Замежныя СМІ пра Беларусь: 23-30 кастрычніка

Яшчэ адно ноў-хаў Лукашэнкі — высоўванне фантастычных абвінавачванняў на адрас расійскіх бізнэсмэнаў. У канцы кастрычніка ён высунуў чарговую сенсацыю. Нейкія расійскія алігархі, быццам, прапанавалі яму таемнае пагадненне: прадаць прадпрыемства «Беларуськалій» за 15 мільярдаў долараў, з якіх 5 мільярдаў долараў узяць сабе. Як гэта было ўжо не раз, сенсацыя нарадзілася на сустрэчы менавіта з расійскімі журналістамі. Лукашэнка разлічвае зацягнуць Маскву ў чарговы штучны палітычны крызіс — проста гэтым разам не праз старую інтэграцыйную рыторыку, а праз маніпуляцыю «антыкарупцыйнай» тэматыкай. Да гэтага Лукашэнка актыўна імітаваў продаж «Беларуськалія» то кітайцам, то індыйцам. Ужо пасля трылера пра спробу подкупу беларускі лідар абвясціў, да здзіўлення ўдзельнікаў рынка, новы кошт на кампанію, аднамаментна павялічыўшы яе ў параўнанні з папярэдняй на чвэрць. Усе мэты дасягнутыя: народ Беларусі ведае, што Бацька адстойвае інтарэсы рэспублікі ў адносінах з «карумпаванай» Расіяй. «Профиль» (Украіна)

Паводле афіцыйнай інфармацыі, за 8 месяцаў 2012 года Следчы камітэт завяршыў вытворчасць па 34 тысячам крымінальных спраў. Мяркуючы па справаздачы, следчыя створанай год таму структуры штодня афармлялі для перадачы ў суд не меней за 140 крымінальных спраў з абвінаваўчым прысудам, з якіх толькі 10 разваліліся на дасудовай стадыі. У працы ў следства знаходзіцца яшчэ каля 65 тысяч крымінальных спраў. Такая статыстыка ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму выклікае трывогу, паколькі ў беларусаў практычна няма абароны ад судовай самаўпраўнасці. Беларусь — адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, якая не з’яўляецца сябрам Савета Еўропы, а гэта значыць, што яна знаходзіцца па-за юрысдыкцыяй Еўрапейскага суда па правах чалавека. Пра неабходнасць рэформаў у Беларусі кажуць ужо не толькі праваабаронцы, але і чыноўнікі.

«Deutche Welle» (Германія)


Спачатку была спроба дамовіцца з МВФ, якая не мела поспеху па палітычных матывах, затым Мінск спрабаваў зарабіць на кантрабандзе нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў у абыход расійскага бюджэту. Як ужо пісала НГ, Расія не толькі зачыніла гэту магчымасць, але і зусім скараціла аб’ёмы паставак нафты ў Беларусь. Замежныя інвестыцыі, якія маглі б вырашыць праблему беларускага безграшоўя, таксама ў краіну не ідуць па прычыне яе палітычнай ізаляцыі, а таксама высокіх эканамічных рызык, якія выкліканыя пастаянным і грубым умяшаннем дзяржавы ў эканоміку. Прадаваць уласнасць прэзідэнт Лукашэнка не дазваляе, паколькі баіцца разам з ёй страціць сваю ўладу».

«Независимая газета» (Расія)


Як бы ні вырашылася пытанне пра балансы, Беларусь у будучым годзе напэўна не атрымае такога тлустага кавалку, які атрымала ў першым паўгоддзі 2012-га дзякуючы бізнэсу на растваральніках. А значыць, рэсурсаў для росту ВУП будзе яшчэ менш. Менавіта таму Мінск у апошні час усё актыўней цікавіцца казахскай нафтай. Калі прававая база для казахска-беларускага нафтавага гандлю будзе створана, то адносіны паміж краінамі, верагодна, увойдуць у новую фазу, у якой Казахстану трэба будзе сцерагчыся «пастак» з растваральнікамі.

«Республика» (Казахстан)