Замежныя СМІ пра Беларусь: 15–21 сакавіка

Парадаксальна, адзначаюць эксперты, што сёння ў Варшавы лепшыя адносіны з Масквой, чым з Мінскам. Але самы крытычны перыяд і самая нізкая кропка ў адносінах яшчэ, мабыць, не пройдзеныя. Таму шукаць адказы на галоўныя пытанні нявыкарыстанага суседства Польшча—Беларусь зараз бессэнсоўна. Delfi.lt (Літва)



smi4.jpg

Калі Аляксандр Лукашэнка кажа пра тое, што ёсць праблема, якую можна вырашыць толькі ў фармаце Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, ён намякае на тое, што для краін, якія знаходзяцца ў адной дзяржаве, прадстаўленне крэдыту не можа быць праблемай. Больш за тое, не можа быць праблемай не проста крэдыт, а танны і доўгі крэдыт. Зрэшты, расійскія перагаворшчыкі так не лічаць. Умовы крэдытаў, якія Аляксандр Лукашэнка атрымліваў ад Расіі раней, не былі выкананы Беларуссю. Цяпер прадстаўленне крэдыту абумоўлена неабходнасцю пачаць у Беларусі маштабную прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў, і няма ніякай упэўненасці, што Аляксандр Лукашэнка не супакоіцца з гэтай нагоды, як толькі атрымае патрэбныя 2 мільярды долараў.

«СЛОН» (Расія)


 

Транзіт улады ў аўтакратыі з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Але Лукашэнка, падобна, пакуль не вельмі непакоіцца на гэты конт. І адсутнасць палітычных альтэрнатыў свайму праўленню тлумачыць тым, што «пакуль дзеючая постаць моцная». З такім поглядам на рэчы пра пераемніка і перадачу ўлады сур’ёзна задумвацца складана: Лукашэнка ўсё яшчэ лічыць, што ён — усур’ёз і надоўга. А там, можа, і сапраўды сын падрасце ці іншая годная змена.

Полит.ру (Расія)

Усведамляючы ўласную значнасць у праектах Крамля, Мінск спадзяецца на крэдыт і з выкананнем абяцанняў не спяшаецца, таму для кіраўніцтва Беларусі любы мемарандум — не больш чым нататка на памяць. На ўпэўненую заяву Пуціна аб пачатку фармавання холдынгу «Расбелаўта» на базе расійскага КамАЗа і беларускага МАЗа Лукашэнка адказаў фразай аб краінах-саюзніцах, якія «ў гэтым годзе скажуць слова па ўсіх напрамках». Але ніякія расійскія крэдыты, адкрыты рынак з Расіяй, і нават продаж дзяржуласнасці, як гэта было з «Белтрансгазам», без рэформаў не выведуць эканоміку Беларусі з крызісу. У беларускага кіраўніка застаецца ўсё менш рычагоў уплыву на развіццё сітуацыі ва ўласнай краіне.

Deutsche Welle (Германія)


 

Міністэрства эканомікі Беларусі афіцыйна пацвярджае, што тавар за мяжой прадаецца танней, чым дома. Паводле прагнозу балансавых паказчыкаў развіцця беларускай эканомікі, што апублікаваны Нацыянальным прававым інтэрнэт-парталам, у 2013 годзе беларускія прадукты за межамі Беларусі былі танней, чым шматлікія групы айчынных тавараў. Прэзідэнт Лукашэнка не аднойчы тлумачыў беларусам, што замежны рынак харчавання прыносіць краіне валюту і здольны прыняць яшчэ больш беларускага тавару... На думку шэрагу эканамістаў, адносная таннасць беларускага тавару на знешніх рынках «кампенсуецца» вытворцам за кошт унутраных коштаў на розныя групы тавараў і паслуг.

ВВС (Вялікабрытанія)