Замежныя СМІ пра Беларусь: 6–13 снежня
Ва Украіне ёсць «праявы лукашэнізацыі». Але мы ніколі не будзем Беларуссю! Беларусы, калі б’юць людзей, раствараюцца ў масе. Ва Украіне пабілі трыццаць — значыць, заўтра выйдзе на вуліцу мільён! Закрануць пяцьдзясят — будзе два мільёны! А там наадварот. Украінскае грамадства катэгарычна не прымае ўладу. А беларускае грамадства міла прымае патрыярхальны лад. «Главком» (Украіна)
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён катэгарычна супраць прыватызацыі Мінскага заводу колавых цягачоў з удзелам замежнага інвестара, які з’яўляецца спажыўцом. Лукашэнка фактычна адной фразай у чарговы раз перакрэсліў шматгадовыя дамоўленасці і высілкі ўрада, нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю ў краіне і гарачае жаданне Расіі, якое выяўляецца ў адпаведных дзеяннях, прасунуць нарэшце прыватызацыйныя праекты. Наўрад ці дзяржава не валодае інфармацыяй пра тое, што золатавалютныя рэзервы краіны змяншаюцца на вачах (мінус 1,6 мільярда долараў за год, да 6,4 мільярда долараў), існуюць праблемы з падпісаннем нафтавага балансу, а адпаведна, і з паступленнем гэтай стратэгічнай сыравіны на беларускія НПЗ, а беларускія прамысловыя гіганты губляюць расійскія рынкі.
«Независимая газета» (Расія)
Яму (Лукашэнку) не атрымоўваецца будаваць эканамічныя сувязі нават з дружалюбнымі дзяржавамі. Пра гэта сведчыць прыклад Турцыі. Таваразварот паміж дзвюма краінамі па-ранейшаму застаецца, па словах Лукашэнкі, «мізэрным». А інвестыцыі турэцкага бізнэсу ў Беларусь галоўным чынам зводзяцца да куплі сэксуальных паслуг у мінскіх забаўляльных установах. Насамрэч, у беларуска-турэцкіх адносін сапраўды ёсць немалы патэнцыял. Але рэалізаваць яго цяперашняя ўлада не ў стане. Нават з улікам таго, што Стамбул не мае палітычных рознагалоссяў з Мінскам, знайсці агульную мову ў эканоміцы бакі не могуць.Турэцкі аблом — гэта яшчэ адзін прысуд архаічнай сістэме, архітэктарам якой з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Эфектыўна супрацоўнічаць у яго не атрымліваецца ні з Захадам, ні з Усходам.
«Armenia Today» (Арменія)
Курманбек Бакіеў, што «нарабіў спраў і канцы ў ваду», цяпер працягвае, як і раней, жыць прыпяваючы. Курманбек Бакіеў вінаваты ў смерці сотняў нявінных людзей, аднак у жніўні 2010 года атрымаў беларускае грамадзянства і купіў, як кажуць, ханскі палац за 2 мільёна долараў. Сям’я Бакіевых 5 гадоў рабавала і раскрадала Кыргызстан, і да гэтага дня ўвесь народ праклінае яе, а зараз яна раздражняе беларусаў.
«Фабула» (Кыргызстан)
Асвятленне пратэстаў апазіцыі на Майдане ў дзяржаўных СМІ Беларусі адрозніваецца стрыманасцю і адсутнасцю звычайнай рэзкай антызаходняй рыторыкі. Мінск пралічыў, што падтрымка еўрапейскай інтэграцыі Кіева прынясе яму больш расійскіх прэферэнцый, якія прыйшлося б дзяліць з Украінай у выпадку яе ўступлення ў Мытны саюз. У сувязі з гэтым беларуская ўлада, якая не церпіць перамен, не стала крытычна ацэньваць украінскую рэвалюцыю.
«Deutsche Welle» (Германія)
У Беларусі няма фармальнай буржуазнай дэмакратыі і вольніцы са свабодай слова, накшталт украінскай. Таму ў Беларусі беларускія нацыяналісты, у адрозненне ад украінскіх нацыяналістаў, у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў не пайшлі на змову з камуністамі, мясцовым дырэктарскім корпусам па пытаннях буржуазнай прыватызацыі і нацыянальнага будаўніцтва. У той час як ва Украіне былыя камуністы і камсамольцы ў змове з нацыяналістамі ціха дамаўляліся, як дзяліць дзяржуласнасць, у Беларусі тым часам Зянон Пазьняк і БНФ страшылі камуністаў, чэкістаў, дырэктараў люстрацыямі, «нюрнбергскім трыбуналам», звальненнямі, беларусізацыяй і іншымі глупствамі.
«Хвиля» (Украіна)