Замежныя СМІ пра Беларусь: 27 кастрычніка — 1 лістапада

Пастаўкі ў Еўропу бензіну пад выглядам растваральнікаў і змазак без выплаты мыты ў расійскі бюджэт далі Беларусі некалькі мільярдаў долараў, якія дазволілі ў першым паўгоддзі выйсці на станоўчае сальда знешняга гандлю. У выніку гэта дало магчымасць падняць зарплаты бюджэтнікам і правесці ў верасні парламенцкія выбары. Сёння лішніх 1,5 мільярда долараў у Мінска няма — ні ў бюджэце, ні ў пазабюджэтных фондах. Але адмова плаціць павялічвае рызыку росту коштаў на расійскія энерганосьбіты і прыпыненне крэдытавання праз Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС. Давядзецца плаціць прамысловымі актывамі.

Газета.Ру (Расія)

У Беларусі сітуацыя рэзка змянілася прыкладна ў 1995–1996 гадах. Гэта не першы год прыходу да ўлады Лукашэнкі, але час, калі ён пачаў змяняць Канстытуцыю... Наўрад ці ён валодаў такой неверагоднай уладай, што здолеў усю краіну пад сябе прагнуць. Гэта перакладанне адказнасці грамадзян і эліт на адну нейкую персону. Тое, што Лукашэнка памяняў Канстытуцыю, азначае толькі адно — эліты былі згодныя, вялікая частка насельніцтва была згодная ці... ёй было ўсё адно. Калі, напрыклад, 40% насельніцтва індыферэнтнае, то яно насамрэч на баку кіроўнага рэжыму. Заўсёды!
«Республика» (Казахстан)
Інтэгравацца ў «еўразійскім кірунку»? Але падобную спробу ўжо распачалі Расія і Беларусь. Яшчэ ў часы Ельцына яны стварылі «саюзную дзяржаву». Ці палепшыліся пасля гэтага стасункі паміж краінамі? Хутчэй, наадварот. У Лукашэнкі з’явілася дадатковая нагода перыядычна прад’яўляць прэтэнзіі свайму саюзніку, які нібы яго «кідае»: не дае танны газ, патрабуе плаціць па абавязках, уваходзіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю і г. д. Дарэчы, рэжым Лукашэнкі зручны менавіта Захаду, які, хоць і не задаволены яго аўтарытарызмам, у той жа час таемна заахвочвае беларускага прэзідэнта ствараць праблемы свайму найбліжэйшаму суседу.
«Эхо Кавказа» (Грузія)
Тут варыянтаў (эміграцыі Саакашвілі) не занадта шмат, але ёсць. Самы, мабыць, надзейны — адправіцца да сардэчнага сябра Лукашэнкі. Той напэўна прыме: па-першае, для таго, каб спадабацца Амерыцы, па-другое, для таго, каб паказаць дулю Расіі. Так што для Саакашвілі, несумнеўна, знойдзецца рэзідэнцыя дзе-небудзь па суседстве з іншым тытулаваным уцекачом — адстаўным лідарам Кіргізіі Бакіевым. Кампанія добрая, але і тут не ўсё гладка. Лукашэнка абіраецца на вечны тэрмін, але ці мала што... А калі самому тэрмінова давядзецца ратавацца, што тады рабіць? Ногі ў рукі — і на пару з Саакашвілі, тандэмам, з кур’ерскай хуткасцю? Але куды? Амерыцы не патрэбны Лукашэнка, Расіі не патрэбны Саакашвілі. Складанае жыццё лідараў, складанае і небяспечнае…
«Фокус» (Украіна)
Беларуская стабільнасць будавалася якраз шмат у чым на танных сацыяльных таварах, з-за чаго ўзнікала ілюзія сацыяльнай абароны. У той жа час увесь год кошты на асноўныя прадукты Беларусі растуць значна хутчэй за прыбыткі. Паводле Белстата, сярэдняя намінальная налічаная зарплата ў Беларусі з пачатку года вырасла на 15%, а кошты — мінімум на 40%. Беларусы бяднеюць і расчароўваюцца ва ўладзе.
«The New Times» (Расія)