Замежныя СМІ пра Беларусь: 14 красавіка — 20 красавіка
На пачатку красавіка Роза Атунбаева, якая ўзначаліла пераходны ўрад пасля звяржэння Бакіева, прызналася, што выпусціла яго з краіны па просьбе прэзідэнтаў Казахстана, ЗША і Расіі. Але тады атрымліваецца, што Лукашэнка — зусім не выратавальнік сямейства Бакіевых. І беларускі пашпарт — зусім не гарантыя бяспекі для сям’і і світы. Пры змене сітуацыі — у Бішкеку ці ў Мінску, у Цэнтральнай Азіі ці ва Усходняй Еўропе — Бакіевы могуць вярнуцца на радзіму адбываць пакаранне. «Новая газета» (Расія)
Аляксандр Лукашэнка на фоне крызісу на Кіпры не раз заяўляў, што да дадзенай сітуацыі ставіцца нейтральна, бо беларуская эканоміка не звязаная з кіпрскімі фінансамі. Аднак падкрэсліў, што з-за банкаўскіх праблем у некаторых еўрапейскіх дзяржавах можа знізіцца беларускіх экспарт, немалая доля якога арыентаваная на Захад. Аналітыкі адзначылі, што разам з устойлівасцю беларускага рубля чарговая дэвальвацыя непазбежная, пытанне заключаецца толькі ў тым, калі яна можа адбыцца.
«Masterforex-V» (Расія)
Звярніце ўвагу — перасталі казаць пра эканамічны крызіс у Беларусі. Таму што Беларусь, апроч усяго іншага, атрымлівае газ і нафту па ўнутраных расійскіх цэнах. Умацаваўся «зайчык», які падаў так, што дна не было відаць, стабілізавалася прамысловасць, стабілізаваўся экспарт. А здавалася, што Беларусь чакае лёс Грэцыі або Кіпру, але не — выцягнулі за кошт Расіі. Лукашэнка быў супраць адкрыць усе дзверы для расійскага бізнэсу, паколькі гэта парушала яго манаполію... Лукашэнка пярэчыць, таму што Беларусь, у адрозненне ад Расіі і Украіны, — краіна-карпарацыя, у якой ён сам старшыня савета дырэктараў. А любы старшыня савета дырэктараў карпарацыі не хоча, каб у яе заходзілі знешнія інвестары.
«Главком» (Украіна)
Правільныя, здавалася б, справы (рашэнне пра скарачэнне беларускіх чыноўнікаў на чвэрць) не знайшлі адназначнай падтрымкі ў экспертным асяроддзі. Наадварот, у аналітыкаў з’явіліся сур’ёзныя перасцярогі, што рэформа стане чарговай бюракратычнай інсцэніроўкай: падначаленыя зробяць выгляд, што выканалі ўказанне прэзідэнта, які ў сваю чаргу зробіць выгляд, што навёў парадак у сістэме дзяржорганаў. Галоўная праблема беларускай сістэмы дзяржкіравання, падкрэсліваюць палітолагі, не ў колькасці чыноўнікаў (акрамя сілавікоў, іх у Беларусі каля 70 тысяч чалавек), а ў празмернай колькасці функцый, якія за імі замацаваныя. Патрэбныя паўнавартасны аўдыт функцый і сістэмнае пераасэнсаванне іх неабходнасці, а не механічнае зразанне штатаў.
«Республика-инфо» (Казахстан)