Замежныя СМІ пра Беларусь: 21–26 ліпеня
У дыялогу з Беларуссю лепшага камунікатара, чым Літва, сёння дакладна няма. Пагадзіцеся, не кожны прэзідэнт еўрасаюзаўскай краіны знойдзе, пра што пагаварыць (прычым без перакладу) з Лукашэнкам на працягу трох з паловай гадзін.
І не кожная еўрасаюзаўская краіна сцяміла скарыстацца сітуацыяй — палітычнай і эканамічнай, — якая склалася вакол Беларусі, каб хуценька арганізаваць прасоўванне свайго бізнэсу ў Беларусь. ...Адна з задач літоўскага старшынства ў ЕС — не паўтарыць вопыт Варшаўскага саміту Усходняга партнёрства, калі з Мінску для ўдзелу ў саміце ніхто не прыехаў. Самы аптымальны варыянт, лічаць у Вільні, пайсці па сцэнары саміту Усходняга партнёрства ў Празе. Тады, нагадаю, міністр замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнберг перадаў запрашэнне Лукашэнку, але пры гэтым прыгожа патлумачыў, што Аляксандр Рыгоравіч асабіста — не самы лепшы прадстаўнік, улічваючы вядомы набор фактараў. Такім чынам, і эга Лукашэнкі можна задаволіць (маўляў, усё ж такі запрасілі асабіста яго), і ўдзел высокапастаўленага прадстаўніка з Мінска рэальна забяспечыць.
«Дзеркало Тиждня» (Украіна)
Варта нагадаць, што ўсю мінулую зіму, да 15 сакавіка 2013 года, беларускаму абывацелю ўлады распавядалі бясконцую займальную казку пра мільярды долараў, якія неабходна ўзяць у Расіі на «мадэрнізацыю» беларускай эканомікі. Прычым памяркоўнасць Расіі разглядалася завочна, дый ніхто Маскву пытаць і не збіраўся. Запланаваны крэдыт ужо паспелі нават размеркаваць. Ён павінен быў скласці тую самую славутую «падушку бяспекі» для стабільнага курсу беларускага рубля. Аднак з размеркаваннем відавочна паспяшаліся. Масква грошай не дала. Пра мадэрнізацыю зараз, натуральна, ужо забылі. Не да яе, калі дэвальвацыя насоўваецца, як цунамі.
politoboz.com (Расія)
Сённяшняя сітуацыя пацвярджае правільную думку экспертаў і беспадстаўнасць упартасці ўладаў Беларусі. Літаральна за два тыдні кошт долара ў банках пераадолеў псіхалагічны бар’ер у 9000 рублёў (8630 на канец мінулага года). Пры гэтым у сістэме webmany і на рынку (пры пераліку кошту тавару) долар дасягнуў 9500. Навучанае горкім вопытам 2011 года, насельніцтва стала ў чэргі да абменных пунктаў. Прычына такіх паводзінаў — дэвальвацыйныя чаканні і адсутнасць у насельніцтва даверу да ўлады, каментуюць сітуацыю эксперты. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка з прадстаўнічай дэлегацыяй вярнуўся з Кітая. Афіцыйныя прапагандысты з экранаў дзяржаўнага тэлебачання і старонак газет распавядаюць пра паспяховасць гэтага візіту — каля 30 дагавораў на суму 1,5 мільярда долараў, ды пра эфектыўнасць беларускай эканомікі ў цэлым. Аднак мясцовае насельніцтва не здымае пасты ля абменнікаў.
«Независимая газета» (Расія)
Брусель зрабіў крок насустрач Мінску — прыпыніў візавыя санкцыі ў дачыненні да кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея і запрасіў яго на працоўнае мерапрыемства кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін — удзельніц ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства». Але сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі не змянілася. На што спадзяецца Мінск, зацягваючы вырашэнне пытання аб свабодзе для сваіх апанентаў? На тое, што, сказаўшы «а», Еўрасаюз павінен сказаць і «б», і ўсё ж пайсці на скарачэнне «чорнага спісу» на чале з ізгоем-прэзідэнтам. Таму ўлады Беларусі гандлююцца. Перамовы пра лёс палітычных вязняў будуць весціся і падчас візіту ў Брусэль кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея. У той жа час з боку беларускіх уладаў было б вельмі неразумна ўпусціць дасягнутае ад вяртання да звыклай «палітыкі арэляў» у адносінах з Захадам. Як бы Мінск ні спрабаваў рабіць выгляд, што яго не цікавяць меркаванні еўрапалітыкаў, якія патрабуюць вызваліць крытыкаў рэжыму, палёт на адным расійскім крыле становіцца небяспечным.
«Deutsche Welle» (Германія)
Сноўдэн, які знаходзіцца цяпер у Маскве, атрымаўшы часовае пасведчанне ў Расіі, можа прыехаць у Беларусь, з якой у Расіі няма мяжы, а там ужо беларускія ўлады паспрыяюць адпраўцы яго ваенна-транспартным самалётам у Афрыку, а адтуль у Лацінскую Амерыку, дзе адразу тры краіны заявілі пра гатоўнасць даць Сноўдэну прытулак. Такі сцэнар разглядаюць у якасці магчымага і ў той жа час карыснага для Расіі. Расія не хоча быць відавочна ангажаванай у гісторыю са Сноўдэнам, каб не ствараць канфліктную сітуацыю з Вашынгтонам, які папярэдзіў, пра сур’ёзныя непрыемнасці.
«Radio France Internacional» (Францыя)