комментарии» (Украіна)
З вялікага грому — дробны дождж. Такой прыказкай ацанілі вынікі нарады назіральнікі ў Мінску, нагадваючы, што ў канцы мінулага тыдня Лукашэнка, расчараваны вынікамі беларускага хакея, не ўтрымаўся ад рэзкіх выказванняў.
«Месці вуліцы» тры месяцы таму Лукашэнка адправіў ранейшых высокіх кіраўнікоў спартыўнай галіны, уключаючы міністра спорту і памочніка прэзідэнта па пытаннях развіцця спорту і турызму. Прычына — горшы ў гісторыі суверэннай Беларусі вынік па колькасці заваяваных узнагарод на летняй Алімпіядзе ў Лондане.
Ад перастаноўкі чыноўнікаў нічога не змянілася, дый не зменіцца. Адміністраванне, строгае патрабаванне высокага выніку абарочваецца псіхалагічным выгараннем спартсменаў.
ВВС (Вялікабрытанія)
Планы беларускага ўрада па павелічэнні замежных інвестыцый у эканоміку краіны могуць застацца на паперы. Аналітыкі свой скепсіс адносна заяўленай мэты тлумачаць паводзінамі беларускіх уладаў, якія могуць адпрэчыць патэнцыйных замежных інвестараў.
Справа ў тым, што ў лютым урад заявіў пра намер да канца сакавіка 2013 года вярнуць дзяржаве кантрольныя пакеты акцый холдынгу «Луч» (Мінск) і прадпрыемства «Красный пищевик» (Бабруйск). А ў кастрычніку 2012 года па ўказанні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі былі ліквідаваныя назіральныя саветы на двух кандытарскіх фабрыках — «Камунарка» (Мінск) і «Спартак» (Гомель).
Словы Лукашэнкі і дзеянні ўладаў выклікалі шок у бізнэсмэнаў і экспертаў, якія назвалі тое, што здарылася, новай нацыяналізацыяй і прадраклі сур’ёзныя наступствы такіх дзеянняў.
«Deutsche Welle» (Германія)
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў урад нават за намёкі на рынкавыя пераўтварэнні і адмовіўся слухаць перасцярогі дзяржаўных эканамістаў пра рызыкі і пагрозы цяперашняй эканамічнай палітыкі.
На думку экспертаў, спроба чыноўнікаў выканаць узаемавыключальныя ўказанні прэзідэнта прывядзе не толькі да адстаўкі ўрада, але і да чарговага эканамічнага крызісу. Лукашэнка прыгразіў ураду адстаўкай, і яна немінуча будзе, упэўненыя эксперты ў Мінску, паколькі трэба будзе на кагосьці спісаць крызіс.
«Независимая газета» (Расія)
Фонд (Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС) плануе зрабіць больш жорсткімі ўмовы выдачы чарговага траншу крэдыту Беларусі. Невыкананне кантрольнага паказчыка — падстава адмовіць у крэдыце або адтэрмінаваць выдзяленне чарговага траншу да прывядзення паказчыка ў норму, вызначаную ўмовамі выдачы крэдыту.
У выпадку прадстаўлення двух астатніх траншаў у 2013 годзе (880 мільёнаў долараў) знешні дзярждоўг Беларусі можа павялічыцца яшчэ на 1,2–1,5 працэнтных пункта — да 21,5% ВУП. Перавышэнне парогавых значэнняў можа павялічыць узровень інфляцыі, і ўлады Беларусі будуць вымушаныя звярнуцца да дадатковай эмісіі нацыянальнай валюты, што ў выніку можа прывесці да крызісу эканомікі краіны і адмоўнай плацежаздольнасці.
«Finance» (Украіна)